Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няўдзел Беларусі ў Эўранэсьце: «Пакараньне было адпаведным»


Сёньня ў Брусэлі праходзіць першае пасяджэньне парлямэнцкай асамблеі "Ўсходняга партнэрства " (Эўранэст) - праграмы супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і шэрагам краінаў былога СССР. Парлямэнтары з Беларусі на першае паседжаньне Эўранэста не запрошаныя – ЭЗ выступіў супраць іх удзелу з прычыны жорсткага падаўленьня акцыі пратэсту ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.


Напярэдадні карэспандэнт Радыё Свабода Робэрт Колсан пагутарыў з палітолягам Томасам дэ Ваалам з фонду Карнэгі.


Радыё Свабода: Беларусь не была запрошаная для ўдзелу ў парлямэнцкай асамблеі “Усходняга партнэрства». Як вы лічыце, ці насамрэч ЭЗ мае падставы узьдзейнічаць на Азэрбайджан і Беларусь інакш? Ці насамрэч ім бракуе дэмакратыі?

Томас дэ Ваал: Я лічу, што ў выпадку зь Беларусьсю чаканьні былі завышаныя, і што абяцаньні, як мы бачым, былі парушаныя. Ясна, што і Беларусь, і Азэрбайджан - гэта вельмі рэпрэсыўныя рэжымы. Аднак Азэрбайджан заўсёды ясна паказваў, як ён бачыць свае стасункі з ЭЗ - ён ня бачыць сябе цалкам эўрапейскай дзяржавай, таму тут чаканьні былі ніжэй. Але Беларусь ёсьць выразна эўрапейскай краінай, яна мяжуе з ЭЗ, і таму спадзяваньні былі вышэйшыя. Таму я думаю, што пакараньне было адпаведным пасьля таго, як улады Беларусі даволі брутальна адмовіліся ад сваіх ранейшых абавязаньняў летась у сьнежні.

Радыё Свабода: Як вы мяркуеце, што трэба зрабіць, каб «Усходняе партнэрства» стала сапраўды грунтоўным праектам?

Томас дэ Ваал: Пытаньне з "Усходнім партнэрствам" цяпер палягае ў тым, што пашырэньне ЭЗ, у асноўным, спынілася. Магчыма, некаторыя заходнія балканскія краіны - Харватыя, Сэрбія, магчыма – увойдуць ў ЭЗ, але потым, я мяркую, пэрспэктывы зьменшацца для іншых краінаў, якія зьяўляюцца эўрапейскімі, але перад імі стаяць значна большыя вызавы, каб увайсьці ў ЭЗ. Турэччына, напрыклад, мае сур'ёзныя цяжкасьці, каб быць прынятай. Калі глядзець на ўсход, на Украіну, Малдову, краіны Паўднёвага Каўказу, малаверагодна, што яны далучацца да Эўразьвязу прынамсі ў бліжэйшыя 10, 15, 20 гадоў. У гэтай сувязі палітыка суседзтва становіцца значна больш важнай. Як ЭЗ можа прыкладаць намаганьні дзеля іх прыцягненьня без прадстаўленьня ім поўнага сяброўства? Я мяркую, што гэта відавочна палка з двума канцамі. Гэтыя краіны павінны паказаць сапраўдную цікавасьць да ЭЗ і каштоўнасьцяў ЭЗ. Але тое, што Брусэль павінен зрабіць, я думаю, зводзіцца да двух рэчаў. Адна зь іх - спрашчэньне візавага рэжыму, якое, па-мойму, ужо насамрэч пачало працаваць. Гэта было прапанавана Ўкраіне, Малдове і Грузіі, грамадзяне гэтых краінаў зараз могуць атрымаць візу значна лягчэй. Гэта адна рэч.

Але некаторыя краіны відавочна не зацікаўленыя ў тым, што ЭЗ ім можа прапанаваць: Азэрбайджан і Беларусь - у іх цяперашнім стане - відавочныя прыклады
Я думаю, што яшчэ больш важная ідэя прывілеяванага доступу да адзінага эўрапейскага рынку. Гандлёвая палітыка можа быць больш адкрытая ў дачыненьні да гэтых краінаў. Я думаю, што гэта добрая палітыка.
Праблема ў тым, што ЭЗ адцягнуты на іншыя пытаньні і не мае дастатковай колькасьці рэсурсаў - ані часу, ані грошай - для «Ўсходняга партнэрства". А па-другое, ЭЗ ня можа добра данесьці гэтую палітыку. Я думаю, што гэта даволі добрая палітыка, але яны не вельмі добра даносяць яе.

Радыё Свабода: Вы, здаецца, у цэлым, пэсымістычна ставіцеся да «Ўсходняга партнэрства".

Дэ Ваал: Не абавязкова. Я думаю, што ёсьць некаторыя краіны... Калі мы паглядзім на іх паасобна, то кожны выпадак адрозьніваецца. Я думаю, што ёсьць падставы трымаць іх усіх «у адным агульным кошыку», а потым разглядаць у індывідуальным парадку. Але некаторыя краіны відавочна не зацікаўленыя ў тым, што ЭЗ ім можа прапанаваць: Азэрбайджан і Беларусь - у іх цяперашнім стане - відавочныя прыклады. Але калі мы паглядзім на Малдову, то стымулы ЭЗ былі вельмі пазытыўнымі для гэтай краіны. Малдова мае найбольш пра-эўрапейскі ўрад у рэгіёне, і ён пачынае рабіць пра-эўрапейскія рэформы як вынік. Наступная за ёй у чарзе Грузія, якая значна больш падзеленая ў гэтым пытаньні. Але я думаю, што патэнцыйна ЭЗ можа таксама аказаць пазытыўны ўплыў на Грузію. Ўкраіна зьяўляецца больш праблематычнай пасьля прыходу новага ўраду прэзыдэнта Віктара Януковіча, але перамовы працягваюцца. Так, ёсьць тры выпадкі, калі ёсьць некаторыя пераменныя посьпехі, прынамсі.


Пасяджэньне Эўранэсту будзе прысьвечанае ў асноўным працэдурным пытаньням і абраньню кіруючых органаў асамблеі. У праграме "Ўсходняе партнэрства"ўдзельнічаюць Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна.
XS
SM
MD
LG