Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага журналіста Аляксандра Лашманкіна асудзілі на трое сутак


Аляксандар Лашманкін

Аляксандар Лашманкін

Судзьдзя аршанскага суду Іна Кохава прызнала журналіста вінаватым на падставе паказаньняў супрацоўнікаў міліцыі, якія мінулай ноччу затрымалі яго ў цягніку Чалябінск —Берасьце. Асуджаны Аляксандар Лашманкін абвясьціў у судзе галадоўку пратэсту.

У суд горада Воршы і Аршанскага раёну расейскі журналіст, рэдактар самарскага інфармацыйнага агенцтва «Свобода» Аляксандар Лашманкін трапіў пасьля таго, як паўночы правёў у пастарунку аршанскай транспартнай міліцыі. Яго зьнялі зь цягніка, калі ён ехаў у Менск, распавядае праваабаронца Васіль Леўчанкаў:

«Ён ехаў на Дзень Волі ў Менск. У яго ёсьць акрэдытацыя, і ён ехаў як журналіст — каб асьвятляць Дзень Волі. Недзе каля Воршы да яго падышлі трое міліцыянтаў і заявілі, што трэба яго зьняць зь цягніка і правесьці асабісты дагляд. І потым гэтыя міліцыянты сьведчылі, што пакуль яго вялі ад цягніка ў пастарунак, ён крычаў, лаяўся матам — хуліганіў, адным словам».

У суд над Аляксандрам Лашманкіным праваабаронца трапіў не адразу. Спачатку на працэсе не было нават адваката — дзяжурны адвакат Дзьмітры Міронаў зьявіўся праз паўтары гадзіны ад пачатку працэсу.

Сьведкамі ў судзе былі толькі міліцыянты, і яны распавялі пра акалічнасьці затрыманьня: нібыта сыгналам для гэтага стала ананімнае тэлефанаваньне пра тое, што журналіст і праваабаронца перавозіў з Расеі амфэтамін. Але ў Аляксандра Лашманкіна знайшлі толькі агульнадаступныя лекі — якія ў любой аптэцы прадаюць без рэцэпту.

Спадар Лашманкін запатрабаваў, каб міліцыя занялася пошукам ананімнага тэлефоннага паклёпніка і прыцягнула яго да адказнасьці. І катэгарычна адмаўляў абвінавачаньні ў брыдкаслоўі. Напрыканцы працэсу, калі судзьдзя Іна Кохава зачытвала рашэньне, ён публічна абвясьціў галадоўку, паведаміў аршанскі праваабаронца Васіль Леўчанкаў:

«Ён папярэджваў пра гэта, яшчэ калі мы размаўлялі ў час перапынку. А потым, калі скончыўся суд, абвясьціў проста ў судовай залі: «Я адмаўляюся ад ежы на знак пратэсту супраць такога суду».

Размаўляць па тэлефоне Аляксандру Лашманкіну не дазволілі. Зьвязацца ўдалося зь ягонай грамадзянскай жонкай Сьвятланай Чарновай, якая жыве ў Самары і таксама супрацоўнічае з інфармацыйна-прававым агенцтвам «Свобода». Затрыманьне нібыта за перавозку наркотыкаў яна лічыць цалкам абсурдным, а пакараньне за хуліганства — беспадстаўным:
Яны гавораць, што ён лаяўся? Гэта немагчыма абсалютна!


«Гэта беспадстаўна цалкам. Яны гавораць, што ён лаяўся? Гэта немагчыма абсалютна! Я ўвогуле за ім не заўважала нецэнзурнай лаянкі!».

Зьвесткі пра трохдзённую галадоўку пратэсту Сьвятлана Чарнова ўспрыняла досыць спакойна:

«Гэта яшчэ ня горшы варыянт! Мы такое ўжо праходзілі. У яго 10 сутак быў максымальны тэрмін галадоўкі. Яму было 15 сутак арышту, але пасьля 10 сутак вызвалілі — у шпіталь адправілі. Так што трое сутак ён спакойна можа пратрымацца! Я, ведаеце, ужо да ўсяго звыкла. Галоўнае, каб яму не „ўпаялі“ тры ці пяць гадоў...»

Сьвятлана Чарнова гаворыць, што Аляксандар Лашманкін добра ўсьведамляе небясьпеку праваабарончай і журналісцкай дзейнасьці ў Расеі, і Беларусь у гэтым сэнсе не адрозьніваецца ў лепшы бок. Таму для яе ня дзіва, што замест Дня Волі ў Менску муж апынуўся ў аршанскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG