Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе над Ліхавідам пацярпелыя міліцыянты ня могуць даказаць сваіх траўм


У Партызанскім судзе Менску ідзе працэс над актывістам руху «За свабоду» Мікатам Ліхавідам, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня.



Абараняе актывіста адвакат Дар’я Ліпкіна. Яна, на думку назіральнікаў, спрычынілася сёньня да таго, што працэс над Мікітам Ліхавідам адрозьніваўся ад папярэдніх судоў над удзельнікамі Плошчы. Найперш сваёй актыўнай пазыцыяй. Спачатку адвакат Ліпкіна заявіла хадайніцтва аб спыненьні справы на той падставе, што доказаў масавых беспарадкаў, на думку адваката, сьледзтва не прадставіла і патрэбна новае расьсьледаваньне падзей 19 сьнежня. Але судзьдзя хадайніцтва адхіліла. Не пагадзілася адвакат Ліпкіна і з тым, што да 15 пацярпелых міліцыянтаў, якія ўжо фігуруюць у справе актывіста, абвінавачаньне вырашыла дадаць яшчэ 16 пацярпелых. Паводле адваката, не было дастаткова доказаў, што яны сапраўды пацярпелі. Але і гэтае хадайніцтва судзьдзя адхіліла і далучыла да сьпісу пацярпелых яшчэ 16 прозьвішчаў. Праўда, у выніку два пацярпелыя зь нейкіх прычын у суд не зьявіліся.

На падобных працэсах раней на допыт кожнага з пацярпелых суд траціў ад 5 да 10 хвілін: пытаньні пракурора, пытаньні адвакатаў, зрэдку пытаньні судзьдзі — і пачынаецца допыт новага пацярпелага. На працэсе над Мікітам Ліхавідам усё зьмянілася. Допыт першага ж пацярпелага, міліцыянта Пятра Караваева, расьцягнуўся болей як на гадзіну і заканчваўся ўжо пасьля перапынку на абед. Адвакат Дар’я Ліпкіна падрабязна распытвала пра ўсе абставіны падзеяў на плошчы 19 сьнежня і пра ролю ў іх гэтага канкрэтнага міліцыянта. Пётар Караваеў спачатку некаторыя пытаньні ігнараваў, сам паспрабаваў задаваць пытаньні, што судом забаронена, у выніку атрымаў заўвагу і далей адказваў больш карэктна.

Падрабязны допыт пацярпелых працягваўся і далей. Усяго за судовы дзень было апытана 10 пацярпелых. У выніку цяпер публіка ведае, што спэцназаўцы перад ужываньнем сілы на плошчы нікога не папярэджвалі і не прапаноўвалі дэманстрантам сысьці, што ніхто з пацярпелых ня можа пацьвердзіць, як іх калегі атрымалі свае траўмы ды пашкоджаньні, і што на плошчы да апошняга адбываўся мірны мітынг і толькі каля ўваходу ў Дом ураду 35-40 чалавек сапраўды парушалі грамадзкі парадак. Між тым спэцназ чамусьці быў кінуты на разгон усяго мітынгу.

Выявілася і гэткае агульнае месца ў паказаньнях пацярпелых міліцыянтаў: чамусьці ўсе яны паводле матэрыялаў справы не зьявіліся на экспэртызу альбо казалі зусім пра іншыя пашкоджаньні, чым пазначаныя сьледчымі. Як гэта можа быць — яшчэ, магчыма, належыць разьбірацца суду на заўтрашнім паседжаньні.

Гары Паганяйла
Адвакат Дар’я Ліпкіна ад камэнтару для прэсы пра вынікі судовага дня ўстрымалася. Пакуль не камэнтуе ход працэсу і пракурор. Былы судзьдзя, праваабаронца Гары Паганяйла, які назіраў за працэсам, выказаўся адносна таго, што ўдвая павялічылася колькасьць пацярпелых:

«Мая вэрсія — мэта гэтага ў тым, каб надзьмуць паболей туману вакол тых падзей, стварыць ілюзію таго, што сапраўды нібыта былі масавыя беспарадкі. І што нібыта быў масавы, прычым узброены, супраціў дзеяньням прадстаўнікоў улады, калі яна вырашыла падавіць мітынг сілай. А праз гэта хочуць стварыць дадатковую базу доказаў супраць удзельнікаў акцыі».

Працэс працягнецца 23 сакавіка. Яшчэ належыць дапытаць 19 пацярпелых. Пры дэталёвым допыце гэта праца на цэлы дзень, але назіральнікі не выключаюць, што допыты будуць праходзіць хутчэй. Судзьдзя Натальля Пыкіна ўжо выказала адвакату Ліпкінай заўвагу, што тая зацягвае працэс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG