Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Лобава: усе нашы знаёмыя і сваякі ганарацца Эдуардам


У Менску завяршыўся працэс па справе лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча і актывіста гэтай арганізацыі Эдуарда Лобава. Судзьдзя суду Маскоўскага раёну сталіцы Алена Шылько пакарала Дашкевіча двума гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а Лобава – чатырма гадамі зьняволеньня ў калёніі узмоцненага рэжыму. 29-гадовага Дашкевіча і 22-гадовага Лобава Шылько прызнала вінаватымі на падставе часткі 3-й артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (асабліва злоснае хуліганства).

Госьця “Начной свабоды: вынікаў дня” – маці Эдуарда Лобава Марына Лобава.

Бушлякоў: Спадарыня Марына, пасьля вынясеньня прысуду ці ўдалося хоць бы мінімальна пакантактаваць з сынам?

Лобава: Пасьля агалошваньня прысуду да мяне падышоў супрацоўнік суду і прапанаваў зайсьці ў канцылярыю да судзьдзі і забраць дазвол на сустрэчу. Я пасьля абеду пад'ехала туды, напісала заяву і заўтра паеду на сустрэчу з сынам.

Бушлякоў: Як рэагаваў ваш сын на прысуд – што вам удалося заўважыць?

Я толькі спадзявалася, што яны справу сфабрыкуюць больш пісьменна
Лобава:
Ён хоць і лічыў да гэтага, што ў судзе заўсёды можна даказаць сваю рацыю, калі ты не вінаваты, але ў гэтым выпадку, падобна, што ён чакаў... Да яго прыходзіла прэса, і ён ведаў, якія прысуды палітвязьням далі раней, дык недзе такога прысуду ён і сабе чакаў. Як і я. Я толькі спадзявалася, што яны справу сфабрыкуюць больш пісьменна, а калі ўбачыла на судзе, што абсалютна ніякіх доказаў яны не падрыхтавалі, і нават сьведкаў не падрыхтавалі...Я была шакаваная, што такі прысуд вынесьлі.

Бушлякоў: Як вы ацэньваеце дзеяньні судзьдзі Алены Шылько – наколькі яна была гатовая разьбірацца ў справе?

Напэўна яны спалохаліся, калі адвакаты запрасілі экспэртызы крыві, тэлефонных перамоваў, высьвятленьня асобаў так званых пацярпелых... Яны напэўна спалохаліся, што ўся справа ў іх проста разваліцца, і вырашылі хутчэй вынесьці прысуд
Лобава:
На першым паседжаньні мне здалося, што яна гатовая разьбірацца, прынамсі, яна не адхіляла ўсе пытаньні адвакатаў да сьведак і так званых пацярпелых. На першым паседжаньні мне здавалася, што яна гатовая і што суд будзе больш-менш законны. Першая палова другога дня ішла добра – сьведкі з боку абвінавачаньня паказвалі, што ніхто ня бачыў, як мой сын некага ўдарыў або Дашкевіч некага ўдарыў... У мяне гэта выклікала надзею. Не было доказаў. Але ў канцы ўсё хуценька згарнулі, адхілілі хадайніцтвы адвакатаў і вырашылі вынесьці прысуд. Такое паскарэньня я і ня ведаю, як пракамэнтаваць. Напэўна яны спалохаліся, калі адвакаты запрасілі экспэртызы крыві, тэлефонных перамоваў, высьвятленьня асобаў так званых пацярпелых... Яны напэўна спалохаліся, што ўся справа ў іх проста разваліцца, і вырашылі хутчэй вынесьці прысуд. Тым больш што адвакаты дамагаліся выклікаць яшчэ сьведак з боку абароны. Таму вырашылі асудзіць хуценька, каб не прыйшлося апраўдваць.

Бушлякоў: Ці ўбачыў нехта з прысутных на судзе тых, каго называюць пацярпелымі ў гэтай справе – Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава?

Лобава: З тых, хто быў на працэсе, іх бачылі Зьміцер Дашкевіч і мой сын, бачылі адвакаты і бачыў Дзяніс Лазар, але не на працэсе, а на папярэднім сьледзтве.

Бушлякоў: Падчас працэсу ніхто з пацярпелых такой магчымасьці ня меў?

Пашпарты не паказалі нават адвакатам, ці сапраўды гэтыя пашпарты сапраўды тых людзей. Паглядзела толькі судзьдзя – чалавек зацікаўлены.
Лобава:
Не. Мы нават ня ведаем, хто там сядзеў, мог любы чалавек там быць, нават палітычна пісьменны, які мог адказваць на гэтыя пытаньні. Мы ня ведаем, хто там быў. Пашпарты не паказалі нават адвакатам, ці сапраўды гэтыя пашпарты сапраўды тых людзей. Паглядзела толькі судзьдзя – чалавек зацікаўлены.

Бушлякоў: Ці будзе рыхтавацца апэляцыя на вынесены сёньня прысуд?

Лобава: Так, безумоўна. Хаця мы мала спадзяёмся, але, прынамсі, трэба зрабіць усё магчымае для доказаў сваёй рацыі. Адвакаты рыхтуюцца.

Бушлякоў: На вашую думку, якім спосабам можна паўплываць на сытуацыю, у якой апынуліся Эдуард і Зьміцер? Што, якія дзеяньні могуць прымусіць улады вярнуцца да разгляду гэтай справы?

я спадзяюся толькі на эканамічныя санкцыі Эўразьвязу, таму што ўнутры краіны ніхто ня можа чымсьці паўплываць на гэтую сытуацыю
Лобава:
Як я ўжо казала, я спадзяюся толькі на эканамічныя санкцыі Эўразьвязу, таму што ўнутры краіны ніхто ня можа чымсьці паўплываць на гэтую сытуацыю. У нас няма ніводнага органу, які б бараніў правы чалавека ў Беларусі. Няма ні пракуратуры, ні суду справядлівага. У нас няма да каго зьвярнуцца па абарону правоў чалавека. Так можа быць любы асуджаны. І таму я спадзяюся, што толькі можа быць нейкі ўплыў звонку, з Эўразьвязу, магчыма, эканамічныя санкцыі або іншыя захады могуць паўплываць.

Бушлякоў:
Пры сустрэчы з сынам у пятніцу чаго вы пажадаеце яму ў першую чаргу?

Лобава:
Я яму хачу пажадаць вытрымкі, цярплівасьці, скажу, што я ім ганаруся, што ўсе нашы знаёмыя і сваякі яго падтрымліваюць, ганарацца ім, і пажадаю яму хутчэйшага вызваленьня. Наогул я б хацела пажадаць гэтага ўсім палітвязьням. Усім, хто знаходзіцца цяпер у турме. І вядома ж, здароўя, каб ён усё перанёс, усе цяжкасьці турэмнага зьняволеньня.

Слухаць гутарку:

Гутарка з Марынай Лобавай. 24.3.2011
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:11 0:00
Наўпроставы лінк
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG