Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.

Андрэй Дзьмітрыеў — не навічок у беларускай палітыцы. Але як публічная фігура — безумоўна, новы для яе пэрсанаж. Нечакана гучна ён заявіў пра гэта год таму. Што прынцыпова — не асабістымі прэтэнзіямі з трыбун ці фэйсбуку, а — тэхналёгіямі, якія забясьпечылі выніковасьць дзеяньняў.

Размова пра кампанію "Гавары праўду". Андрэй апынуўся ля самай крыніцы ініцыятывы, якая стала ўмомант вядомая не ў адной сталіцы, а ва ўсёй краіне, ня толькі палітычна ангажаванай публіцы, але і абыякавым да палітыкі шарагоўцам. Кампанія выклікала як цікавасьць, павагу, падтрымку, так і падазронасьць, пагарду, супрацьдзеяньне. Усё ў адным. І гэтае "адно" выявілася зусім новай і нечакана яскравай сілай.

"Тата, а чым гэта адрозьніваецца ад акупацыі?"

… Да палітыкі ён пачаў адаптавацца яшчэ падлеткам, у пераломныя 1990-я, на хвалі беларускага нацыяналізму. Яно й ня дзіва, калі ня ўлічваць, што юнак быў з "очень русской семьи". І надзвычай інтэлігентнай: ці здаралася вам бачыць, каб бацька, маці, сын сядалі вечарам разам ня дзеля прагляду моднага сэрыялу, а каб абмеркаваць ключавы ўрывак з кнігі? Найчасьцей — Пушкіна ці Чэхава. Хоць, зразумела, спасьцігалася і творчасьць іншых расейскіх геніяў.

І раптам — злом: Андрэй паступова стаў сьцьвярджацца ў думцы, што, трымаючыся выключна за сваю — расейскую — культуру, ягоныя бацькі робяць нешта ня тое… Здараліся моманты, калі яму падавалася, што тым самым Пушкіным яны, расейскія людзі, воляй лёсу прыбітыя да Менску, амаль прычыняюцца да… русыфікацыі Беларусі! Але ж ён, у адрозьненьне ад маці з татам, нарадзіўся менавіта тут, і Беларусь, а не Расея, — ягоная радзіма!

Адначасова хлопец усьведамляў: з аднаго боку, бацька, высокапастаўлены вайсковец, аніяк ня мог быць "акупантам", а з другога — вось такім, як у іхняй сям’і, сакралізаваным стаўленьнем да культуры Расеі і СССР падтрымліваецца сыстэма, якая нішчыць культуру беларускую.

Разам з Уладзімерам Някляевым


Сын вайскоўца, Андрэй вызваляўся ад школьнага вывучэньня "мовы". Аднак у 8 клясе на знак супрацьстаяньня сямейнаму культурнаму колу ён добраахвотна засеў за падручнік і пачаў дэманстратыўна дэклямаваць сваякам ужо ня Пушкіна, а — Багдановіча. Сямейныя спрэчкі падштурхнулі да спасьціжэньня глыбіні беларускай паэзіі і прозы. Дагэтуль памятае ўласнае адкрыцьцё Максіма Гарэцкага: ён жа ж не саступае майстрам эўрапейскага эсэ!

А капаючы гісторыю краіны, не аднойчы задаваўся пытаньнем: ну як жа так — на гэтай зямлі адбывалася столькі лёсавызначальнага, такія тут вялізныя магчымасьці былі, але… Ці не занадта часта не ўдавалася рэалізаваць бліскучыя ідэі? Чаму? Што перашкаджала? Як тое выправіць?

У пошуках адказу пачаў хадзіць на сходкі "Моладзі БНФ". Там захапляла цікавая атмасфэра, аднак адказаў на пытаньні неставала. Гэта астуджала палітычны імпэт. Да таго ж захваляваліся родныя: якраз тады бацька атрымаў новае прызначэньне — у Маскву, адпаведна, перад сынам адкрываліся бліскучыя пэрспэктывы: выбар стаяў паміж славутым унівэрсытэтам і Інстытутам міжнародных адносінаў… А юнак заўпарціўся, ды па такой шкале максымалізму, што ў сям’і паступова пагадзіліся з намерам сына застацца ў Менску, адно толькі выставіўшы ўзамен: аніякіх заняткаў палітыкай! Гэтае слова найперш асацыявалася ў іх зь небясьпекай.

Адначасова зьбіраў подпісы за Чыгіра, вывучаў Канта і асвойваў бізнэс

…А ў 20 гадоў Андрэю й без бацькоўскіх парадаў зрабілася не да палітыкі: нарадзіўся сын, і трэба было неяк карміць сям’ю. Адукацыю давялося спалучаць са спасьціжэньнем майстэрства выжываньня.

Хоць апошняе пры пэўных умовах магло лёгка стаць другаплянавым, а прыярытэт, наадварот, застаўся б якраз за вучобай. Рэч у тым, што Андрэй заключыў з бацькамі дакладную дамову: ён мае права жыць, як хоча, прымаць любыя рашэньні да той пары, пакуль сам зможа выжываць. А як дапамога ўсё ж спатрэбіцца — будзь ласкавы, прымі нашы правілы, узгадні свае пляны з нашымі поглядамі…



Нібыта лёгка і зручна было пайсьці на тое "ўзгадненьне", пагатоў яно, безумоўна, было б толькі на карысьць сыну. Але той упарціўся. Бо свабода прымаць рашэньні была для Андрэя ўжо тады найважнейшая.

У выніку адслужыў у войску, затым няблага асвоіўся ў бізнэсе, самастойна стаў, як кажуць, на рэйкі.

І тут — у галаве нарадзілася новая палітычная парадыгма. Яна грунтавалася не на адным толькі нацыянальным падмурку, а найперш на прызнаньні грамадзянскіх правоў і свабод.

На альтэрнатыўных выбарах Чыгіра ў 1999 годзе Дзьмітрыеў адшліфоўваў новую ідэю. Адначасова ён зьбіраў подпісы за Міхаіла Мікалаевіча, вывучаў Канта з Шапэнгаўэрам на філязофскім факультэце ЭГУ ды займаўся бізнэсам.



Падавалася, вось зараз, на стыку тысячагодзьдзяў, у яго з аднадумцамі зьявіўся сапраўдны шанец зьмяніць сытуацыю ў краіне — вунь жа як віруе жыцьцё! Аднак яно павіравала-павіравала ды вярнулася ў ранейшае рэчышча.

Расчараваньне… Роспач… Апатыя…

І новая спроба 25-гадовага маладога амбітнага чалавека зразумець расстаноўку сілаў, праверыць палітычныя тэхналёгіі ў рэжыме "рэальныя — нерэальныя" падчас "дзіўных" выбараў 2006-га.

— У прынцыпе я чалавек дзеяньня, — прызнаецца Андрэй, калі яго вінавацяць у залішняй, як некаторым падаецца, актыўнасьці. — Мне цікава правяраць веды практыкай. Я хачу ня толькі зразумець, што і як дзейнічае тэарэтычна, але пабачыць, якім чынам веды прыносяць вынік.

Менавіта дзеля таго, каб пабачыць урэшце, ці дае тэхналёгія плён, Дзьмітрыеў едзе ў Расею папрацаваць на выбарах ад Саюзу правых сілаў. Гэта быў карысны досьвед.

Часткова яго ўдалося абкатаць на беларускіх "парлямэнцкіх" выбарах.

Новыя партыйцы нагадваюць ранейшых камуністаў: гэта проста добрыя людзі…



Наступным лягічным крокам стала ўступленьне ў АГП, дзе праз год ён узначаліў раённую суполку.

Першае, што зрабіў тады, у 2001—2002 годзе, — паспрабаваў асабіста вызваніць партыйцаў, якія былі на ўліку ў арганізацыі, сустрэцца і пагаварыць зь імі.

— Я ўвачавідкі сутыкнуўся з апатыяй, якая й сёньня ў шмат якіх палітычных колах. Партыя тады пастанавіла зьбіраць ахвяраваньні — нешта каля 10 даляраў у год. Дык вось, са 100 чалавек, якіх абышоў асабіста, грошы здалі партыйцаў 10, прычым некаторыя зрабілі гэта за два заходы, па 5 баксаў… Астатнія наагул казалі, што лічба "непад’ёмная", што ў АГП яны ўступалі пры іншых умовах, у іншай сытуацыі, а цяперака ўжо нецікава, бо тое сяброўства стала непэрспэктыўным. Ну, а партыя? Партыя мусіць сама сябе забясьпечваць, а не за кошт сябраў!

Энтузіязму паменела, але жаданьне працаваць, прыдумляць нешта новае, каб выправіць становішча, заставалася. Як ні дзіўна, гэты малады чалавек з досьведам удалага вядзеньня бізнэсу ня страціў рамантычнага погляду: спадзяваўся, у прыватнасьці, што для шарагоўцаў стане ўзрушэньнем… выдача партыйных білетаў!



Але — як кажуць, аблом чаканьняў… І Дзьмітрыеў прыйшоў да высновы: у асноўным усе яны выдатныя людзі, аднак ніколі не былі сапраўднымі партыйцамі — ну, у пэўным сэнсе, як камуністы 1980-х!

Што ж тады зрабіць, каб партыя была жывой структурай, каб яна разьвівалася ў адпаведнасьці зь лёгікай сытуацыі? Ён прыдумляў новыя праекты, хады, аднак на выхадзе быў мізэр.

У выніку прыйшоў да высновы, верным якой застаецца па сёньня: прычына застою ў той самай АГП — адсутнасьць магчымасьцяў асабістага разьвіцьця, росту. Ва ўмовах, калі партыя па-за сыстэмай, калі яе не пускаюць у сыстэму — у парлямэнт той самы, не адбываецца абнаўленьня. І ў выніку, лічыць Дзьмітрыеў, здараецца самае страшнае: ты не расьцеш, бо няма сур’ёзных выклікаў. Не, тут няма віны партыйнага кіраўніцтва — проста так складаецца сытуацыя ў краіне.

Аднак зьмірыцца зь бязьдзеяньнем ён ужо ня мог: партыя, калі яна ёсьць, ня можа існаваць проста як клюб аднадумцаў. Вядома, можна чакаць мітычных пераменаў: маўляў, зьменіцца сытуацыя, застой пройдзе…

Але чакаць ужо не выпадала.

Усё сур’ёзна — па вераб’ях так ня лупяць…

Зноў з галавой у бізнэс — адзіную сфэру, якая існуе толькі працэсам пэрманэнтнага дзеяньня і разьвіцьця. Там — ці выйграў і атрымаў вынік, ці прайграў — а каб не прагарэць, трэба хутчэй мяняцца, інакш справа памрэ. Ён займаўся бізнэсам ня толькі таму, што патрабаваліся сродкі для існаваньня. Найперш — ад разуменьня: такім чынам можна разьвіць у сабе неабходныя для палітыка якасьці.

На гэткім тле яму падавалася, што і ўлада, і апазыцыя ў Беларусі нечым падобныя ў сваім традыцыйным супрацьстаяньні. Бо і там, і там бясконца трымаліся нейкіх нагуляных правілаў.

А вось бізнэс — іншае: тут свабода выбару, манэўру і, як ні дзіўна, творчасьці.

Зьезд АГП. Андрэй Дзьмітрыеў зачытвае пасланьні ад эўрапейскіх партый


І ўсё ж ад спраў партыі Дзьмітрыеў далёка не адыходзіў. У 2007-м стаў міжнародным сакратаром АГП, што дало магчымасьць зносінаў з заходнімі партнэрамі. Тут нечакана для сябе зразумеў: шмат хто зь іх бачыць Беларусь і апазыцыю ў нерэальным сьвятле, так, як ім бы самім таго хацелася. Напрыклад, шмат якія донары падтрымліваюць канкрэтныя апазыцыйныя фігуры — тых, з кім звыкліся, спрацаваліся. А ў выніку фінансаваліся праграмы звыкла-фармальныя, якія мелі мала агульнага з тым, што магло б рэальна зьмяніць сытуацыю.

Падавалася, уплывовыя замежнікі вельмі часта не разумеюць, што большасьць беларускіх "дэлегатаў" размаўляе зь імі на загадзя прапанаванай мове. І калі нехта раптам спрабаваў зьмяніць фармат зносінаў, каб вярнуць суразмоўцаў на зямлю, ён, хутчэй, рабіўся ворагам большай часткі ўдзельнікаў дыялёгу — з абодвух бакоў.

Не адразу, аднак Дзьмітрыеў парушыў традыцыю размовы з Захадам на фармалізаванай мове.

У прынцыпе, ён асабіста няшмат страчваў ад такой рызыкі: палітыка не была для яго сродкам існаваньня.

— Вядома, многім падавалася дзіўным, што нехта дае грошы, а мы ў адказ: вы няправільна ацэньваеце нашу сытуацыю і падказваеце няправільны альгарытм дзеяньняў… Разумееце, нашы людзі няздольныя гаварыць так нават унутры сваіх партый!



Перад выбарамі-2010 Дзьмітрыеў ня меў асаблівага энтузіязму. Меркаваў, што яны пройдуць яшчэ горш, чым папярэднія, калі народ нечакана падтрымаў апазыцыю, а тая не зразумела, што з гэтым рабіць.

І менавіта тады, калі пра рэальную палітыку думалася менш за ўсё, лёс зьвёў з Аляксандрам Фядутам. Пазнаёміцца хацеў даўно: чытаў ягоныя кнігі, блог, а тут раптам выйграў прыдуманы палітолягам конкурс. Прызам сталі кніга з аўтографам і абед на дваіх.

Падчас нечаканага знаёмства зразумелі: шмат што яны ацэньваюць аднолькава, супалі погляды на разьвіцьцё прынцыповых палітычных момантаў, ёсьць разуменьне ў аналізе сытуацыі ўнутры ўлады і апазыцыі, дзяржавы ў цэлым.

Паступова, аднак хутка прыйшлі да высновы: можна паспрабаваць зрабіць нешта прынцыпова новае — ня партыю, а ініцыятыву ці грамадзкую кампанію. Так зьявілася "Гавары праўду".

Што важна: незалежна ад супрацьлеглых ацэнак, яе ўспрымалі такой пляцоўкай, якая прынцыпова адрозьнівалася ад традыцыйных апазыцыйных структур.

"Гавары праўду" не падавалася жорстка ідэалягічнай, бо яе арганізатары стаялі на цьвёрдым перакананьні: ва ўмовах адсутнасьці парлямэнту важна аб’яднаньне людзей па прынцыпу еднасьці ў разуменьні галоўнага — краіна павінна разьвівацца інакш.

Па выхадзе з турмы 21 траўня 2010 году





Наступнае важнае адрозьненьне — прынцыпова новы лідэр, не з традыцыйнай кадравай абоймы.

Да таго ж Дзьмітрыеў ці не ўпершыню за ўвесь час існаваньня праграмаў дэмпартый і рухаў у Беларусі загаварыў пра варыятыўнасьць палітычных стратэгій. І вылучэньне лідэра кампаніі ў прэзыдэнты — усяго толькі адна з варыяцый разьвіцьця "Гавары праўду".

Кампанія рабіла вельмі шмат інавацыйных для Беларусі рэчаў, якія дагэтуль апазыцыі рабіць было, як кажуць, "у лом", і тым самым зусім не дадавала сабе сяброў ці хаўрусьнікаў у дэмакратычным асяродку. Прычым размова не пра нейкія асобныя яскравыя ўспышкі альбо рэдкія ініцыятывы. Вартасьць "Гавары праўду" — не пераставаў цьвердзіць Дзьмітрыеў — у тым, што яна масава і мэтанакіравана імкнулася далучаць да сваёй дзейнасьці насельніцтва, уцягваць яго праз вырашэньне лякальных задач і праектаў у разуменьне тыповых праблем краіны. І свайго каманда дасягала.

Андрэй Дзьмітрыеў, Сьвятлана Навумава, Сяргей Вазьняк. Люты 2011 году


Пасьля пагрому кампаніі 18 траўня 2010 году Дзьмітрыеў зразумеў: усё сур’ёзна — па вераб’ях так ня лупяць… Менавіта тады стала ясна: стратэгія "Гавары праўду" на пачатак незваротных зьменаў у краіне — слушная.

Варвара Котава, актывістка кампаніі "Гавары праўду"



Усе партрэты на фоне кратаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG