Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаляк: Аўтарытарны рэжым закручвае гайкі больш, чым ёсьць разьбы


Міхаіл Падаляк

Міхаіл Падаляк

Недыпляматычныя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, кінутыя на адрас цэлых дзяржаваў і асобных кіраўнікоў высокага рангу, выклікалі ня толькі хвалю абурэньня, але і спробу разабрацца: чаму лідэр краіны, якая не ўваходзіць у лік стратэгічных гульцоў нават у сваім рэгіёне, дазваляе сабе падобныя вольнасьці? Ці не найбольш у гэтым сэнсе актыўнічаюць украінскія аналітыкі: нягледзячы на палітычныя разыходжаньні, яны кінуліся абараняць абвінавачанага ў «вашывасьці» прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

Дык ці варта весьці шырокі дыялёг з Лукашэнкам, які сваімі эмацыйнымі заявамі ўскладніў і без таго ня самае зайздроснае становішча дзяржавы? Свае меркаваньні адносна зьнешнепалітычнай сытуацыі, у якой апынулася Беларусь, выказвае кансультант па інфармацыйных стратэгіях, шэф-рэдактар грамадзка-палітычнага інтэрнэт-рэсурсу «Обозреватель» Міхаіл Падаляк.

— Міхаіл, пачнём з таго, што роўна сем гадоў таму, у траўні 2004-га, ты быў дэпартаваны зь Беларусі якраз на той падставе, што дазваляў сабе «антыдзяржаўную рыторыку» на старонках газэты «Время», якую тады рэдагаваў. Тэрмін дэпартацыі скончыўся празь пяць гадоў, у 2009-м. То бок фармальна мог бы вярнуцца ў Беларусь?

— Ня мог бы. Таму што я быў дэпартаваны па спэцыяльным артыкуле, які ўвялі задняй датай — «пагроза нацыянальнай бясьпецы». І дзеля таго, каб потым уехаць у краіну, зь якой быў дэпартаваны (прынамсі, як у Беларусі лічыцца) паводле гэтага артыкулу, ты мусіш афіцыйна зьвярнуцца ў інстанцыі. Таму што статус іншы: гэта ня проста дэпартацыя па факце нейкіх эканамічных нюансаў ці на падставе парушэньня заканадаўства, якое рэглямэнтуе жыцьцё замежных грамадзянаў, а гэта пагроза нацыянальнай бясьпецы. Гэта кшталту шпіёна, якога выслалі з краіны, а шпіён назад ужо ня можа вярнуцца. Толькі калі сама дзяржава дасьць яму дазвол туды заехаць — пасьля таго як ён ужо скончыў быць «шпіёнам». То бок я неўязны ў Беларусь пажыцьцёва, прынамсі пры праўленьні Аляксандра Рыгоравіча.

— Тым ня меней, цікавасьць да Беларусі застаецца, пра што сьведчыць і твой сайт кompromatby.com, і адпаведныя публікацыі на obozrevatel.ua.

— Інтарэс, безумоўна, ёсьць. І вялікі. Па-першае, вялікі кавалак жыцьця прысьвечаны Беларусі. Па-другое, там шмат сяброў. Па-трэцяе, да гэтага часу лічу, што гэта выдатная краіна ў цэлым. Па асобных пазыцыях ёсьць нюансы, але ў цэлым краіна цудоўная. Па-чацьвёртае, шчыра кажучы, вельмі шкада, што ў краіне, дзе ёсьць вельмі шмат пэрспэктыўных людзей, яны ня могуць рэалізавацца. Пры тым, што я якраз займаюся тэхналёгіямі, якія дазваляюць людзям рэалізавацца.

Што тычыцца ацэнкі таго, што адбываецца. Адназначна: гэта клясычная, стандартная паранойя аўтарытарнага рэжыму, які шчыра неперакананы ў тым, што ён кантралюе сытуацыю. І ў гэтым няма сумневу. То бок заўсёды перад тым як пасьці любы аўтарытарны рэжым намагаецца закруціць гайкі больш, чым ёсьць разьбы ў гэтых гайках. І вось зараз гэта адбываецца. Гэта адназначная прыкмета таго, што сьмерць наступае ў рэжыму. Літаральна ўжо дыханьне яе адчуваецца; ня ведаю, якое — Чэйна-Стокса, перарывістае ці яшчэ якоесьці паўкаматознае, але сыстэма памірае. Сыстэма, якая неадэкватна рэагуе на грамадзкія выклікі, аддае душу. А тое, што адбывалася 19 сьнежня, альбо да таго дня — гэта нават у рамках Беларусі абсалютна нармальны грамадзкі выклік, проста пытаньні, якія былі зададзеныя. Яны ніякім чынам не артыкуляваліся ў сілавым варыянце. І, адпаведна, калі аўтарытарны рэжым рэагуе такім чынам на гэтыя выклікі, то, зразумела, што гэта прыкмета страху. А страх — гэта пачатак канца.

— Апанэнтам рэжыму дасталася і падчас папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі, але маштабы «зачысткі» былі ўсё ж больш сьціплыя…

— Так, сыстэма яшчэ пяць гадоў таму не баялася. То бок яна была часткова ўпэўненая ў тым, што любыя выклікі можа пагасіць. Зараз сыстэма не перакананая ў тым, што здолее іх спыніць. І, адпаведна, лічыць, што калі яна будзе запалохваць, будзе пастаянна закручваць, будзе зьнішчаць — не ў наўпроставым фізычным сэнсе, а ў пляне маральным, — то такім чынам яна нібыта працягне крэдыт уласнага існаваньня. Нічога падобнага. На самой справе яны зараз зрабілі нават больш, чым увесь апазыцыйны рух на працягу апошніх 15 гадоў.
На самой справе яны зараз зрабілі нават больш, чым увесь апазыцыйны рух на працягу апошніх 15 гадоў.
Улада свайму грамадзтву паказала, што яна яго панічна баіцца. І калі раней людзі раўнадушна да гэтага ставіліся, займаліся нейкімі сваімі надзённымі справамі, зараблялі крыху грошай і як бы не зьвярталі ўвагу — маўляў, ёсьць дзесьці прэзыдэнт, ёсьць нейкія рухі, то сёньня ўсе зьвярнулі ўвагу на несувымернасьць выкліку і рэакцыі на яго.

— Дык вось грамадзтва і задае пытаньне: чаму такая вострая рэакцыя? І якой павінна быць рэакцыя сустрэчная?

— Грамадзтва ня толькі задае пытаньні. Заўважце, пайшло бурленьне. Рэальна бурленьне, ня штучнае, а сапраўднае. Людзі пачынаюць задумвацца: дык калі гэтая сыстэма так баіцца 20-гадовых хлопчыкаў, якія выходзяць на плошчу і скандзіруюць любы лёзунг, значыць, гэтая сыстэма не гарантуе нічога. Яна не гарантуе не ўласную выжывальнасьць, ні стабільнасьць для гэтага грамадзтва. І гэта ўжо сур’ёзныя пытаньні. Іншая справа, што ў адрозьненьне ад больш рэзкіх краінаў, Беларусь павольней уваходзіць у такую сытуацыю, марудней знаходзіць для сябе адзіна правільнае рашэньне. А рашэньне для Беларусі застаецца нязьменным з 1994 году. Гэта — нармальны прэзыдэнт. Ці — нават нармальная парлямэнцка-прэзыдэнцкая сыстэма кіраваньня, пры якой немагчыма зьяўленьне непадрыхтаванага чалавека, які выйшаў з выпадковага асяродзьдзя, ня будучы прафэсійным упраўленцам, ня маючы нармальных маральных каштоўнасьцяў, але атрымлівае ў кіраваньне, умоўна кажучы, вялікі калектыў. Дык вось рашэньне адно: устараненьне Лукашэнкі. Не ў літаральным сэнсе, не фізычнае ўстараненьне, а адхіленьне ад улады. Іншых рашэньняў не бывае.

— Пасьля вядомых выказваньняў кіраўніка Беларусі магло падацца, што дзьверы для ўладаў зачыняцца практычна з усіх бакоў. Але пазыцыя Эўропы ў адносінах да беларускага рэжыму засталася збольшага неакрэсьленай…

— Калі ставіць пытаньне так, як любяць ставіць іх у Эўропе — нібыта Лукашэнка гарантуе сёньня нейкую стабільнасьць тэрыторый, бізнэс-інтарэсаў, нейкіх транзытных інтарэсаў, то чаму яны ня думаюць, што калі Лукашэнку заўтра памяняць, то гэтая стабільнасьць не ўзрасьце ў сто разоў? Я, прыкладам, перакананы: калі сёньня праінвэставаць зьмены прынцыпаў кіраваньня ў Беларусі, зрабіць там парлямэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку, альбо прэзыдэнцкую зь іншым прэзыдэнтам, альбо прэм’ерскую краіну, то гарантыі любым бізнэс-інвэстыцыям эўрапейскім, расейскім, іншым, вырастуць шматразова. Больш за тое, інвэстыцыі ў вырашэньне праблемы Лукашэнкі несувымерныя з гэтымі гарантыямі. То бок, інвэстуеш энную суму грошай у вырашэньне гэтай праблемы…

— Прабач, чаму інвэставаць трэба абавязкова звонку?

— Тлумачу. Прыклад Лібіі. Калі чалавек пераходзіць мяжу, забівае сваіх людзей, жорстка, сотнямі ці ўжо тысячамі, то тады застаецца адно рашэньне — зьнешняе ўмяшальніцтва. Так, Лукашэнка не забівае пакуль сотнямі. Але ён зьбівае сотнямі. Таму бамбіць Беларусь, ваенныя аб’екты на яе тэрыторыі, ня трэба. Тады што неабходна? Патрэбна дапамагчы зьнешнім умяшаньнем — фінансавым, кансультацыйным, арганізацыйным і рэсурсна-людзкім. Каб вырашыць праблему Лукашэнкі адхіленьнем яго ад улады. Менавіта ўмяшаньне ў тых відах, пра якія я сказаў, бо ўнутранага рэсурсу для гэтага няма: няма ўнутры грошай, бізнэсоўцаў, гатовых фінансаваць, няма людзкога рэсурсу, нават няма абароны ў людзей, бо ўся сыстэма, якую пабудаваў Лукашэнка, гэта ягоная прыватная ахоўная фірма. Усе — міліцыя, армія, КДБ, пракуратура — гэта ахоўная фірма сям’і Лукашэнкі. Яны ахоўваюць толькі яго. Яны не ахоўваюць беларусаў, яны не займаюцца Беларусьсю.

Па сутнасьці, атрымліваецца, што ёсьць грамадзтва, якое называецца краіна Беларусь, і ёсьць сям’я Лукашэнкі, у якой ёсьць інстытуты дзяржавы — але не беларускай, а дзяржавы, якая зьяўляецца лукашэнкаўскай. І вось гэтыя інстытуты ваююць супраць краіны Беларусь. Адпаведна, рэсурсаў у краіны Беларусь, у грамадзтва няма для таго, каб ваяваць. У іх няма мэдыйных рэсурсаў, няма чалавечых рэсурсаў, няма фінансавых рэсурсаў і, галоўнае, няма абароны на выпадак, калі не зусім адэкватны чалавек дастане з кішэні пісталет і пачне страляць па нагах — у імя Лукашэнкі. Таму задача ўсіх зьнешніх асобаў, зацікаўленых у вырашэньні сытуацыі ў Беларусі, — гэта не вядзеньне дыялёгу з Лукашэнкам, а стварэньне максымальна не камфортных умоваў для яго існаваньня. Татальная ізаляцыя, у тым ліку эканамічная. Можна патрываць, Эўропа не памрэ, калі цягам двух месяцаў ня будзе нічога набываць беларускага. Я разумею, што такое бізнэс, але не памрэ Эўропа безь беларускіх тавараў. Вось гэта важныя пытаньні, якія трэба разумець.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG