Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усама бін Лядэн памёр ад стрэлу ў галаву 1 траўня 2011. Паводле некаторых зьвестак, куля ўвайшла празь ягоную левую вачніцу.

Пяць сустрэчаў


У сакавіку і красавіку прэзыдэнт ЗША Барак Абама правёў пяць сустрэчаў Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША, на якіх абмяркоўваўся плян ліквідацыі Усамы бін Лядэна.

Абаму прапанавалі, сярод іншага, разбамбіць ператвораны ў малую крэпасьць дом у горадзе Абатабад, за 50 кілямэтраў на поўнач ад Ісламабаду, у якім, паводле ЦРУ, хаваўся сусьветны тэрарыст №1. Але Абама адхіліў гэтую прапанову.

Як паведамляюць вашынгтонскія крыніцы, Абама хацеў атрымаць 100-адсоткавы доказ сьмерці бін Лядэна. Паводле гэтых самых крыніцаў, прэзыдэнт ЗША таксама хацеў мінімалізаваць колькасьць ахвяраў атакі апэрацыйнай групы. А зь бін Лядэнам у згаданай крэпасьці прабывала яшчэ каля 20 чалавек.

У выніку, каб зьліквідаваць бін Лядэна, Абама выслаў два верталёты з вайскоўцамі спэцыяльных апэрацыйных сілаў ЗША (NAVY Seals).

Знайшлі сьлед кур’ера


Паводле некаторых падлікаў, амэрыканцы выдаткавалі ня менш за мільярд даляраў, каб знайсьці і забіць бін Лядэна.

Паводле Майка Роджэрса, старшыні камітэту па пытаньнях выведкі Палаты прадстаўнікоў, першая істотная інфармацыя, якая навяла спэцслужбы ЗША на сьлед бін Лядэна, паходзіла з допытаў затрыманых амэрыканцамі падазроных у тэрарызьме. Але сьледу тэрарыста Н-р 1 шукаў цэлы легіён выведнікаў і аналітыкаў.

«Гэта была неверагодная апэрацыя, і я сказаў бы, што няшмат ёсьць краінаў на сьвеце, а можа і няма ніводнай, якія былі б у змозе яе правесьці» -- сказаў Роджэрс журналістам.

Спачатку амэрыканскія выведнікі напалі на сьлед кур’ера Усамы бін Лядэна, які быў вядомы пад псэўданімам Абу Ахмэд аль-Кувайці. Гэта здарылася ў 2007 годзе. Але толькі ў 2009 годзе амэрыканскія выведнікі і аналітыкі дайшлі да высновы, што аль-Кувайці прабывае недзе поблізу Ісламабаду.

Калі амэрыканскім выведнікам удалося лякалізаваць дом кур’ера, яны зразумелі, што ў ім, акрамя аль-Кувайці, можа хавацца і нехта значна больш каштоўны. Дом быў абнесены 6-мэтровым мурам з калючым дротам. Ніхто ў гэтым доме не карыстаўся тэлефонам ці Інтэрнэтам.

Стоадсоткавай упэўненасьці, што ў доме прабывае бін Лядэн не было. Але ў лютым сёлета Абаму паведамілі, што існуе «моцная імавернасьць», што там можа быць бін Лядэн. Абама прыняў рашэньне аб атацы, так і ня будучы да канца ўпэўненым, ці мішэнь знаходзіцца сапраўды там.


Атака працягвалася 40 хвілінаў


Прэзыдэнт Абама выдаў загад атакаваць сядзібу бін Лядэна 29 красавіка. Непасрэдна атакай кіраваў дырэктар ЦРУ Лэан Панэта, які неўзабаве зойме пасаду міністра абароны ЗША. Дрэннае надвор’е перасунула апэрацыю, якая мелася адбыцца 30 красавіка, на дзень пазьней. Прэзыдэнт у невялікім коле супрацоўнікаў назіраў за ўсёй апэрацыяй у Белым доме пра дапамозе спадарожнікавых камунікацый.

Амэрыканская спэцгрупа атакавала сядзібу бін Лядэна з двух верталётаў, якія трапілі пад агонь адразу пасьля таго, як зьявіліся над мішэньню. Мяркуецца, што па верталётах страляў і сам бін Лядэн.

Адзін зь верталётаў упаў на зямлю. Паводле амэрыканцаў, яго ня зьбілі, а здарылася мэханічная непаладка. Вайскоўцы эвакуаваліся з верталёта і ўзарвалі пашкоджаную машыну. Штаб кіраваньня апэрацыяй выклікаў на падмогу яшчэ адзін верталёт.

Паведамляецца, што ў атацы загінуў бін Лядэн, ягоны сын, згаданы кур’ер і брат кур’ера, ды яшчэ адна жанчына, якую тэрарысты выкарысталі як «жывы шчыт». Ніхто з амэрыканцаў не загінуў. Атака трывала 40 хвілінаў.

Верталёты забралі цела бін Лядэна і адляцелі ў бок Аўганістану. Потым цела бін Лядэна было выкінутае ў мора.

Паводле амэрыканцаў, атака была праведзеная ў таямніцы перад пакістанскім бокам. Толькі калі верталёты зь целам бін Лядэна вярталіся ў Аўганістан, пакістанцы паднялі свае самалёты, каб пабачыць, хто парушыў іх паветраную прастору. А ім тады сказалі, што апэрацыя па ліквідацыі бін Лядэна якраз закончылася.

Пакістанская вэрсія крыху адрозьніваецца ад амэрыканскай. Паводле Ісламабаду, пакістанскія сілы «аблягчылі» амэрыканцам атаку, ахвяруючы ім «выведачную падтрымку» на раньнім этапе ўсёй апэрацыі і сочачы за ваколіцай, дзе хаваўся бін Лядэн.

Як хавалі?


Тым часам, агенцтва “Інтэрфакс” са спасылкай на брытанскія мэдыі сьцьвярджае, што цяпер ў Белым доме абмяркоўваюць пытаньне, ці варта апублікаваць відэа з пахаваньнем лідэра "Аль-Каіды".

Паводле дадзеных газэты "Daily Mail", у абмеркаваньні гэтага пытаньня прымае ўдзел і сам прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

Усама бін Лядэн быў пахаваны ў Аравійскім моры камандай амэрыканскага авіяносца "Карл Вінсан".

Прадстаўнікі Пэнтагона выказалі здагадку, што ў Вашынгтоне, у рэшце рэшт, пагодзяцца апублікаваць відэафайл, а таксама фатаграфіі мёртвага бін Лядэна, зробленыя перад пахаваньнем.

Улады ЗША сьцьвярджаюць, што вайскоўцы пахавалі лідэра "Аль-Каіды" ў поўнай адпаведнасьці з мусульманскімі звычаямі.

Адно нязручнае пытаньне


Сёньняшняе выданьне Financial Times цытуе Карла Левіна, старшыню камісіі па ўзброеных сілах у Сэнаце ЗША, які сумняваецца, што кіраўнікі пакістанскіх узброеных сілаў і выведкі цягам апошніх гадоў нічога ня ведалі аб месцазнаходжаньні Усамы бін Лядэна. У горадзе Абатабад, дзе быў знойдзены і забіты бін Лядэн, знаходзіцца элітарная вайсковая акадэмія, у якой навучалася шмат сёньняшніх пакістанскіх камандзіраў і генэралаў. Адначасна Левін дапускае, што пра месцазнаходжаньне найбольш вядомага тэрарыста магло ня ведаць цывільнае кіраўніцтва краіны.

Financial Times таксама цытуе былога дарадніка па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Індыі, Браджэша Мішру, які сказаў, што «сьмешна лічыць, быццам бы пакістанская армія і выведка ня ведалі, дзе знаходзіцца бін Лядэн».

Некаторыя экспэрты мяркуюць, што амэрыканцы правялі апэрацыю ліквідацыі бін Лядэна ў таямніцы ад Ісламабаду, бо ў Вашынгтоне баяліся, што некаторыя вайсковыя колы ў Пакістане насамрэч ахоўвалі тэрарыста, а не дапамагалі амэрыканцам яго шукаць.

Financial Times адзначае, што бін Лядэнам шмат хто ў Пакістане насамрэч захапляўся і што зьвестка аб ягонай сьмерці выклікала ў краіне хутчэй жалобу, чым радасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG