Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку дапыталі ў КДБ, потым папярэдзілі ў міліцыі


Хрыстафор Жаляпаў

Хрыстафор Жаляпаў

Віцебскі каардынатар руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў быў на допыце ў абласной управе КДБ у якасьці сьведкі па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня. Пазьней яго выклікалі на прафіляктычную гутарку да намесьніка кіраўніка Чыгуначнага РАУС.

Паводле спадара Жаляпава, у КДБ яго распытвалі пра пасьлявыбарчыя падзеі як давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва і сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Аляксея Міхалевіча. 19 сьнежня віцебскі актывіст займаўся назіраньнем на выбарах і ў Менск ня езьдзіў.

Аднак Хыстафора Жаляпава выклікалі ў абласную ўправу КДБ ужо двойчы. Першы раз гэта адбылося 16 лютага. Але ў той дзень допыту не было: актывіста на службовай машыне адразу ж завезьлі ў прыватную хату, якая яму належыць, і ў якой праходзяць пасяджэньні мясцовага «Эўрапейскага клюбу», ды правялі ператрус. Пасьля ператрусу супрацоўнікі КДБ забралі кампутары і некалькі друкаваных выданьняў, якія дагэтуль не вярнулі.

У Чыгуначны райаддзел міліцыі спадара Жаляпава выклікалі як аднаго з заяўнікаў пікету да Дня Волі. Пікет быў замоўлены на вечар 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Але з Чыгуначнай раённай адміністрацыі актывісты атрымалі адмову: праводзіць мітынг ім было забаронена на той падставе, што якраз тым самым часам сваю акцыю «Разам — супраць сухотаў» у парку будзе ладзіць аддзел аховы здароўя.

У райаддзеле міліцыі Хрыстафору Жаляпаву яшчэ раз нагадалі пра забарону, папярэдзіўшы, што ў выпадку самавольнага правядзеньня акцыі ўдзельнікаў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці.
XS
SM
MD
LG