Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
На Радаўніцу вёска Савічы Брагінскага раёну, адселеная ў 86-м годзе пасьля Чарнобыльскай катастрофы, ажывае. Сюды зьяжджаюцца былыя яе жыхары з розных куткоў Беларусі, а таксама Ўкраіны, Расеі. Разам з двума дзясяткамі самасёлаў яны наведваюць могілкі, каб ушанаваць памяць продкаў, што засталіся навечна ляжаць у зьнявечанай радыяцыяй зямлі.

Ніна Голік прыехала ў Савічы зь вёскі Зарэчча Рагачоўскага раёну. Туды яе сям’ёй перасялілі чвэрць веку таму, калі ў Савічах з-за радыяцыі стала жыць небясьпечна. На тутэйшых могілках, аднак, пахавана яе маці, іншыя сваякі. Таму й сьпяшаецца кабета кожны год у родную вёску:

«У мяне во тут мама пахавана. І ўся радня — па дзясятае калена. Да Гомеля едзем сяк-так, а ад Гомеля ўжо разрываецца сэрца. І назад едзем, то ня бачым дарогі з-за сьлёз. Вельмі цяжка, вельмі цяжка».

Ніна Голік з сяброўкай Надзеяй

Магілку маці спадарыня Ніна прыбрала, паклала на сподачак пафарбаваныя яйка й велікодны пірог, і зараз са знаёмай аднавяскоўкай Надзеяй за самаробным столікам памінаюць родных.

Радаўніца ў «зоне» гэта яшчэ й нагода пабачыцца з былымі вяскоўцамі — з адным жылі па суседзтве, зь іншымі — хадзілі ў школу, сябравалі.

Апавядае настаўнік з Магілёва Аляксандар Буйневіч, які нарадзіўся й вырас у Савічах. Адсюль паехаў вучыцца у інстытут:

«Тут у мяне не пахаваны ніхто. Бацька родам адсюль, але ён пахаваны ў іншай вёсцы. А прыяжджаю таму, што „трэба дома бываць часьцей, трэба дома бываць ня госьцем, каб душою не зачарсьцьвець, каб ня страціць сьвятое штосьці“. Вось гэтыя словы Рыгора Барадуліна цягнуць мяне мацней за ўсё на сваю радзіму. Каб пабачыць родных, сяброў, усіх тых блізкіх і дарагіх людзей, зь якімі прайшло дзяцінства і якія выхоўвалі мяне як чалавека».

Аляксандар Буйневіч

Могілкі ў выселеных Савічах усё яшчэ папаўняюцца сьвежымі магіламі. Аднак некаторыя былыя вяскоўцы заяўляюць, што будуць наказваць сваім дзецям, каб іх тут больш не хавалі. Цяжка дабірацца ў адселеныя вёскі, і могілкі тут прыходзяць у заняпад.

Надзея Карпенка з Буда-Кашалёўскага раёну згадвае, як праз два гады пасьля Чарнобылю прывозіла хаваць сюды свайго мужа — былога намесьніка старшыні тутэйшага калгасу Васіля Карпенку:

«Памёр — дык нельга было давезьці сюды. Бегала, бегала — хто ж завязе? Ён быў партыйным да самай сьмерці. Усё казаў мне: нясі партыйныя складкі. Я пытаюся: нашто яны табе, хвораму? Але ж насіла. Муж наказаў прывезьці на могілкі ў родную вёску. І сабе месца заняла. Але я сюды ўжо не паеду».


Пэнсіянэрка кажа, што мясцовым уладам трэба таксама падтрымліваць парадак на пагостах у «зоне» — ламачча вывозіць, высякаць самасейны лес.

Пра гэта гаворыць і Тамара Грэсь з Кобрыня, якая прыехала на Радаўніцу наведаць могілкі родных у вёсцы Двор Савічы.

«Да Радаўніцы пажадана, каб камунгас ці сельсавет падчышчалі могілкі. З гадамі тут магілкі старыя падаюць, зарастае ўсё арэшнікам, сьлівы дзікія палезьлі. Прыяжджаем, высякаем, але ж ламачча застаецца. Пажадана, каб тут быў крыху лепшы парадак».



XS
SM
MD
LG