Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашкоджаная цэнзарамі інсталяцыя “Піраміда Беларусі” ды яшчэ каля двух дзясяткаў твораў, якія былі забароненыя за часы Лукашэнкі да паказу на выставах мастакоў суполкі “Пагоня”, сёньня ўвечары пабачылі сьвет у Менску ў сядзібе БНФ.

"Піраміда Беларусі" – гэта самая апошняя па часе рэпрэсаваная праца мастакоў суполкі "Пагоня". 15 сакавіка ўжо на экспазыцыю прыйшоў чыноўнік Міністэрства культуры, і яму не спадабалася гэтая праца. Расшкамутаная цэнзарамі у часе транспарціроўкі з экспазыцыі на дзьве часткі яна так і стаіць у сёньняшняй экспазыцыі, прыхінутая да дзьвюх супрацьлеглых сьценаў залі ў сядзібе БНФ. "Піраміда Беларусі" – гэта, паводле словаў аўтара Генадзя Драздова, сымбаль сёньняшняй краіны. Гэта мэтафара яе. Мы будуем, сказаў ён, піраміду Беларусі, каб разбурыць антыбеларускую піраміду.

Кардонавая інсталяцыя стаяла ў цэнтры экспазыцыі штогадовай сакавіцкай выставы суполкі "Пагоня", якая адкрылася ў Палацы мастацтваў 11 сакавіка. А за дзень да гэтага, на загад кіраўніцтва Саюзу мастакоў Беларусі, было зьнята яшчэ 6 працаў. Дзьве графічныя работы Ўладзімера Крукоўскага, адна жывапісная Віктара Мікіты і дзьве працы Алеся Марачкіна. Тут жа побач і яшчэ адна праца Аляксея Марачкіна, зьнятая яшчэ ў 1997 годзе. Гэтая праца называецца "Лялькі". Яе потым яшчэ раз здымалі, у 1998-м, і з таго часу цэнзары яе не вярнулі аўтару. Для сёлетняй выставы мастак зрабіў копію.

1997 год – гэта пачатак масавага цэнзураваньня твораў мастакоў суполкі "Пагоня". Тут жа выстаўленыя "Вокны друку" мастачкі Тацяны Маркавец, таксама зьнятыя ў 1997 годзе. Гэта інсталяцыя зь беларускіх газэт у выглядзе закратаваных вокнаў як сымбаль зьняволенага беларускага слова.

На сьценах таксама разьмешчаныя працы Алеся Пушкіна – гэта сэрыя пад агульным назовам "Беларускія шпакоўні". Мастак распавёў цікавую гісторыю. Залетась 17 гэтых працаў запрасілі выставіць у швэдзкі горад Кальмар. Аднак, трэба было атрымаць дазвол на вываз твораў мастацтва ў Міністэрстве культуры, і дазвол быў выдадзены толькі на тры карціны, а 14 было вывозіць забаронена. Тады мастак у друку распавёў, што ён зрабіў фота забароненых да вывазу на выставу ў Швэцыю карцінаў і пакажа там гэтыя фотаздымкі. Чыноўнікі адступіліся і напісалі, што гэтыя творы ня маюць мастацкай вартасьці, а таму, маўляў, іх вываз дазваляецца.
XS
SM
MD
LG