Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Цурбакоў папулярызуе ў Эстоніі Ўладзімера Караткевіча


Сёньня ў Эстоніі будуць гаварыць аб спадчыне выдатнага беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. У Таліне адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Ўладзімера Караткевіча “Дзікае паляваньне караля Стаха”. Выданьне на ангельскай, беларускай, расейскай і украінскай мовах, амаль 800 старонак, выйшла летась да юбілею аўтара.

Імпрэзу ў Талінскай нацыянальнай бібліятэцы ладзіць беларуская амбасада ў Эстоніі, міністэрства культуры Беларусі і мясцовыя беларусы. Канцэрт падрыхтаваў талінскі творчы гурт ’’Лёс”, а выставу і расповяд пра пісьменьніка – аўтар беларускай праграмы на эстонскім Радыё 4, арганізатар і настаўнік грамадзкай бібліятэкі і нядзельнай школы імя Уладзімера Караткевіча ў Таліне Артур Цурбакоў:

“Я абавязкова ўзгадаю пра рукапісы Ўладзімера Караткевіча, якія зьніклі, калі яго абрабавалі. Уладзімер Караткевіч пакінуў нам загадку – ці захаваліся зьніклыя рукапісы ў сакрэтных фондах недзе ў Менску або Маскве, ці пад сілу нам вярнуць недапісаную частку “Каласоў пад сярпом тваім”? Я вельмі цікаўлюся гэтым пытаньнем, і гэтым нашая школа займаецца таксама”.

“Дзікае паляваньне караля Стаха” перакладзенае сярод іншых і на эстонскую мову, выдавалася яшчэ ў 1983 годзе. Новае выданьне па-эстонску ў юбілейны год не зьявілася. Тым ня меней беларусы Эстоніі імкнуцца шырэй пазнаёміць сваю краіну са спадчынай Уладзімера Караткевіча.

У сталіцы Эстоніі летась была створаная грамадзкая бібліятэка імя Ўладзімера Караткевіча ў юбілейны год пры беларускай нядзельнай школе. Талінская нядзельная школа імя Ўладзімера Караткевіча падрыхтывала да прэзэнтацыі кнігі выставу вырабаў сваіх вучняў.

Артур Цурбакоў кажа: “Наша школа спрабуе зрабіць і нешта больш важнае, ня толькі хадзіць на заняткі. Мы рыхтуем тэатральнае прадстаўленьне, батлейку. На выставе мы пакажам лялькі, якія ўжо зрабілі да спэктакля Ўладзімера Караткевіча “Лебядзіны скіт” і частку дэкарацыяў”.


Артур Цурбакоў распавёў, што выступаць будуць, магчыма, і па–эстонску: “Мы зьбіраемся з нашым спэктаклем аб'ехаць як мага больш прыходаў разнастайных хрысьціянскіх канфэсіяў. Ня толькі для беларусаў, але і для ўсіх ў эстонскім грамадзтве. Гэта частка нашай беларускай культуры, і нам ёсьць чым ганарыцца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG