Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібія і межы вайсковага ўмяшаньня


Пераклад фрагмэнтаў артыкулу журналіста Свабоды Чарлса Рэкнагла, які поўнасьцю апублікаваны на англамоўным сайце нашага радыё.

Крытыка удараў у Лібіі

Кожны хоча начапіць ярлык на апэрацыю ў Лібіі. Некаторыя называюць яе гуманітарнай інтэрвэнцыяй, іншыя – імпэрыялізмам.

У час, калі бомбы НАТО падаюць на Лібію, амаль кожны дзень прыносіць новы голас асуджэньня ўхваленай ААН інтэрвэнцыі.

Адным з самых гучных быў голас вярхоўнага лідэра Ірану, аяталы Алі Хамэнэі. Выступаючы 21 сакавіка ў Тэгеране, ён сказаў на адрас НАТО:

"На іх [паўстанцаў] падаюць бомбы. Вы павінны былі дапамагчы ім, даць ім зброю, даць ім абсталяваньне, даць ім зэнітныя батарэі. Замест гэтага, вы месяц чакалі і глядзелі, як адбываецца забойства нацыі. Цяпер вы хочаце туды ўвайсьці. Вы не прыйшлі абараняць людзей. Вам трэба нафта ў Лібіі".

Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін таксама ставіць пад сумнеў тое, што робяць ААН і НАТО. Ён згодны, што Кадафі не зьяўляецца дэмакратычным кіраўніком дзяржавы, але кажа, што гэта не апраўдвае вайсковага ўмяшаньня.

"Гэта насамрэч нагадвае сярэднявечныя заклікі да крыжовых паходаў", – сказаў ён 21 сакавіка.

На такую крытыку прыхільнікі апэрацыі ў Лібіі адказваюць, што ўдары зьяўляюцца "гуманітарнай інтэрвэнцыяй". Калі б ААН не упаўнаважыў дзяржавы прыняць "усе неабходныя меры" для абароны цывільнага лібійскага насельніцтва, аргумэнтуюць яны, сьвет падбухторыў бы дыктатара да далейшых зьверстваў.

"Адказнасьць за абарону"

Разрыў паміж тымі, хто абараняе апэрацыю ў Лібіі, і тымі, хто крытыкуе яе, шырокі. У цэнтры спрэчкі стаіць адно з самых складаных пытаньняў міжнароднай палітыкі: калі адна дзяржава мае права ўмешвацца сілай ў справы іншай?

Тыя, якія апраўдваюць інтэрвэнцыю ў Лібіі гуманітарнымі меркаваньнямі, абапіраюцца ў значнай меры на канцэпцыі, якая ў апошніх дзесяцігодзьдзях атрымала яскравую падтрымку. Канцэпцыя вядомая пад скарачэньнем R2P (Responsibility to Protect) – "адказнасьць за абарону".

Канцэпцыя абароны цывільных асобаў сыходзіць сваімі каранямі ў памяць пра Халакост і ў сучасныя генацыды ў Босьніі і Герцагавіне, Руандзе і Дарфуры. Яна атрымала шырокую глябальную падтрымку ў верасьні 2005 году, калі больш за 150 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, якія сабраліся на адкрыцьці Генэральнай Асамблеі ААН, пагадзіліся, што яны ня толькі падзяляюць адказнасьць за рэагаваньне на генацыд, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці, але і за прадухіленьне іх.

Прыхільнікі канцэпцыі R2P сьцьвярджаюць, што прадухіленьне жорсткасьці можа быць дасягнутае шляхам дыпляматычных, прававых і палітычных захадаў, уключаючы магчымасьць эканамічных санкцый. Але яны таксама лічаць, што вайсковае ўмяшаньне часам неабходнае як апошняя інстанцыя.

Як пазьбегчы Косава?

Але дзяржавы моцна падзяляюцца ў меркаваньнях, калі і як вайсковае ўмяшаньне павінна быць выкарыстана. Гэта прыводзіць да таго, што дзяржавы вінавацяць адна адну ў прыхаваных матывах.

Расея, Кітай і Індыя нэрвова прыглядаліся або былі супраць умяшаньня НАТО ў Косаве, якое спачатку прывяло да пратэктарату, а ў канчатковым выніку – да падзелу Сэрбіі. Гэта лёс, якога яны – як былыя імпэрыі – вельмі хацелі б пазьбегнуць самі.

Шмат якія палітыкі на Захадзе ламаюць сабе галаву, ці не зьяўляецца гатоўнасьць да вайсковай інтэрвэнцыі для абароны цывільнага насельніцтва занадта неакрэсьленай канцэпцыяй, якую можна пакласьці ў аснову зьнешняй палітыкі. Ці можна выбарачна ўмешвацца, напрыклад, у Лібіі, але ня ўмешвацца ў іншых крызысных сытуацыях – такіх, як Бахрэйн, Кот-д'Івуар і Дэмакратычная Рэспубліка Конга – не падстаўляючы сябе пад крытыку за дзеяньне толькі дзеля ўласных інтарэсаў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG