Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску міліцыя засьцерагла апазыцыянэраў ад Дня Волі


Васьмярых бабруйскіх актывістаў апазыцыі папярэдзілі аб недапушчальнасьці ўдзелу ў масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах. Прафіляктычную гутарку з імі правёў начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Сяргей Малішэўскі.

Паводле каардынатаркі ставаранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Таісіі Кабанчук ніякіх папер актывісты не падпісвалі.

“Міліцыянт папярэдзіў нас пра адказнасьць, спаслаўшыся на артыкул адміністрацыйнага кодэксу “Аб масавых мерапрыемствах”. Ён яго нам зачытаў. Якім спосабам кіраваліся міліцыянты выклікаючы нас на гутарку засталося для нас загадкай. Відавочна – гэта гутарка спроба запалохваньня актывістаў перад Днём волі й “Чарнобыльскім шляхам”. На спрабавалі сказаць, што за ўсімі міліцыя сочыць. Тыя з кім сёньня гутарылі наўрад ці адмовяцца ад ўдзелу ў акцыяў пратэсту апазыцыі”, зазначыла адразу пасьля прафіляктычнай гутаркі Таісія Кабанчук.

Таісіі Кабанчук, яе паплечніку па партыі Максіму Рыжкевічу, актывісткам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіне Сьмірновай ды грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Вользе Піманавай позвы на гутарку ўручылі ўчора, калі затрымалі за распаўсюджваньне ўлётак да Дня волі. Да іх кампаніі міліцыянты далучылі актывістку “Гавары праўду” Алену Мядзьведзеву, сацыял-дэмакратаў “грамадоўцаў” Ірыну й Аляксандра Міцураў, ды актывістку БХД Ірына Увараву. Усе яны ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня, прайшлі допыты ў КДБ.

Сёньня спрабавалі папярэдзіць і пецярых магілёўскіх актывістаў. Іх выклікалі позвамі як сьведак. Апазыцыянэры ў міліцыю прыйшлі аднак ня сталі выслухоўваць папярэджаньне выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу аховы правапарадку й прафіляктыкі Ленінскага раёну Магілёва Андрэя Цецюрукова. Сышлі, напісаўшы скаргі на міліцыянта. Усе выкліканыя актывісты былі заяўнікамі не дазволеных уладай пікетаў за вызваленьне палітвязьняў. Першы зь іх меўся адбыцца на Дзень Волі.
XS
SM
MD
LG