Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 сакавіка ў гатэлі "Bristol" у Варшаве адбудзецца канфэрэнцыя “Як дэмакратызаваць Беларусь?” Яе арганізавалі Польскі інстытут міжнародных справаў і амбасада Вялікай Брытаніі ў Варшаве. Інфармацыйным фундатарам выступае тэлеканал “Белсат”.

Удзельнікі варшаўскай канфэрэнцыі абмяркуюць палітычную і эканамічную сытуацыю ў Беларусі і прагнозы яе разьвіцьця. Зь беларускага боку ў канфэрэнцыі бяруць удзел лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, галоўны рэдактар "Нашай нівы" Андрэй Дынько і карэспандэнт "Газэты выборчай" у Беларусі Анджэй Пачобут. Яны возьмуць удзел у дыскусіях пра тое, у якім кірунку будзе разьвівацца рэжым ў Беларусі ў найбліжэйшыя гады, якую стратэгію трэба абраць Эўразьвязу адносна Беларусі, сытуацыю вакол няўрадавых арганізацый і мэдыяў. Свой адказ на гэтае пытаньне мае Аляксандар Мілінкевіч:

"Я для сябе даўно гэта вырашыў, што дэмакратызаваць трэба ня толькі праз сыстэму ўлады, выбары. А найперш трэба дэмакратызаваць людзей. І чым больш у душы і сэрцы, у галовах будзе дэмакратыі, тым мы бліжэй да яе. Гэта самая вялікая праблема, бо большасьць людзей жыве ў патэрналісцкім настроі і многім падабаецца, што ўлада жорсткая, ім здаецца, што гэта парадак. І тут корань зла".

Такая канфэрэнцыя адбываецца менавіта ў Варшаве, бо Польшча была і ёсьць актыўнай краінай у справе дэмакратызацыі Беларусі і ўмацаваньня яе незалежнасьці. Палякі маюць самыя вялікія праграмы для ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці і падтрымкі незалежных мэдыяў, – адзначае спадар Мілінкевіч. Адносна сваіх канкрэтных прапановаў па дэмакратызацыі Беларусі палітык сказаў, што Эўразьвяз павінен адкрыцца для Беларусі: быць больш даступным для беларусаў.

"Праблема візаў, праблема спэцыяльных адукацыйных праграмаў для
Эўразьвяз павінен адкрыцца для Беларусі: быць больш даступным для беларусаў
моладзі, падтрымка грамадзянскай супольнасьці ў нашай дзяржаве. І павінна быць больш Эўропы ў Беларусі. Мы больш павінны ведаць, на якіх прынцыпах аб'ядналася Эўропа, якія плюсы-мінусы гэтай інтэграцыі. Людзі павінны ведаць, што мы эўрапейцы па сваёй гісторыі здаўна і наша пэрспэктыва там. Гэта вялікая праца," – падкрэсьлівае Мілінкевіч.


Станіслаў Шушкевіч заявіў у інтэрнэт-мэдыях, што, маўляў, на варшаўскую канфэрэнцыю запрасілі ня тых, што "арганізатары не разабраліся, з кім маюць справу", маючы на ўвазе Аляксандра Мілінкевіча і Яраслава Раманчука. Спадар Мілінкевіч сказаў, што не зьвяртае ўвагі на такія закіды і калі Шушкевіч кудысьці выяжджае, то "ніколі не кажа, што запрасілі не таго". Мілінкевіч адхіляе абвінавачваньні Шушкевіча ў тым, што ён нібыта прапануе ўпісацца ў дыктатуру, толькі б нічога ў краіне не зьмяняць: "Я хачу, калі такія абвінавачаньні высоўваюцца, каб былі цытаты, які дзень і дзе гэта было сказана. Гэта няпраўда".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG