Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Зараз цяжка казаць, да якіх наступстваў прывядзе забойства біл Лядэна. Вынікам суду над Садамам Хусэйнам і яго пакараньнем сьмерцю ня стала істотнае зьніжэньне ўзроўню палітычнага гвалту ў Іраку. Забойства Шаміля Басаева прывяло да пэўнага скарачэньня тэрарыстычнай актыўнасьці, прынамсі з таго часу не было мегатэрактаў, кшталту захопу тэатру «Норд Ост» і школы ў Беслане.

Можа быць так, можа быць гэтак. З той інфармацыі, якая вядомая, «Аль Каіда» - сеткавая, а не герархічная структура, бін Лядэн быў хутчэй яе сьпікерам, тварам, фірмовым знакам, у лепшым выпадку каардынатарам, а не адзіным лідэрам, кіраўніком. Безумоўна, на ім замыкалася шмат сувязяў, у тым ліку і фінансавых, ня выключана, што ён быў непасрэдным арганізатарам, «канструктарам» многіх тэрарыстычных нападаў і зь яго зыходам многія фінансавыя і арганізацыйныя схемы тэрору могуць разладзіцца.

Амэрыканскія ўлады зусім не знаходзяцца ў стане эўфарыі, прэзыдэнт Абама падкрэсьліў, што змаганьне з тэрарызмам працягваецца, ня выключана, што «Аль Каіда» будзе помсьціць, у пасольствах ЗША па ўсім сьвеце абвешчаныя дадатковыя меры бясьпекі.

Але відавочныя наступствы сымбалічныя і псыхалягічныя. Пра іх ужо сказаў былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, які падкрэсьліў, што забойства бін Лядэна – сьведчаньне таго, што справядлівасьць раней ці пазьней перамагае, што за злачынства раней ці пазьней даводзіцца несьці адказ.

Бін Лядэн шмат разоў пасылаў сьмерць, на гэты раз яна прыйшла за ім. Сьмерць за сьмерць.
Магчыма, насамрэч бін Лядэн быў у значнай ступені спараджэньнем мэдыяў, яны зрабілі яго сусьветным тэрарыстам №1. Але мэдыі глядзяць, слухаюць і чытаюць усе – бін Лядэн быў сымбалем, хіба не сынонімам «Аль Каіды», яго няўлоўнасьць – знакам няўлоўнасьці і моцы сусьветнай тэрарыстычнай сеткі.

І адпаведна ягоная гібель – гэта і гібель, ну па меншай меры моцны ўдар па міту аб гэтай няўлоўнасьці і моцы міжнароднага тэрарызму.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG