Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны валютны фонд (МВФ) лічыць неабходным вызваліць Нацыянальны банк Беларусі ад дыктату адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду.

МВФ рэкамэндуе ўраду Беларусі прыступіць да пераходу ад камандна-адміністрацыйнага кіраваньня эканомікай да рынкавых інструмэнтаў эканамічнай палітыкі. Першымі крокамі ў гэтым накірунку можа стаць зьмена існай грашова-крэдытнай палітыкі. Аднак пры гэтым дзяржаве прыйдзецца адмовіцца ад шэрагу упадабаных звычак, перадае tut.by.

Падчас зімовых кансультацый экспэрты МВФ рэкамэндавалі ўладам Беларусі прыняць стратэгію на аснове гнуткасьці абменнага курсу беларускага рубля. У беларускім урадзе пагадзіліся з гэтай парадай і запыталі тэхнічную дапамогу ў МВФ. Экспэрты Фонду ацанілі гатоўнасьць Беларусі да падобных пераўтварэньняў і выказалі свае заўвагі на гэты конт.

Яны скрытыкавалі апэрацыйную залежнасьць цэнтральнага банку ад рашэньняў адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду, дамінуючую ролю дзяржаўнага фінансаваньня, непразрыстасьць ў правядзеньні і ацэнцы мер грашова-крэдытнай палітыкі.

Экспэрты МВФ адзначылі, што амаль палова сукупнага крэдыту банкаўскай сыстэмы даецца ў рамках крэдытаваньня па дзяржпраграмах. Яны таксама падкрэсьлілі, што фінансавая сыстэма Беларусі характарызуецца высокай ступеньню далярызацыі, што абцяжарвае дасягненьне Нацбанкам мэтавага ўзроўню інфляцыі пры дапамозе яго звычайных інструмэнтаў праз працэнтныя стаўкі". Нарэшце, "з прычыны недастатковай глыбіні валютных рынкаў, нават адносна невялікія сумы спэкуляцыйных патокаў капіталу могуць моцна паўплываць на рынак і курс нацыянальнай валюты".

Экспэрты фонду раяць ўмацаваць апэрацыйную незалежнасьць Нацбанку. Гэта значыць, што ніхто ня можа ўказваць кіраўніцтву Нацбанку ўключыць друкаваны станок для зьняцьця напружаньня ў бюджэтнай сфэры.

Экспэрты фонду раяць ўнесьці зьмены ў заканадаўства, якія дазволяць Нацбанку засяродзіцца "на стабільнасьці цэн замест стабільнасьці абменнага курсу".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG