Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«У Верамейках тупік, у які мясцовыя ўвагналі сябе самі…»


Так атрымалася, што на Чэрыкаўшчыну, у паўтаратысячныя Верамейкі я прыехаў, як раней казалі, у «чырвоны дзень календара» — споўнілася чвэрць стагодзьдзя гіганцкаму мясцоваму жывёлагадоўчаму комплексу, на якім рабілі практычна ўсе насельнікі паселішча. Дарэчы, «сьвінымі» справамі верамейцы займаюцца аж ад 16 стагодзьдзя. Яшчэ на пачатку перабудовы адсюль здавалі да 5 тысяч тон мяса ў год. Прынцып вырошчваньня парсючкоў калісьці сфармуляваў першы дырэктар, спадар Странчанка — за 8 месяцаў давесьці вагу кожнага да 112 кг паводле найноўшай тады італьянскай тэхналёгіі. Віктар Рыгоравіч ачольваў комплекс да 1997-га. Але потым сытуацыя зьмянілася настолькі, што ён уступіў у АГП і зрабіўся галоўным тутэйшым апазыцыянэрам. Пра гэта я і меўся быў напачатку пагутарыць. Але гэты хударлявы, з упэўненым позіркам, чалавек зьдзівіў узгадкамі пра выбары — маўляў, Верамейкі паставілі сумнеўны, але ўсебеларускі рэкорд.


Странчанка: «Перад закрыцьцём участку для галасаваньня выпхнулі за 8 мэтраў, высыпалі бюлетэні і паклалі стосікамі. Пасьля пачалі вышукваць хто „супраць“ — у іх атрымалася „адзін-адзін-адзін“. За Лукашэнку — 1035, а ўсяго 1046 выбарцаў. Інакш кажучы, 99,9 „за“. Такая лічба наўрад ці дзе яшчэ ёсьць у Беларусі. Участковую камісію ўзначальваў намесьнік старшыні райвыканкаму Рубэн Дзьмітрый Міхайлавіч…».

Карэспандэнт: «Вы арганізавалі незалежны экзыт-пол у вёсцы?».

Странчанка: «Так, празь дзень апыталі. У асноўным галасавалі альбо супраць усіх, альбо за аднаго з кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі. Туфта была…».

Вырашаем з суразмоўцам вандраваць па рэальных Верамейках разам. Акурат падыходзіць яшчэ адзін сябра апазыцыі ад партыі «Справядлівы сьвет», спадар Мішура. Да пэнсіі працаваў вартаўніком у лясгасе. Натуральна ведае, як маюцца 20 тутэйшых лесарубаў.

Мішура: «Заробку атрымалі ўсяго па 600 тысяч. А я ведаю, што такое цягаць уручную бярвеньні па пояс у сьнезе. Да канца працы выкладаюцца цалкам…».

Дзьмітрый Васільевіч ня першы год адстойвае правы пэнсіянэраў.


Мішура: «Каб чалавеку прывезьці дровы — 120–150 тысяч прычэп, калі дрэнныя. Калі добрыя — 180–220. Пры тым пэнсія па 400–500 тысяч, 40% зь якой сыходзіць на лекі. І гавораць — „Лукашэнка грошы дае“. Кажу, вы ж усё сваёй працай зарабілі, дзяржава абавязаная вас забясьпечыць! А вы ў санаторый зьбераце грошы?! Маўчаць…».

Дзьмітрый Мішура некалі ўзначальваў Палац культуры, займаўся з моладзьдзю. Параўнаньне не на карысьць цяперашняга часу.

Мішура: «Калі буйныя мерапрыемствы, дыскатэкі на паўтысячы былі, людзі танцавалі на вуліцы. Цяпер прыходзяць па 80–90 чалавек — той казаў жа, што народу патрэбныя „чарка ды скварка“. У нас ёсьць крама „Ўтулак“ — моладзь бавіць час па завугольлях…».

Аднак вяртаемся да галоўнага — што адбываецца на працаўтваральным комплексе, дзе, між іншым, 450 работнікаў. Ацэнка спадара Странчанкі.

Странчанка: «Самая галоўная праблема пачалася, калі рабочыя комплексу пагадзіліся ўвайсьці на сходзе ў аб’яднаньне «Магілёўхлебпрам». А дагэтуль было ўнітарнае прадпрыемства «Саўгас-камбінат „Сьветлы“. Адміністрацыя ўсталёўвала сваю сыстэму заробкаў. Цяпер яны зьменшыліся, людзей скарацілі. Для комплексу пакідаюць разьлічыцца зь бюджэтам і мінімум зарплаты. Комплекс завінаваціўся ў пэнсійны фонд 500 мільёнаў рублёў. Гэта тупік, у які рабочыя ўвагналі сябе самі…».

Пра вартаўніцу на комплексе, спадарыню Тамару Пянькоўскую, у вёсцы кажуць — «заўжды рэжа праўду-матку». Балазе яе ніколі ня трэба цягнуць за язык.


Пянькоўская: «Як сказаў іх генэральны дырэктар Іваноў, «дрэнна працуеце, няма „прывесаў“. Па сутнасьці, мана, бо пагалоўе расьце — да 40 тысяч. Сваіх сьвіней ён корміць, а працоўныя — як „рабсіла“, самі па сабе. Нам даюць пэўную колькасьць сьвіней, каб аплачвалі газ, сьвятло. Хлебакамбінат падняўся на нашых касьцях! Я і многія казалі — нельга даваць зь ім аб’яднацца. З кожнага ўчастку „выбіралі“ па 2–3 чалавекі з тых, хто будзе маўчаць. Яны вырашылі, што трэба акцыянавацца, і камбінат забраў сабе кантрольны пакет — на комплекс прыйшлося ўсяго 1,5%. Каб былі самастойныя, нам бы штогод не мянялі дырэктараў, а паставілі такога, як Гаспадараў, вырашчаны тут з маленства, які ведаў, куды ўкласьці 10 капеек, каб атрымаць рубель. Не даваў хабару, не накладаў сабе ў кошык…».

Цяпер жа маем, што маем, — цьвердзіць спадарыня Тамара.

Пянькоўская: «У нас генэральны цяпер што хоча, тое і вароціць. Павінна была сёлета павялічыцца зарплата — тарыф быў 1063 рублі за гадзіну працы. У апэратараў даеньня зьнялі — цяпер толькі па „прывесах“ і канчатковым выніку заробак. У мяне стаж 20 гадоў — 500 зь нечым. У сярэднім па комплексе 500 тысяч, калі ж прыбраць галоўных спэцыялістаў, ня выйдзе нават 400. Умовы працы — па нашым гаражы ў кабінэтах начальніка, дыспэтчарскай усё цячэ. Зь мінулага году былы начальнік Драздоўскі забараніў паліць — усе трубы прарвала. Цяпер у канторы, прамзоне, як у першабытныя часы, стаяць печкі-буржуйкі з дровамі. (Сьмяецца.) Раней хоць кавалак гаспадарчага мыла давалі раз на квартал — усё прынясі сам. Пах ад рэзьні ўлетку вытрымаць нельга, бо выкіды трэба вывозіць штодня, а вывозяць раз на тыдзень пры плюс 30. А апэратары 8 гадзін днём, ноччу 15. Людзі, вядома, звальняцца ня будуць, бо працы тут няма…».

* * *
Чатыры гады таму ў вёсцы ўзьнік аграгарадок. На сустрэчах зь мясцовым ды раённым начальствам верамейцы прасілі вырашыць хоць мінімальнае — перанесьці да чыгункі прыпынак для пасажыраў рэйсавых аўтобусаў, аднавіць працу мясной крамы ад былога камбінату «Сьветлы» — як вы чулі, адной з крыніц існаваньня мясцовых. Пра тое, што сёньня ўяўляе сабою «гарадок» — ізноў вуснамі Тамары Пянькоўскай.

Пянькоўская: «Са сьмецьцем — прайсьці ў дварах немагчыма. Я ў сельсавеце казала — ня хочуць набіраць вартаўнікоў, хай выходзяць усе камунгасаўцы і чысьцяць дарогі, каб людзям можна было хадзіць — мы ж плацім за тэхабслугоўваньне. Нельга было аграгарадок пачынаць з платоў. А ў людзей дахі так і цякуць. Людзі баяцца — хіба хтосьці зробіць, будуць рады. Я казала — дзеўкі, будзеце маўчаць, вам жа горш! У вас крэдыты, дзеці-школьнікі, вам за кватэру плаціць — зубы на паліцу пакласьці!».

Ускоснае пацьверджаньне слоў спадарыні Тамары атрымалі, калі ўвайшлі ў так званую фэрмэрскую краму. Я шакаваны — у даволі прасторнай залі ўсяго на некалькіх паліцах кансэрвы з сардынэлай, тушаным мясам ды кукурузай. Прадавачка Натальля Баранава заломвае рукі.

Баранава: «Вы не запісвайце, бо здымуць-звольняць па артыкуле. У нас было наведнікаў за сотню ў дзень, зараз 2–3 чалавекі зойдзе. Цяпер ніводная фірма не дае прадукцыі — запазычанасьць, пэўна…».

Мой спадарожнік спадар Странчанка апавядае, што крама, якая памірае, належыць фэрмэрскаму сямейству Марачкіных. Імя гаспадара грымела раней у навакольлі.

Странчанка: «Ён закупіў 5 фур замежных, займаўся грузаперавозкамі. Потым узяў зямлю, вырошчваў капусту, бульбу, зерне, спрабаваў адкрыць жывёлагадоўчую фэрму. У яго працавала 150 чалавек!. Але крыза — грузаперавозкі адышлі, драўніну ўлада забараніла прадаваць. Трэба плаціць вялікую арэндную плату — ну і вось… А вось і Віктар Хведаравіч!».

Вось так я і пазнаёміўся з… Лукашэнкам — мясцовым, вядома, цёзкам па прозьвішчы. Спадар Віктар — гісторык. Краязнаўца. І я тут жа пацікавіўся паходжаньнем дзіўнаватай назвы вёскі.


Лукашэнка: «Ёсьць 2 вэрсіі. Пасяліўся тут багаты Верамей, які хацеў аддзяліцца возерам, каб ніхто побач ня жыў. А іншая — нешта не атрымлівалася ў пасяленцаў, ці ўраджай гіне, і раптам зьверху голас — „веру майце“!».

Вочы Віктара Лукашэнкі загарэліся, калі пачаў распавядаць пра справу, якой аддае ўвесь вольны час — стварэньне летапісу-кронікі пра Верамейкі.

Лукашэнка: «Хочам пачаць з палеаліту — у нас адна з самых старажытных стаянак. Кніга „Памяць“ была задумана як палітычная — тое не адлюстравана, тое. Спонсар — наш зямляк Быкаў Уладзімір Яўгенавіч, ён бізнэсмэн, 2 ордэны за мэцэнацтва мае. Наклад 200 асобнікаў нам гарантуюць…».

Яшчэ нядаўна вялізнай праблемай вясковых была якасьць хлеба, які прывозілі з раённага Чэрыкава. Казалі, што ўзяць яго ў руку — застаецца пячатка. І пра кіслыя батоны зь нясьцерпнымі пахамі. Мне б сёньня такія праблемы — кажа ўладальніца адзінай тут прыватнай крамы, спадарыня Тацьцяна Сулімава. Паводле 360 указу яна з ІП ператварылася ў «чупаўку» — стварыла прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Не дапамагло!


Сулімава: «Хлеб добры стаў чэрыкаўскі. А ў краме нявыгадна стала працаваць. Выдаткі вялікія, а праходнасьць тавару — не. А падаткі павялічыліся, электраэнэргія каштуе ў 3 разы больш. Заробак патрабуюць з раёну, каб у маіх 750 даляраў быў — а дзе ж я іх вазьму?! Я і закрываюся, бо нявыгадна…».

Весткі пра прыезд сьвежага чалавека, тым больш карэспандэнта, разносяцца па вёсцы імгненна. На вуліцы да мяне падышоў 28-гадовы Зьміцер.

Зьміцер: «Што нам даў „бацька“ — нічога! Спартовыя палацы пабудаваў — дай працы людзям! Беспрацоўных шмат. На комплексе ў будаўнічых брыгадах 300 тысяч зарабляе чалавек — гэта чаравікі толькі купіць. А тое, што пяе па БТ, — нішто…».

Аб’ектыўны адказ на нястачы «зьнізу» — цэлы рух гастарбайтэраў, якіх у Верамейках звыш сотні. Я сустрэўся з двума цёзкамі рознага веку. 53-гадовы будаўнік Аляксандар езьдзіць у Расею 12 год. Кажа, што не шкадуе «ані кропелькі».

Аляксандр: «Будуем лецішчы ў Падмаскоўі. Заробак ад дамовы — кажуць, колькі нам заплацяць. За месяц маю 3000 даляраў…».

Карэспандэнт: «Наколькі небясьпечна быць гастарбайтэрам?».

Аляксандр: «У мяне выдатна ўсё — жыльлё ў Падмаскоўі. Мяне ня спаліш, мясцовыя ставяцца да мяне як да тутэйшага. Я імкнуўся, каб мне пашанцавала — калі быў Саюз, езьдзіў па вахтах на Поўнач…».

Стаж яшчэ аднаго Аляксандра, 35-гадовага цесьляра, меншы — 10 гадоў. І ён яшчэ не настолькі адарваўся ад малой радзімы.

Аляксандар: «Можна езьдзіць у Менск і Расею — выбраў апошнюю, бо выходзіць больш. На „кідалава“ нас бог мілаваў — папярэдне аплату бярэм. У сярэднім за месяц на нашы 2 мільёны маем — і гэтым задаволеныя. Мы працуем на прыватнікаў — у аднаго зробім, другія просяць. Просяць і тут, але зробіш за 50 тысяч, а там за тое ж 500, а то і больш. Надакучыла, вядома, езьдзіць — каб на радзіме заробак хаця б мільён у месяц, нікуды б не паехаў. У Верамейках ня сьвеціць…».

Бадай што зь 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя ўсе падзеі, што адбываюцца ў Верамейках, адсочвае мясцовая карэспандэнтка незалежнай рэгіянальнай газэты «Вольны горад», былая настаўніца спадарыня Шарабурка. Людміла Міхайлаўна ў часе вандроўкі была толькі вярнуўшыся з бальніцы. Але я ня мог не пачуць яе ўражаньні ад верамейкаўскага жыцьця.


Шарабурка: «Людзі ходзяць зусім зацкаваныя. Выйшлі з аўтобуса — аніякіх усьмешак, не гавораць між сабой, каб нехта некаму нечага не перадаў. На вёсцы раней адзначалі сьвяты, дні народзінаў — зойдзеш у калідор, пахі страваў. Нічога! Заробкі, па сутнасьці, 200 тысяч у рабочых, зьнялі дабаўкі за выслугу год, перапрацоўку. Перад выбарамі выступілі кандыдаты — галовы паднялі. Пасьля Лукашэнкі ізноў маўчаць — у яго ёсьць здольнасьць рабіць масавы псыхоз. Усё ў яго руках — сілавыя структуры, такая магутнасьць! Зараз усе перажываюць за зьбітых — гэта ж сумленьне, інтэлект нацыі! Пачынаеш тлумачыць — агрэсія, як у псыхічна хворых. Да выбараў казалі — хочам страйкаваць, падкажыце, як ажыцьцявіць. Шмат сем’яў разбурылася. На колькі іх хопіць — ня ведаю…».
XS
SM
MD
LG