Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі складанку Барадуліна, Камоцкага і Кунстадтэра


Сёньня ўвечары ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы адбылася прэзэнтацыя складанкі “Вяровіца Алеся Камоцкага". Яна уяўляе сабой кніжачку псальмаў народнага паэта Рыгора Барадуліна, аздобленых здымкамі амэрыканскага фатографа Джона Кунстадтэра, і дыск, насьпяваны бардам Алесем Камоцкім.

Літаратурна-мастацкая частка складанкі выйшла ў выдавецтве “Радыёла-плюс”, а музычная – у кампаніі “Вігма”.

Цэнтральная асоба сёньняшняга сьвята, паэт РЫГОР Барадулін, з-за хваробы ня змог прысутнічаць на прэзэнтацыі, таму рэй давялося весьці Алесю Камоцкаму. Ён расказаў, як нараджалася музычная частка гэтай складанкі. На дыску 21 трэк. Гэта насьпяваныя Алесем Камоцкім псальмы Рыгора Барадуліна. Праўда, музыка адразу зазначыў, што высокае слова "пасальмы", якое паходзіць ад грэцкага "псальмас", што азначае урачысты рэлігійны сьпеў – надта прэтэнцыёзнае для яго. Таму гэтыя псальмы Камоцкі насьпяваў у розных музычных жанрах. Частку іх ён выканаў на прэзэнтацыі.


Уласна кажучы, гэтае выданьне – перавыданьне "Псальмоў" Рыгора Барадуліна, выдадзеных яшчэ з 2000-м годзе. Але старыя песьні загучалі па новаму, дзякуючы аранжыроўкам, зробленым з дапамогай клавішніка Аляксандра Віслаўскага.

Пра літаратурна-мастацкую частку гаварылася менш, бо Рыгора Барадуліна не было. Затое прысутнічаў Джон Кунстадтэр, амэрыканскі фатограф, здымкі якога увайшлі ў гэтае выданьне. Джон Кунстадтэр прыехаў у Беларусь больш за 10 гадоў таму. Ён быў супрацоўнікам амэрыканскай амбасады ў Менску. Пасьля заканчэньня сваёй дыпляматычнай місіі ён таксама часта прыяжджае ў Беларусь і з захапленьнем здымае беларускія краявіды, простае вясковае жыцьцё, местачковую архітэктуру. Ён асабліва любіць здымаць старыя храмы, вернікаў у іх, народныя абрады на прыродзе і задуменныя твары простых вясковых людзей. Усяго ў яго архіве больш за 20 тысяч такіх здымкаў. Зразумела, што ў кнігу увайшла вельмі малая частка. Джон Кунстадтэр на добрай беларускай мове сказаў на прэзынтацыі, што гэтымі фотаздымкамі ён хацеў бы выказаць сваю пашану новаму нараджэньню веры ў беларускім народзе. А таксама пашану тым людзям, якія перадаюць свае традыцыі новаму пакаленьню.
XS
SM
MD
LG