Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мішэль Рэнэры: гэта ня ўнутраная справа Лібіі


24 сакавіка амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры на працоўнай сустрэчы ў беларускім зьнешнепалітычным ведамстве прадставіць пазыцыю сваёй краіны па лібійскай праблеме.

Пра гэта французскі дыплямат напярэдадні паведаміў журналістам, перадае БелаПАН.

"Калі кіраўнік дзяржавы забівае свой народ, немагчыма казаць, што гэта ўнутраная справа Лібіі, маючы на ўвазе прынцып неўмяшаньня. Гэта пытаньне сумленьня. Права забіваць мірнае насельніцтва ні ў каго няма", – заявіў Рэнэры.

Паводле Рэнэры, Францыі вядома, якое зьявілася меркаваньне аб тым, што апэрацыя "Адысэя. Сьвітанак" нібыта выходзіць за межы рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН № 1973, але сам ён, як дыплямат, не сумняваецца ў кампэтэнцыі супрацоўнікаў францускага МЗС.

"Крытыкаваць – лёгка, працаваць – цяжка. Мы чуем крытыку з боку тых, хто нічога не прапаноўваў. Калі хтосьці мае лепшыя рашэньні, чым прапанавалі мы, Францыя да іх прыслухаецца. А той, хто нічога не прапаноўваў, ня мае права крытыкаваць", – сказаў пасол.

Ён аспрэчыў цьверджаньні аб тым, што мэтай кааліцыі зьяўляецца ліквідацыя Кадафі.

"Наша мэта – забясьпечыць бясьпеку грамадзянскага насельніцтва. Ліквідацыя кіраўнікоў дзяржаў – гэта не францускія мэтады", – сказаў Рэнэры.

Паводле дыплямата, "дыктатарам давяраць нельга".

20 сакавіка беларускі МЗС заклікаў краіны заходняй кааліцыі спыніць у Лібіі "баявыя дзеяньні, якія прыводзяць да чалавечых ахвяраў". "Урэгуляваньне канфлікту зьяўляецца ўнутранай справай Лібіі і павінна быць забясьпечана самім лібійскім народам без ваеннага ўмяшаньня звонку. Ракетна-бомбавыя ўдары па тэрыторыі Лібіі выходзяць за рамкі рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН № 1973 і супярэчаць яе галоўнай мэце – забесьпячэньня бясьпекі мірнага насельніцтва", – заявілі ў МЗС Беларусі 20 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG