Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь правераць стрэс-тэстам?


Вальдэмар Паўляк

Вальдэмар Паўляк

Апроч тэставаньня бясьпекі існуючых АЭС у Эўразьвязе і суседніх краінах, павінен быць выкананы перагляд тэхналёгіі на плянаваных электрастанцыях у Расеі і Беларусі, -- заявіў ПАП віцэ-прэм’ер Польшчы Вальдэмар Паўляк пасьля нарады ў справах энэргетыкі ЭЗ.

У панядзелак і аўторак падчас нефармальнай нарады міністраў энэргетыкі ў Будапэшце Эўракамісія ўпершыню прадставіла праект "Energy Roadmap 2050" – энэргетычнай стратэгіі Эўразьвязу да 2050 году. У нарадзе ўдзельнічаў віцэ-прэм’ер і міністар гаспадаркі Польшчы Вальдэмар Паўляк.

“Да гэтай стратэгіі мы далучылі польскую прапанову, датычную зьнешняй энэргетычнай палітыкі ЭЗ. Гаворка ня толькі пра бясьпеку паставак, але і пра нормы бясьпекі ядзерных установак, ня толькі на тэрыторыі ЭЗ, але і ў суседніх краінах”, -- сказаў пасьля паседжаньня ў аўторак Паўляк. Ён дадаў, што крытэрыі эўрапейскіх тэстаў будуць гатовыя да канца траўня, а ад паловы году мелася б пачацца тэставаньне атамных электрастанцыяў у Эўразьвязе.

Так званыя стрэс-тэсты – гэта ініцыятыва, узгодненая паміж краінамі ЭЗ і Эўракамісіяй пасьля аварыяў на японскай АЭС Фукусіма.

“Апроч тэставаньня бясьпекі існуючых АЭС, павінен быць выкананы перагляд тэхналёгіі на плянаваных электрастанцыях у Расеі і Беларусі”, -- дадаў Паўляк. Ён падкрэсьліў, што Францыя і Літва выказаліся за тое, каб абавязкова прапанаваць нормы ядзернай бясьпекі суседнім краінам.

Расея плянуе пабудаваць АЭС у Калінінградзе пры мяжы з Польшчай, таксама яна збудуе АЭС у Беларусі, 50 км ад Вільні. Гэтыя праекты выклікаюць непакой у зьвязку зь іхнай бясьпекай.
XS
SM
MD
LG