Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Дня Волі рыхтуюцца і апазыцыя, і міліцыя


Грамадзкія актывісты ў рэгіёнах рыхтуюцца адзначыць Дзень Волі — 25 сакавіка. Мясцовыя аддзелы КДБ і міліцыі таксама вядуць падрыхтоўку да гэтага дня – імкнуцца не дапусьціць, каб людзі выйшлі на вуліцу сьвяткаваць адметную дату нацыянальнай гісторыі.

Падрабязнасьці пра намеры апазыцыі і забароны ўлады паведамляюць журналісты "Свабоды". Ля мікрафона — Вячаслаў Кулік.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Патрыёты ўшануюць памяць выбітнай дзяячкі БНР

Грамадзкія актывісты Жлобіна замовілі на 25 сакавіка тры пікеты: два да Дня Волі, адзін — на знак салідарнасьці з палітзьняволенымі. Аднак Жлобінскі райвыканкам ня даў заяўнікам дазволу на пікеты.

Гаворыць заяўнік пікету, кіраўнік раённай арганізацыі партыі левых "Справядлівы сьвет" Валер Рыбчанка:

"Мы атрымалі адмовы выканкаму: у адным месцы — на падставе таго, што тут у гэты самы час будзе весьціся абрэзка дрэваў, у двух іншых — што гэтых месцаў няма ў сьпісе дазволеных на правядзеньне масавых мерапрыемстваў".

Апрача таго, вайсковы камісарыят праз тэлефон патрабуе, каб спадар Рыбчанка прыйшоў 25 сакавіка а 15-й гадзіне ў ваенкамат:

Патэлефанавала супрацоўніца ваенкамату й сказала, каб я прыйшоў у ваенкамат і забраў позву на 15 гадзіну 25 сакавіка
Каб перашкодзіць ініцыятару, яго шукае ўчастковы й выклікае ваенком

"Патэлефанавала супрацоўніца ваенкамату й сказала, каб я прыйшоў у ваенкамат і забраў позву на 15 гадзіну 25 сакавіка на правядзеньне нейкага інструктажу самім ваенкомам".

Сёньня, калі Валер Рыбчанка быў у ад’езьдзе, яго шукаў ужо ўчастковы міліцыянт.

У Рэчыцы міліцыя запатрабавала расьпіску ў старшыні абласной арганізацыі Партыі БНФ Валера Пуціцкага, што ён у Дзень Волі ня будзе ўдзельнічаць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах:

"Да мяне прыходзіў участковы інспэктар, каб узяць расьпіску аб тым, што я ня буду ўдзельнічаць 25 сакавіка ў несанкцыянаваных мерапрыемствах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Да мяне ходзіць міліцыя, як гадзіньнік. Яны ў тым годзе прыходзілі і ў гэтым ідуць. Крыху іншую расьпіску я ім даў. Я напісаў, што я не зьбіраюся ня толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але й за межамі Беларусі прымаць удзел у неканстытуцыйных акцыях".

У Рэчыцы адновяць грамадзкую прыёмную

Спадар Пуціцкі кажа, што на Дзень волі рэчыцкія актывісты выйдуць на суботнік, каб рамантаваць разрабаваную ў Дзень беларускай Канстытуцыі грамадзкую прыёмную:

У Рэчыцы офіс паламаны — дык мы суботнік такі правядзём 25 сакавіка
"У Рэчыцы офіс паламаны — дык мы суботнік такі правядзём 25 сакавіка. Нам на Дзень Канстытуцыі ўлады зрабілі падарунак зь ператрусам, паламалі ўсе дзьверы, кампутары забралі. Дык у нас будзе працоўны дзень, а ўвечары мы, можа, і адзначым, зробім што-кольвечы ўрачыстае, калі будзе дзе сабрацца, бо трапіць цяпер у памяшканьне немагчыма — яно яшчэ закбіта цьвікамі".

Вечарына на радзіме Палуты Бадуновай

У Гомелі на 25 сакавіка грамадзкія актывісты ўскладуць кветкі да месца, дзе стаяў дом Палуты Бадуновай, выбітнай дзяячкі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Апавядае старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

"Мы зьбіраемся 25 сакавіка ўшанаваць месца Палуты Бадуновай, зьезьдзіць туды, дзе яна жыла, ускласьці там кветкі. Ну, а потым будзе вечарына, прысьвечаная абвяшчэньню Беларускай Народнай Рэспублікі, і мы плянуем запрасіць бардаў".

ВІЦЕБШЧЫНА


У Дзень волі — кветкі на плошчу Свабоды ў гонар Васіля Быкава й Уладзімера Караткевіча

Зьміцер Пальчэўскі, які працуе на адным зь сельгаспрадпрыемстваў у Мёрскім раёне, распавёў, што на 25 сакавіка яму загадана перапыніць адпачынак ды выйсьці на працу.

Я панёс дакумэнты, каб узяць адпачынак, а дырэктар кажа, што каб я раней прыйшоў, дык ён бы мяне адпусьціў
"Я панёс дакумэнты, каб узяць адпачынак, а дырэктар кажа, што каб я раней прыйшоў, дык ён бы мяне адпусьціў. А так увогуле не хацеў адпускаць, бо яму патэлефанавалі і папярэдзілі: трэба, каб 25-га я быў на працы, не пакідаў гораду. Відаць, думалі, што я ў Менск зьбіраюся ехаць. А я й не зьбіраўся".

Мёрскія актывісты хацелі правесьці 25 сакавіка пікет у сваім райцэнтры. Але выканкам ня даў дазволу.

У рэгіёне забаронена 7 пікетаў да Дня Волі

Увогуле ж на Віцебшчыне забаронена 7 пікетаў, прымеркаваных да Дня Волі. Ніводная заяўка актывістаў не была падтрымана.

З Полацкага гарвыканкаму і з адміністрацыяў Першамайскага і Кастрычніцкага раёнаў Віцебску прыйшлі адмовы, бо заяўнікі не прадставілі дакумэнтаў на паслугі ЖКГ, міліцыі і "хуткай дапамогі" падчас масавага мерапрыемства. Хоць такія дамовы можна заключыць толькі пасьля атрыманьня дазволу на правядзеньне акцыі.

У Наваполацкім гарвыканкаме палічылі, што 25 сакавіка будзе акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі. І адмовілі з тае прычыны, што менская акцыя 19 сьнежня, на думку ўладаў, была неканстытуцыйная, і таму ўсе праявы салідарнасьці з тымі, хто быў затрыманы і зьняволены ў сувязі зь ёю, забароненыя.

Група віцебскіх актывістаў і асобна сябар АГП Сяргей Салодкін падавалі заяўкі на правядзеньне акцыі да Дня волі ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Адмовы з Чыгуначнай раённай адміністрацыі прыйшлі аднолькавыя. Цытуе спадар Салодкін:

На Дзень волі мясцовая ўлада са спазьненьнем будзе нагадваць пра ўсясьветную барацьбу з сухотамі

Разгледзеўшы вашу заяўку на правядзеньне масавага мерапрыемства 25 сакавіка, адказваем, што правядзеньне мітынгу ва ўказаным месцы немагчымае
"Разгледзеўшы вашу заяўку на правядзеньне масавага мерапрыемства 25 сакавіка, адказваем, што правядзеньне мітынгу ва ўказаным месцы немагчымае. Бо паводле распараджэньня віцебскай арганізацыі Чырвонага крыжа і кіраўніка Чыгуначнай адміністрацыі будзе праводзіцца акцыя "Разам — супраць сухотаў!", прысьвечаная інфармаваньню моладзі пра праблемы распаўсюджваньня сухотаў і лёгачных захворваньняў". І ўсе гэта якраз у той час, на які акцыю мы замаўлялі".

Актывісты адзначаюць, што Ўсясьветны дзень барацьбы супраць сухотаў ва ўсім сьвеце адзначаецца 24 сакавіка. І віцебская газэта "Народнае слова" таксама паведаміла, што ўсе агітацыйна-асьветніцкія і прафіляктычныя мерапрыемствы адбудуцца ў чацьвер. Толькі адміністрацыя Чыгуначнага раёну вырашыла працягваць барацьбу супраць сухотаў яшчэ і ў пятніцу.

Нягледзячы на тое, што дазволаў на акцыю не атрымана, віцебскія актывісты запрашаюць усіх землякоў разам адзначыць Дзень волі, сабраўшыся 25 сакавіка ў 17:30 на плошчы Свабоды. Яны плянуюць ускласьці кветкі да мэмарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава і да помніка Ўладзімеру Караткевічу.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Ленінскі аддзел міліцыі супраць сьвяткаваньня Дня Волі

У сераду магілёўская міліцыя намагалася папярэдзіць пяцёх партыйных актывістаў аб недапушчальнасьці правядзеньня 25 сакавіка несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Усе выкліканыя апазыцыянэры — заяўнікі не дазволеных уладай пікетаў за вызваленьне палітвязьняў. Першы зь іх меўся адбыцца на Дзень Волі. Тэму працягвае Андрэй Белагубаў.

Позвы ўчора позьнім вечарам прыносілі актывістам міліцыянты. Па якой справе іх выклікаюць у Ленінскі аддзел міліцыі, у позвах згадак не было. Сёньня да райаддзелу прыйшлі ня толькі выкліканыя апазыцыянэры, але і дзясятак іхніх паплечнікаў.

Яны ведаюць, што 25 сакавіка будзе сьвята для ўсіх беларусаў — вось, каб ня даць адсьвяткаваць, яны прыдумляюць нешта абсалютна антызаконнае
Першым у міліцыю пайшоў актывіст партыі БНФ Зьміцер Салаўёў. Зь ім — праваабаронца Барыс Бухель. Неўзабаве яны выйшлі з кабінэту, і Салаўёў заявіў:

"Была спроба вынесьці мне папярэджаньне, аднак у сувязі з тым, што статус пазначаны ў позьве адзін, а размова ішла пра другое, то афіцыйнага папярэджаньня так і не было. Яны ведаюць, што 25 сакавіка будзе сьвята для ўсіх беларусаў — вось, каб ня даць адсьвяткаваць, яны прыдумляюць нешта абсалютна антызаконнае".

Запісы пра памылкі міліцыянтаў апазыцыянэры зрабілі ў кнізе скаргаў і прапановаў РАУС

Паводле Барыса Бухеля, папярэджаньне зьбіраўся вынесьці маёр Андрэй Цецюрукоў. Ён выконвае абавязкі начальніка аддзелу правапарадку й прафіляктыкі. Праваабаронца зазначае:

"Выносіць папярэджаньне можа толькі начальнік, а пагутарыць — дык так і пішы: "на гутарку". Калі статус ня той, мы зараз ідзем пісаць скаргі ў кнігі скаргаў і сыходзім усе. Ён сказаў: "Сыходзьце".

Кабінэт маёра Цецюрукова ў адным крыле з аддзелам міграцыі і грамадзянства. Ідучы туды, апазыцыянэры жартавалі — "Зараз пазбавяць грамадзянства".


Зьяўленьне ў дзяжурнай частцы райаддзелу грамады з двух дзясяткаў чалавек зьбянтэжыла міліцыянтаў. Кнігу скаргаў і прапановаў яны далі апазыцыянэрам адразу ж. Што тыя пісалі ў ёй? Гаворыць сябра пазбаўленай рэгістрацыі партыі "Надзея" Галіна Лісіцына:

"Парушаныя мае правы як грамадзяніна. Ні было ніякага суду, на якім я б праходзіла як сьведка. Супраць каго й каму я буду сьведчыць? Гэта катэгарычна няправільна. Той, хто мяне запрасіў, мае быць пакараны".

Галіна Лісіцына


Скаргу на маёра Цецюрукова напісалі, акрамя Салаўёва й Лісіцынай, двое сяброў партыі левых "Справядлівы сьвет" Валерый Беразіенка ды Ўладзімер Заўялаў, а таксама сябра незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" Аляксандар Ірхо.

Зьміцер Салаўёў піша скаргу на маёра Цецюрокова
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG