Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэргі ля абменьнікаў як паказьнік эканамічнай палітыкі


Ажыятажны попыт насельніцтва на замежную валюту не спадае. Сытуацыю абцяжарыла тая акалічнасьць, што камэрцыйныя банкі атрымалі пісьмовае паведамленьне з Нацыянальнага банку, які абвясьціў, што спыняе продаж ім валюты для абменных пунктаў. Пра падрабязнасьці інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

МЕНСК


У сераду ў Менску ў многіх абменных пунктах кліенты з чэргаў па валюту атрымлівалі прыкладна такія ж адказы, як і карэспандэнт "Свабоды" ля касы "Абсолютбанка", што на праспэкце Незалежнасьці, 95:

"Валюты ў нас няма. Мы працуем з абароту — што купляем у насельніцтва, тое і прадаём".

Як патлумачыў "Свабодзе" начальнік упраўленьня Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў, у Беларусі захоўваецца кантроль за курсам валюты. Гэта робіцца дзеля таго, каб не дапусьціць фінансавага перакосу:

"Гэта будзе рэгуляваць рынак альбо Нацбанк. Нацыянальны банк мае права рэгуляваць такія працэсы".

Анатоль Драздоў таксама патлумачыў, чаму Нацбанк адмовіў камэрцыйным банкам у пастаўках валюты для абменьнікаў:

"У Беларусі на сёньня існуе норма, што суб'екты гаспадараньня, якія працуюць з валютай, адлічваюць нам 30 працэнтаў. І гэтыя адлічэньні складаюць толькі пятую частку ад усёй валюты ў Беларусі. Астатняя — на рахунках у камэрцыйных банках. У іх цяпер валюты ў 4 разы больш, чым у Нацбанку. Таму законнае пытаньне: чаму Нацбанк мусіць дапамагаць ім? Таму мы ім спрабуем гэтымі мерамі падказаць: працуйце больш самі з кліентамі. Гэта ж ваш бізнэс".

Паведаміў начальнік упраўленьня Нацбанку Анатоль Драздоў.

Далей — пра сытуацыю на валютным рынку ў рэгіёнах.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У большасьці абменьнікаў валюты няма

Берасьцейскі карэспандэнт "Свабоды" Сяргей Ягораў паведаміў, што жыхары памежнага гораду масава набываюць валюту ў абменьніках. Па ацэнцы журналіста, словы чыноўнікаў пра тое, што набыць даляры і эўра магчыма ў любым банку, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Шмат хто сутыкаецца з тым, што даляраў і эўра няма ў продажы.

У берасьцейскіх прадстаўніцтвах прыватных банкаў сьцьвярджаюць, што эўра і даляры ёсьць у абменьніках у неабходнай колькасьці. Нaмесьніца дырэктара банку ВТБ кажа, што на сёньня валюты дастаткова, каб забясьпечыць попыт на яе:

"У нашым банку ўсё ў парадку з валютай, вы можаце пайсьці ў нашы абменьнікі ў гатэлі "Інтурыст" або ў клюбе "Матрыца" — там ёсьць валюта ў дастатковай колькасьці".

У бальшыні абменьнікаў, аднак, валюты практычна няма, а калі і ёсьць, то нязначныя сумы ў межах 20—50 даляраў. У шэрагу абменьнікаў даляры і эўра наагул немагчыма набыць, кажа жыхарка Берасьця:

"
Зараз набыць валюту практычна немагчыма. Я была ў банку на Машэрава, па бульвары Касманаўтаў у банку каля ўнівэрсытэту. Нідзе няма даляраў і няма эўра
Ажыятаж выкліканы недаверам людзей да абяцаньняў чыноўнікаў"

"Зараз набыць валюту практычна немагчыма. Я была ў банку на Машэрава, па бульвары Касманаўтаў у банку каля ўнівэрсытэту. Нідзе няма даляраў і няма эўра. Мне падаецца, што гэта выклікана недаверам людзей да словаў чыноўнікаў. Тым больш, што было сказана, што даляр падаражэе. Наколькі — мне невядома".

Замежную валюту немагчыма зьняць і з банкаматаў. Шэраг тэрміналаў, дзе раней магчыма было зьняць даляры і эўра, цяпер выдаюць паведамленьне пра тэхнічную памылку, кажа жыхар Берасьця:

"Банкамат даляраў не дае"

"Я спрабаваў зьняць даляры з банкамата, але не дае. Я некалькі банкаматаў абышоў, спрабую зьняць грошы, а мне піша, што здарылася тэхнічная памылка. Зайшоў у касу, там зьняў грошы, але даляраў і там няма. Тычыцца гэта і эўра. Проста не разумею, што адбываецца, чаму ніхто нічога не тлумачыць?".



ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Адсутнасьць валюты стварае праблемы ў гандлі"

Адзін з гарадзенскіх прадпрымальнікаў працуе на рынку побач з абменьнікам і мае магчымасьць увесь час назіраць за чаргой. Сёньня ўдзень гэты абменьнік быў зачынены.

Яшчэ раніцай у абменьніку бывае дзьве або нават тры тысячы, але ўсё адразу раскупляецца
Прадпрымальнік: "Безумоўна, узьнікла ў апошні тыдзень такая праблема: узяць даляры вельмі цяжка. Яшчэ раніцай у абменьніку бывае дзьве або нават тры тысячы, але ўсё адразу раскупляецца. А зь сёньняшняга дня камэрцыйныя банкі працуюць толькі з той валютай, якую атрымалі з рук людзей: атрымалі — прадалі, ім Нацбанк ужо не дае. Абсалютна нідзе няма, калі здаецца, тут жа раскупляецца".

Праўда, у дробных гандляроў сёньня няшмат свабодных грошай, так што, нават маючы такую магчымасьць, шмат даляраў яны купіць усё роўна ня здолелі б, кажа гэты гарадзенскі прадпрымальнік. Ён, дарэчы, уважліва сочыць за разьвіцьцём сытуацыі на валютным рынку:

"Напруга ў тым пляне, што трэба ехаць па тавары — і валюты няма, і людзі гойсаюць па ўсім горадзе, каб дзесьці штосьці купіць. Праўда, пакуль эўра хапае. Гандлярам сёньня нялёгка, гандаль амаль што спыніўся. Таму грошай няма, каб такі вялікі ажыятаж ствараць. Яшчэ: машыны цяпер купляюць, бяруць крэдыты, скупляюць даляры. Кола замкнулася, карацей. Але цікавы момант: сёньня, як ведаем, беларускія чыноўнікі зноў кінуліся ў Маскву прасіць даляраў. Калі атрымаюць крэдыты, мільярды гэтыя, то, можа, сытуацыя нармалізуецца на месяц-два А потым зноў жа вернецца ўсё, прычыну ж мы ведаем".

Экспэрт "Свабоды": "Створаны магутны дысбалянс рублёвай масы і наяўнай валюты"

Беларускі эканаміст Леанід Заіка лічыць:

"Цяперашнія ўлады вельмі шмат рублёў выплацілі перад прэзыдэнцкімі выбарамі і таксама на пачатку 2011 году. Плюс да гэтага былі ня вельмі разумныя выступы аб падаражэньні ўжываных легкавых аўтамабіляў. Гэтым і
Цяперашнія ўлады вельмі шмат рублёў выплацілі перад прэзыдэнцкімі выбарамі і таксама на пачатку 2011 году
тлумачыцца цяперашняя сытуацыя.

Цяпер жа Нацбанк вырашыў ня ўзвальваць на сябе ўсю адказнасьць, а перакласьці яе і на камэрцыйныя банкі. Яны мусяць набываць валюту на біржах, а таксама ў іншых банках. Таму ўжо па безнаяўным курсе ідзе разьлік па кошце даляра 3600 беларускіх рублёў.

Сытуацыя разьвіваецца ў неспрыяльным кірунку. На гэты час ужо патрабуюцца тлумачэньні кіраўніка дзяржавы пра тое, як сытуацыя будзе выпраўляцца. Трэба тлумачыць людзям, што цяперашняя сытуацыя выклікана не ажыятажным попытам на валюту, а зьяўляецца вынікам непрадуманай эканамічнай палітыкі ўлады".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG