Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сёньня спаўняецца 220 гадоў канстытуцыі Рэчы Паспалітай, якая была прынятая 3 траўня 1791 году. У Беларусі гэтая дата ніяк не адзначаецца.

Тым часам прэзыдэнт ЗША Барак Абама і дзяржсакратар Гілары Клінтан выказалі Польшчы свае віншаваньні з нагоды гэтага сьвята, -- паведамляе ПАП.

“Ад імя амэрыканскае нацыі пасылаю мае найлепшыя пажаданьні ўсім, хто сьвяткуе польскае сьвята канстытуцыі 3 траўня – тут у Амэрыцы, у Польшчы і па ўсім сьвеце”, -- сказаў Абама ў адмысловым звароце і дадаў, што з часу ўхваленьня гістарычнай канстытуцыі ў 1791 годзе “польскі народ перажыў вялікія трагедыі, але яго трывучасьць сталася натхненьнем і надзеяй для народаў усяго сьвету”.

Падобныя пажаданьні з нагоды сьвята выказала і дзяржсакратар Гілары Клінтан. “Тая канстытуцыя, якая дала фундамэнтальныя свабоды польскай нацыі, гэта даніна вашай багатай гісторыі і няспыннаму імкненьню да большай вольнасьці і посьпеху”, -- сказала дзяржсакратар.

Тым часам у Літве, якая 220 гадоў таму ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, з адмысловай заявай выступіў старшыня камітэту замежных справаў літоўскага сойму Эмануэліс Зінгерыс. Ён заклікаў годна ўшаноўваць важную гістарычную дату.

На думку Зінгерыса, канстытуцыя 3 траўня была “вялікім дасягненьнем прагрэсіўнай палітычнай думкі ў Літве і Польшчы, зрабіла ўплыў на грамадзка-палітычнае разьвіцьцё ня толькі на абедзьве гэтыя краіны, але і на ўсю Эўропу”.

Некалькі гадоў таму Літва ўстанавіла сьвята 3 траўня, але не зрабіла яго вольным ад працы днём. Пакуль у Літве няма ніякіх традыцыяў, зьвязаных з гэтай датай. Частка літоўскага грамадзтва па-ранейшаму лічыць, што канстытуцыя 3 траўня запачаткавала працэс страты незалежнасьці Літвы, -- паведамляе ПАП.

У Беларусі, якая 220 гадоў таксама ўваходзіла ў склад фэдэратыўнай Рэчы Паспалітай і жыла паводле канстытуцыі 3 траўня, гэтая дата засталася незаўважанай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG