Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барыса Хамайды — ужо трэці мільённы штраф


Цягам апошняга месяца тры мільённыя штрафы на віцебскага апазыцыянэра наклаў судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў. 23 сакавіка за выхад у цэнтар Віцебску зь бел-чырвона-белым сьцягам ён чарговым разам пакараў Барыса Хамайду на 1 мільён 50 тысяч рублёў.

Судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў ужо двойчы пераглядаў справы апазыцыянэра, па якіх ягоныя калегі з Чыгуначнага райсуду раней выносілі апраўдальныя рашэньні.

Судзьдзі Алена Цыганкова і Алена Грабянчук не знаходзілі складу правапарушэньня ў тым, што Барыс Хамайда выходзіў распаўсюджваць незалежныя СМІ пад бел-чырвона-белым сьцягам. Але кіраўніцтва Чыгуначнага РАУС абскардзіла іх рашэньні ў абласным судзе.

Першы штраф памерам 30 базавых велічынь спадар Шыкароў прысудзіў Барысу Хамайду пасьля затрыманьня каля так званага "сіняга дома" — дома № 28 па вуліцы Леніна — яшчэ 2 сакавіка. Ён пагадзіўся з пратаколам, дзе супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі апазыцыянэра ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Пасьля гэтага яшчэ дзьве справы Барыса Хамайды, скасаваныя іншымі судзьдзямі, даверылі паўторна разьбіраць Уладзіславу Шыкарову.

17 сакавіка ён разьбіраў справу, скасаваную судзьдзёй Аленай Цыганковай, і зноў аштрафаваў Барыса Хамайду на 1 мільён 50 тысяч. 23 сакавіка ён прысудзіў спадару Хамайду новы штраф такога сама памеру пасьля разбору справы, скасаванай раней судзьдзёй Аленай Грабянчук.

У судзе Барыс Хамайда тлумачыў, што бел-чырвона-белы сьцяг — гэта не атрыбут пікету, а даніна гістарычнай памяці. Бо ў 2011 годзе спаўняецца 20 год незалежнасьці беларускай дзяржавы, і з гэтай нагоды віцебскі апазыцыянэр абвясьціў аднаасобную акцыю "2011 год — год нацыянальнага сьцяга". Суд такія аргумэнты пад увагу не прыняў.

Барыс Хамайда кажа, што штрафы сплочваць не зьбіраецца, бо ня хоча падтрымліваць уласнымі грашыма дзейную ўладу. У свае 64 гады ён знарок не афармляе пэнсію, каб зь яе не маглі вылічваць грошы ў кошт судовых пакараньняў. А вось акцыю "2011 год — год нацыянальнага сьцяга" працягваць будзе, нягледзячы на міліцэйскі і судовы перасьлед.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG