Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Нацыянальнага банку Беларусі, некаторы час паназіраўшы за рэакцыяй банкаўскай і прадпрымальніцкай супольнасьці, адмовілася ад уведзеных тыдзень таму валютных абмежаваньняў. Паабяцана, што з 1 красавіка неабходнасьць рэзэрваваць валюту за 30 дзён да яе набыцьця будзе скасавана. Ужо ў красавіку банкам дазволена рэзэрваваць валюту па старых правілах — за дзень да таргоў.

Як беларускія прадпрымальнікі рэагуюць на цяперашнюю сытуацыю на валютным рынку? Што яны кажуць пра абмежаваньні і забароны ў продажы валюты?

МЕНСК


Пастаўшчыкам імпартных тавараў не патрэбныя беларускія рублі

Лідэр каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менску Аляксандар Макаеў працуе на найбуйнейшым у Беларусі ўнівэрсальным рынку «Ждановічы». Суразмоўца «Свабоды» дзеліцца сваімі ўражаньнямі аб прыватным гандлі ва ўмовах валютных абмежаваньняў:

«На рынку „Ждановічы“ ў гандлёвым цэнтры „Град“ ужо здаралася паніка ў мінулыя выходныя дні.. Там падаражэлі на 20% імпартныя тавары. Чаму? А таму, што цяпер польскія, украінскія і расейскія тавары набываюцца менавіта за валюту. Нікому з пастаўшчыкоў не патрэбныя беларускія рублі. А ў нашых прадпрымальнікаў на рахунках вялікія сумы менавіта беларускіх грошай. На ўзьнікненьне перашкодаў падзейнічалі таксама актыўныя чуткі пра дэвальвацыю беларускага рубля. З-за таго, што Нацбанк уводзіць розныя штучныя абмежаваньні, актыўнасьць гандлю на „Ждановічах“ падае».

У сваю чаргу, старшыня грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка таксама нэгатыўна ацэньвае штучных абмежаваньні з боку Нацбанку. Ён кажа, што ў прадпрымальнікаў мацнеюць пратэстныя настроі. Але пакуль публічныя акцыі стрымлівае цякучка, зьвязаная з заканчэньнем месяца. Анатоль Шумчанка ўдакладняе:

«Зараз прадпрымальнікі займаюцца грашовымі выплатамі ў бюджэт і за арэнду. Таму яны і маюць большую патрэбу ў беларускіх рублях. Аднак такая сытуацыя хутка зьменіцца. Пасьля 1 красавіка прадпрымальнікам неабходна будзе зноў набываць тавары за мяжой. Чаго чакаць — пакуль можна толькі здагадвацца. Але магчыма прадказаць пратэсты. Усё-ткі 90% тавару для продажу на рынку „Ждановічы“ набываецца толькі за валюту…».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


На рынкі вярнуліся «чорныя валютчыкі»

Два тыдні штучных абмежаваньняў на валютным рынку істотна паўплывалі на дзейнасьць гомельскіх індывідуальных прадпрымальнікаў.

Лідэр руху «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» ў Рэчыцы Алег Шабетнік кажа, што дробныя бізнэсоўцы ў пэўнай разгубленасьці: як і дзе папаўняць рынак таварамі, калі набыцьцё замежнай валюты абмежавана? Алег Шабетнік тлумачыць:

«Складанасьці зьявіліся, вызначыўся чарговы спад. Людзі не разумеюць, як закупіць усё, таму што валюты няма. Прадпрымальнікі ў нас найбольш на Расею завязаныя, але купляюць розную валюту, бо не хапае кожнай. У Расеі можна памяняць і даляры, і эўра на тамтэйшыя рублі. Ідзе прыхаванае абясцэньваньне беларускага рубля, прыхаваная дэвальвацыя. І яна пра сябе хутка заявіць — ня сёньня, дык заўтра гэты наш рубель абрынецца».
„Чорных валютчыкаў“ нейкі час не было ў нас, а цяпер зноў зьявіліся.


Як мяркуе прадпрымальнік, дэвальвацыя беларускага рубля будзе, хутчэй за ўсё, пакрокавай, і вартасьць яго ўпадзе на 20-30 адсоткаў.

Штучнае рэгуляваньне на валютным рынку стала прычынай вяртаньня на рынкі так званых «чорных валютчыкаў»:

«Зьявіліся на рынках „чорныя валютчыкі“, якія прадаюць нашмат даражэй любую валюту: расейскі рубель даходзіць да 120 беларускіх, даляр — 3200, эўра — да 4500. „Чорных валютчыкаў“ нейкі час не было ў нас, а цяпер зноў зьявіліся».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Многія беларускія прадпрымальнікі застануцца бяз новых кантрактаў

Гарадзенскі прадпрымальнік спадар Андрэй К. займаецца вырабам шклопакетаў. Ці ўзьніклі ў яго цяжкасьці ў зьвязку зь няпэўнай сытуацыяй на валютным рынку?

«Я вытворца айчынны, на мяне можа паўплываць, калі мае пастаўшчыкі фурнітуры ня будуць мець яе. Пакуль што яны ўсе матэрыялы маюць, але цэны падвысілі. Учора ўсё падаражэла, пастаўшчыкі даслалі лісты, што ў зьвязку з выключнай сытуацыяй вымушаны падняць цэны».

Плаціць наступным разам за тыя ж самыя матэрыялы давядзецца на чатыры-шэсьць адсоткаў болей, кажа спадар Андрэй:

«Але я пакуль не адчуў, адзінае, што крэдытныя лініі таварныя зьмяншаюць. Я, напрыклад, бяру ў свайго пастаўшчыка тавар і не плачу, бо не магу заплаціць адразу, бо мне таксама не заўжды плацяць. І пастаўшчыкі буйныя дапамагаюць вытворцам, даюць на перапрацоўку, а грошы ў пазыку. Цяпер такіх адтэрміновак ніхто не дае».

Іншы гарадзенскі прадпрымальнік, спадар Юры, распавядае пра калегаў, якія займаюцца іншым, чым ён, бізнэсам — напрыклад, гандлем:

«Я айчынны вытворца, у мяне цяпер няма валютных заказаў, таму мяне не закранула праблема, але ведаю, што некаторых яна якраз закранула. Трэба ім замежны кантракт, патрэбна валюта, а валюты не прадаюць па безнаяўным разьліку. Якое выйсьце? Ходзяць па банках, просяць. Яму абяцаюць, але яму зараз трэба, бо кантракты ляцяць. Накупляў ён замежнага тавару, прадаў за беларускія рублі, а вярнуць ня можа, бо ня можа купіць валюту. Ён не працуе, паколькі ня можа новыя кантракты заключаць».

Ад нястачы валюты на Гарадзеншчыне падаражэлі імпартныя будаўнічыя матэрыялы

Тым часам у гарадзенскіх крамах будаўнічых матэрыялаў падвысіліся на 10% цэны на прадукцыю, імпартаваную з-за мяжы. Уласьнікі крамаў сьцьвярджаюць, што гэтая тэндэнцыя агульная для ўсяе краіны.

Гаспадыня аднае гарадзенскае крамы будматэрыялаў, спадарыня Людміла, распавяла, што імпартныя будматэрыялы яны атрымліваюць зь Менску, зь фірмаў, якія закупляюць іх за мяжой цэнтралізавана і завозяць у краіну.

Зь яе слоў, гарадзенскія крамы купляюць у гэтых фірмаў замежныя будматэрыялы за беларускія рублі. Але апошнімі тыднямі яны сутыкнуліся з праблемай адсутнасьці тавару на цэнтралізаваных фірмах у Менску.

Што будзе далей?.. Усе ў шоку і ня ведаюць, што рабіць.
«Таму што склады ў іх пустыя, валюты няма. Атрымліваецца, тавар яны закупіць ня могуць, а рэшткі тавару імкнуцца прыберагчы для страхоўкі, бо маюць права зьмяняць курс валюты, па якім будуць прадаваць нам тавар. Атрымліваецца, што ўжо на 10% тавар падаражэў, а што будзе далей… Усе ў шоку і ня ведаюць, што рабіць».

Спадарыня Людміла кажа, што гэта толькі першыя крокі падаражэньня тавару. Але самае горшае можа быць, калі ён наагул зьнікне:

«Яны пакуль чакаюць, але ўжо рабілі спробу прадаваць тавар па курсе чатыры тысячы за даляр, потым зьнізілі да трох з паловай тысяч, але адназначна сказалі, што будзе даражэць тавар, паколькі яго папросту няма. Цэны ў крамах падвысіліся паўсюль, людзі часта кажуць, што будматэрыялы імпартныя ва ўсіх крамах ужо падаражэлі».

Гаспадыня крамы ўпэўненая, што найперш гэтыя праблемы з абмежаваньнем продажу валюты ізноў лягуць на плечы простых людзей. Яна кажа, што імпартныя будматэрыялы ўсё ж вышэйшай якасьці, а цяпер яны проста на вачах робяцца людзям недаступныя:

«Па якасьці, вядома, нашы будматэрыялы яшчэ не даганяюць імпартныя. Здараецца, што і нашы некаторыя трапляюцца нядрэннай якасьці, але ў большасьці людзі выбіраюць лепшыя тавары, хоць яны трохі і даражэйшыя».

Магілёўшчына


«Гэта пачатак ланцуговай рэакцыі»

На Магілёўшчыне праблемы малога бізнэсу, зьвязаныя з продажам валюты, не настолькі вострыя, як на захадзе Беларусі. Бальшыня тутэйшых бізнэсоўцаў працуе з расейскімі рублямі. Прадпрымальнікі тым ня менш занепакоеныя няяснасьцю пэрспэктыў сваёй справы.

Прадпрымальнік Алег гандлюе абуткам на Віленскім рынку ў Магілёве. Валютныя праблемы, кажа ён, прыпалі акурат на пачатак сэзону. Пасьля зімовага зацішша людзі пайшлі на рынак, а тут валюты няма. Пакупнікі кінуліся да абменьнікаў:

«Усе, канечне, у шоку. Адкуль валюта, калі ніхто нічым не падсілкоўвае эканоміку? Усе адвярнуліся ад краіны. Ну ясна, што цяпер будзем меней зарабляць. Спажывец наагул будзе цярпець. Вось у Менску цэны на тавар ужо падлічваюць па тры тысячы шэсьцьсот за даляр», — кажа спадар Алег.

Суразмоўца зазначае, што ў Магілёве прадпрымальнікі прадаюць тавар, зыходзячы з курсу 3100 рублёў за даляр.

Гандляр будаўнічымі матэрыяламі Канстанцін зазначае, што ў пэрспэктыве варта чакаць падаражаньня тавараў ня толькі замежных але і айчынных:

«Пастаўшчыкі пачынаюць падымаць цэны з-за таго, што сыравіну набываюць за мяжой. Зьменшыцца пакупніцкая здольнасьць, бо даражэюць матэрыялы. Людзі будуць набываць больш танны тавар. У любым выпадку гэта ўсіх закране, ці, дакладней, ужо закранула. Гэта ж ланцуговая рэакцыя».

Леанід Заіка
Эканаміст Леанід Заіка ў камэнтары для «Свабоды» адзначае, што праблемы з набыцьцём валюты паспрыяюць намерам улады выціснуць са сфэры гандлю прыватных прадпрымальнікаў:

«Я знарок цяпер вяду маніторынг гэтай сытуацыі і хачу заявіць, што дробныя прадпрымальнікі маюць малыя аб’ёмы і таму асноўны рынак харчовых і прамысловых тавараў застаецца за буйнымі фірмамі і крамамі. Да прыкладу, фірма „Евроопт“ цяпер пераважае ў Менску, і ў выніку дробны продаж гародніны і цытрусавых мусіць зачыняцца. Прадпрымальнікі проста выкідаюцца з рынкаў натуральным чынам. Чыноўнікаў гэта мала хвалюе. Па-мойму, ужо кіраўнік Нацбанку Пётар Пракаповіч заявіў, што ён, маўляў, ня будзе клапаціцца аб прадпрымальніках. Так яно і ёсьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG