Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная Воля" супраць Міністэрства інфармацыі


Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе адбудзецца разгляд пазову газэты "Народная Воля" да Міністэрства інфармацыі аб прызнаньні незаконным папярэджаньня, якое было вынесена выданьню 17 студзеня. Міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі ў студзені ўгледзеў парушэньне заканадаўства ў артыкуле, які быў апублікаваны ў "Народнай Волі" яшчэ ў верасьні.

Папярэджаньне газэта атрымала за артыкул “Хто пачуе лёзунг "Сыходзь!"?" – пра тое, што незарэгістраваны ў Беларусі "Малады фронт" пачынае аднайменную акцыю. "Народную Волю" міністар Алег Праляскоўскі абвінаваціў у "распаўсюдзе інфармацыі ад імя не прайшоўшай у вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю арганізацыі".

Галоўны рэдактар "Народнай Волі" Ёсіф Сярэдзіч лічыць падставу цалкам неабгрунтаванай: "Гэта ня мае ніякага дачыненьня да заканадаўства. Вар'яцтва тое, што нам прыпісваюць. Калі ўжо людзям сапраўды няма, чым заняцца, няхай пачытаюць дзяржаўныя газэты, дзе шмат разоў называецца "Малады фронт", даецца слова таму ж Дашкевічу ды іншым асобам з кіраўніцтва. А прычапіліся да "Народнай Волі".

Карэспандэнтка: "А ў вас адвакат ёсьць?"

Сярэдзіч: "Навошта нам адвакат? Мы і без адваката справімся. Мне здаецца, гэта той выпадак, калі ня трэба ніякія адвакаты".

На думку юрыста БАЖ Андрэя Бастунца, сам артыкул Закону аб СМІ, што тычыцца забароны распаўсюду інфармацыю аб дзейнасьці незарэгістраваных арганізацыяў, не адпавядае ні Канстытуцыі, ні міжнародна-прававым абавязальніцтвам Беларусі. Маўляў, з такімі падыходамі атрымліваецца, што нельга распавядаць пра дзейнасьць, да прыкладу, бацькоўскага камітэту ў школе. Альбо КПРФ і "Адзіная Расея" таксама незарэгістраваныя ў Беларусі, але дзяржаўныя СМІ ахвотна цытуюць Зюганава, Пуціна і Грызлова.

Да таго ж, кажа юрыст Андрэй Бастунец, "Малады форнт", наколькі я ведаю, зарэгістраваны. Зарэгістраваны ў Чэхіі. З падыходамі інфармацыю аб дзейнасьці любой арганізацыі, зарэгістраванай па-за межамі Беларусі, можна прызнаць незаконнай. Ну, і трэцяе – "а ці быў хлопчык?" Ці быў распаўсюд інфармацыі ад імя незарэгістраванай арганізацыі? Бо гэты артыкул быў падрыхтаваны журналістам. Тое, што ён падчас падрыхтоўкі артыкула ўзяў інтэрвію ў таго ці іншага сябра "Маладога фронту", зусім не азначае, што журналіст выступаў ад імя "Маладога фронту", што "Народная Воля" друкавала артыкул ад імя "Маладога фронту". Гэта быў звычайны журналісцкі артыкул".

Да прыкладу, у публікацыі "За кулісамі адной змовы" у "Советской Белоруссии" шмат газэтнай плошчы адведзена і самому лідэру "Маладога фронту" Зьмітру Дашкевічу, і арганізацыі. Рэгулярна згадваюць "Малады фронт" і ў прапагандысцкіх фільмах Беларускага тэлебачаньня -- кшталту "Жалезам па шклу" ды іншых. Але папярэджаньне Міністэрства інфармацыі вынесла "Народнай Волі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG