Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валюты няма. Чакаем...


Валютны рынак Беларусі ўжо другі месяц у паралізаваным стане. Легальна набыць даляры ці эўра ў абменных пунктах амаль немагчыма, міжбанкаўская біржа замёрла ў чаканьні большай пэўнасьці, а на чорным рынку апэрацыі з валютай перавышаюць афіцыйны курс на 50—70%.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за сакавік страты камэрцыйных банкаў Беларусі перавысілі 40 мільёнаў даляраў і звыш 1 трыльёна рублёў — перадусім праз дысбалянс у апэрацыях куплі-продажу і дачасны разрыў дамоваў па валютных і рублёвых укладах. Прычым найбольш адметнай сталася апошняя дэкада месяца, калі беларусы набылі валюты на 263 мільёны даляраў, а прадалі ўдвая меней — 139 мільёнаў. Усяго за сакавік насельніцтва купіла валюты больш, чым прадало, на 718 мільёнаў даляраў.

Як вынік — практычна поўнае спыненьне актыўнасьці ў мінулым месяцы. Нацбанк перастаў прадаваць валюту для абменных пунктаў, але пры гэтым не сьпяшаецца праводзіць дэвальвацыю. Абменьнікі ж цяпер больш нагадваюць элемэнт дэкору, пры якім, збольшага па інэрцыі, дзяжураць тыя, хто спадзяецца набыць даляры ды эўра па нізкім курсе.

Як кажуць у банках, адмаўляцца ад абменьнікаў пакуль не плянуецца — ні ў мэтах эканоміі, ні нават дзеля бясьпекі. Даведзеныя да адчаю людзі часам даводзяць права на чаргу нават кулакамі. Вось што сказалі ў офісе Беларускага народнага банку:

"Не, у нас нічога не зачынялася, працуюць усе абменныя пункты. І, як і ўва ўсіх астатніх пунктах іншых банкаў, тая валюта, што прыходзіць, яна ў поўным аб'ёме прадаецца. То бок — тое, што здаюць фізычныя асобы, тое мы і прадаём".

Карэспандэнт: "То бок выпадкі, калі здаюць па афіцыйным курсе, ёсьць?".

"Так, ёсьць, вядома".

Карэспандэнт: "І ўсё ж колькасьць меншая, чым раней?".

"Натуральна, ніякага параўнаньня…".

Па зьвестках Нацбанку, у апошні тыдзень сакавіка банкі ў сярэднім прымалі штодня каля 20 мільёнаў даляраў, прадавалі ж амаль удвая больш — 37 мільёнаў. Цяперашняя статыстыка не агучваецца, але вядома, што ўнутраныя рэзэрвы банкаў на гэтыя мэты ўжо больш за месяц не выдаткоўваюцца.

Разам з тым, як распавядаюць сьведкі, міліцыя наладзіла зачыстку тэрыторый, дзе збор людзей вакол абменьнікаў непажаданы. Сюды, у прыватнасьці, трапілі Нацыянальны аэрапорт "Мінск", гатэлі і казіно. Там, як разьлічваюць "валютныя паляўнічыя", найбольшая верагоднасьць таго, што замежнікі, ня маючы альтэрнатывы ці баючыся зьвязвацца з валютчыкамі, будуць здаваць свае даляры і эўра. Наведнікі аэрапорту расказваюць, што міліцыянты наўпрост цікавяцца мэтай знаходжаньня на тэрыторыі лётнішча, і калі падстаў няма, могуць папрасіць пакінуць будынак.

Эканамічны аглядальнік Максім Крайні лічыць: пакуль праваахоўныя органы змагаюцца з шараговымі грамадзянамі, у ценявым сэктары хтосьці актыўна зарабляе:

"Відавочна, што хтосьці на гэтым добра зарабляе. Любы чалавек, які мае вышэйшую эканамічную адукацыю, разумее, што адбываецца самае дрэннае. На самой справе зарабляюць на чорным рынку ўсялякія нелегалы, якія там скупляюць даляры і эўра і пасьля перапрадаюць па спэкулятыўных коштах. Зь іншага боку — рынак, па сутнасьці, не працуе, бо дзяржава не атрымлівае ні падаткаў ад імпарту, ні прытоку сродкаў ад рэалізацыі прадукцыі. І ў такой сытуацыі нічога не застанецца, як нарэшце выканаць рэкамэндацыі Міжнароднага валютнага фонду і скараціць прыбыткі людзей да рэальных памераў. Калі раней мы папросту праядалі крэдытныя грошы, якіх не зараблялі, то цяпер няма іншага выйсьця, як урэзаць людзям заробкі. Няважна, у якой форме".

Ад неакрэсьленасьці на фінансавым рынку цярпіць усё больш суб'ектаў гаспадараньня. І хоць старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік у Дзень працы паставіў пад сумнеў зьвесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту — маўляў, згаданыя ведамствам 600 тысяч чалавек, выпраўленыя ў бестэрміновы адпачынак, насамрэч ня хочуць працаваць самі, — факты сьведчаць пра іншае. Як кажа намесьнік дырэктара прадпрыемства "Беларускае пітво" Зьміцер Дайнэка, адсутнасьць у вольным доступе валюты наўпрост адбіваецца на вытворчай сфэры:

"Канечне, нас гэта закранула, як і ўсіх іншых. Сытуацыя на нас адбілася нэгатыўна, гэта факт. Перадусім праблема разьлікаў. Патрэбна валюта, каб, напрыклад, за бутэльку з Украінай ці Расеяй разьлічыцца. Ня можам набыць тару. І тое, што аўтаматычна падвысіліся практычна на ўсё кошты — тыя самыя этыкеткі, корак, усё даражэйшае стала".

Карэспандэнт: "Адпаведна, не застаецца іншага выйсьця, як закладаць усё ў сабекошт?".

"Ну так. Адзінае, што ратуе, дык гэта экспарт, тое, што мы прадаём за валюту прадукцыю ў Эўразьвяз. Таму нам крыху лягчэй. Калі прыходзіць ад пакупнікоў валюта, то для сваіх разьлікаў, для інгрэдыентаў, для тары мы тады маем валюту".

Тым часам, Нацыянальны банк насуперак лёгіцы працягвае ўмацоўваць беларускі рубель. На 5 траўня вызначаны новы афіцыйны курс — 3007 рублёў за адзін даляр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG