Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабутан просіць міністра прызнаць сваё адлічэньне палітычным


Сябра Маладога фронту Яўген Скрабутан зьвяртаецца да міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з просьбай прызнаць ягонае адлічэньне з унівэрсытэту палітычна матываваным і перагледзець гэтае рашэньне. Скрабутан падмацоўвае неаднаразовымі выказваньнямі міністра ў СМІ пра тое, што ў Беларусі студэнтаў не адлічаюць па палітычных матывах.

Скрабатуна адлічылі з Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы ў той час, калі Маскевіч зьяўляўся рэктарам гэтай ВНУ.

«Я думаю, Вы памятаеце зацікаўленасьць прарэктара па навучальнай і выхаваўчай працы Бадзюковай Т.А. ў тым, каб я ня быў студэнтам ГрДУ, і гэта можа пацьвердзіць амаль кожны выкладчык аддзяленьня беларускай філялёгіі,» — піша да міністра маладафронтавец.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году ва ўніверсытэце пачаліся ўзмоцненыя праверкі прысутнасьці студэнтаў на занятках. Пэрыядычна вывешвалі доўгія сьпісы сыстэматычных «прагульшчыкаў» заняткаў, прозьвішча Скрабутана ў гэтых сьпісах не было, і папярэджанняў з боку дэканату за непрысутнасьць на занятках на працягу сэмэстру Яўген ня меў.

Афіцыйнай зачэпкаю для адлічэньня сталася адміністрацыйнае правапарушэньне — 12 студзеня 2006 году юнак быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі з агітацыйнымі каляндарыкамі з Аляксандрам Мілінкевічам.

Аднак зімовую сэсію Скрабутан здаў своечасова. «Вельмі дзіўным і нелягічным зьяўляецца факт адлічэньня студэнта акурат пасьля допуску да навучаньня ў наступным сэмэстры», — піша Яўген Скрабутан у звароце.

Загадам рэктара № 12 ад 17.02.2006 году Скрабутан быў адлічаны зь ліку студэнтаў філялягічнага факультэта. На шэраг зваротаў ва ўнівэрсытэт і Міністэрства адукацыі пра незаконнасьць адлічэньня быў дадзены адказ, што Скрабутана адлічылі за сыстэматычнае парушэньне правілаў унутранага распарадку, піша прэсавая служба Маладога фронту.
XS
SM
MD
LG