Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Баўгарыі адклікаў на радзіму 13 паслоў-“сексотаў”


Як паведамляюць баўгарскія СМІ са спасылкай на прадстаўнікоў МЗС краіны, рашэньне прадыктавана тым, што ў мінулым адкліканыя дыпляматы супрацоўнічалі са спэцслужбамі камуністычнай Баўгарыі. Паведамляецца, што ў лік адкліканых трапіў і Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Баўгарыі ў Беларусі Захары Міцеў Радукаў.

Паводле агенцтва “Delfi”, баўгарская нацыянальная тэлекампанія і іншыя сродкі масавай інфармацыі пры гэтым цытуюць прадстаўніка МЗС Веселу Чэрнэву, якая адзначыла: тое, што адбываецца, не зьяўляецца афіцыйным адкліканьнем паслоў, паколькі гэта можа зрабіць толькі прэзыдэнт сваім указам.

У сьнежні спэцыяльная камісія апублікавала сьпіс з больш чым 190 імёнаў дыпляматаў, якія, як сьцьвярджалася, у мінулым працавалі або супрацоўнічалі са спэцслужбамі Народнай Рэспублікі Баўгарыі.

Як паведамляе агенцтва “Associated Press” са спасылкай на баўгарскі партал Novinite.com, у чэрвені ў Сафію вернуцца паслы зь Лёндану і Масквы.

Паводле інфармацыі той жа крыніцы, у аўторак у Баўгарыю прыбылі амбасадары краіны, якія працавалі ў Беларусі, Босьніі, Нямеччыны, Грэцыі, Грузіі, Кітаі, Літве, Македоніі, Румыніі, Сэрбіі, Швэцыі, а таксама пры ААН і ЮНЭСКА.

Прэзыдэнт краіны Георгій Парванаў, якога ў 2006 годзе самога абвінавачвалі ў супрацоўніцтве са спэцслужбамі, выступае супраць павальнага адкліканьня амбасадараў, настойваючы на тым, што кожны выпадак павінен разглядацца індывідуальна.
XS
SM
MD
LG