Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выстава рэпрэсаваных твораў мастакоў “Пагоні”


Аляксей Марачкін. Здані, або Пераможцы

Аляксей Марачкін. Здані, або Пераможцы

23 сакавіка ў Менску ў сядзібе БНФ адчыняецца выстава рэпрэсаваных твораў. Яе экспазыцыю складуць карціны, зьнятыя ў розныя гады з выставаў творчай суполкі "Пагоня".

Творчая суполка "Пагоня" штогод ладзіць сваю традыцыйную выставу, прысьвечаную Дню волі. Сёлета яна адчынілася ў сталічным Палацы мастацтва 11 сакавіка. Напярэдадні адкрыцьця з экспазыцыі на патрабаваньне кіраўніцтва Саюзу мастакоў былі зьнятыя шэсьць твораў, да якіх потым дадалася інсталяцыя.

Рэпрэсаваныя творы сёньня ўвечары будуць выстаўленыя ў адмысловай экспазыцыі. Гаворыць старшыня суполкі мастак Алесь Марачкін: "Там будуць паказаныя творы, якія на працягу гэтых сямнаццаці гадоў рэпрэсавалі, здымалі з выставы, не давалі магчымасьці паказаць гледачам. Там будуць творы Алеся Пушкіна, Уладзімера Крукоўскага, Генадзя Драздова, мае творы. Варта, канечне, паглядзець, у чым жа гэтыя творы такія крамольныя, што і сёньня, і на працягу ўсіх гэтых сямнаццаці гадоў іх не дапускаюць да гледача".

У экспазыцыі будзе каля двух дзясяткаў твораў, але гэта далёка ня ўсе працы, пацярпелыя ад цэнзуры за часы Лукашэнкі. Аргкамітэт выставы ня здолеў сабраць усё, што было рэпрэсавана. Прычыны, кажа спадар Марачкін, розныя: "Некаторыя творы зьніклі. Але, што самае дзіўнае, ня буду называць прозьвішчаў, некаторыя мастакі нават пабаяліся таго, што намалявалі, і замалявалі гэтыя свае творы іншымі творамі, эстэцкімі, бесканфліктнымі. І такое бывае".

Ня будзе на выставе і сатырычнай графікі Алега Карповіча, якая першай зазнала цэнзуру на выставах "Пагоні", зазначае кіраўнік суполкі: "Шкада, што ня будзе твораў Алега Карповіча, ягонай сатырычнай графікі, таму што ён цяпер на афіцыйнай пасадзе працуе ў афіцыйнай прэзыдэнцкай газэце "Советская Белоруссия". Так што за гэты час шмат чаго адбылося".

Выстава рэтраспэктыўная, і пакажа ня толькі дзеяньні цэнзуры за апошнія сямнаццаць гадоў, але і зьмены ў лёсе некаторых творцаў, трансфармацыю іхных поглядаў і мастацкіх прынцыпаў. Працэсы гэтыя закранулі ня толькі мастакоў, але і ўсю творчую эліту беларускага грамадзтва.

Пачатак вэрнісажу рэпрэсаваных твораў — а 17-й.
XS
SM
MD
LG