Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мы фактычна ўжо маем некалькі розных курсаў рубля»


Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

Нацыянальны банк Беларусі накіраваў у камэрцыйныя банкі ліст, у якім паведамляецца, што продаж Нацбанкам валюты для камэрцыйных банкаў спынены. Да якіх вынікаў можа прывесьці гэты крок, ці можа гэта павялічыць паніку і чаканьні дэвальвацыі? Ці могуць прывесьці апошнія дзеяньні эканамічных уладаў да зьяўленьня некалькіх паралельных курсаў беларускага рубля? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст, экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

Цыганкоў: Чаму Нацбанк Беларусі вымушаны быў прыняць такое рашэньне? Ці было яно абгрунтаваным і апраўданым? Ці нельга сказаць, што за добрымі намерамі хаваюцца адваротныя вынікі, і гэты крок толькі распальвае паніку?

Крук: Абгрунтаваным наўрад ці гэты крок можна назваць. Хутчэй за ўсё, гэты захад быў непазьбежным. І, выглядае, што ён сьведчыць пра недастатковы ўзровень рэзэрваў.

Магчыма, частку ажыятажнага попыту, які ўзьнік на мінулым тыдні, Нацбанку ўдалося зьбіць, і ён палічыў немэтазгодным накіроўваць астатнія запасы золатавалютнага рэзэрву на падтрыманьне гэтага попыту.

Але, я пагаджуся з вамі, што гэты крок можа толькі распаліць дадатковы ажыятаж. І я не выключаю, што гэта можа стварыць сытуацыю, якая была ўжо на мінулым тыдні — недахопу валюты ў абменьніках.
Зыходзячы з таго, як паводзіць сябе Нацбанк, мне здаецца, што задача па ўтрыманьні курсу зьяўляецца палітычнай.

Цыганкоў: Ужо зьявіліся паведамленьні, што на рынках за імпартныя тавары прымаюць толькі валюту, альбо пералічваюць цану па нейкім фантастычным курсе — 3600-4000 рублёў за даляр. Ці азначае гэта, што Нацбанк будзе да апошняга трымаць наяўны курс, і мы можам прыйсьці да розных курсаў беларускага рубля — адзін за наяўны, другі за безнаяўны, як гэта было ў 90-я?

Крук: Зыходзячы з таго, як паводзіць сябе Нацбанк, мне здаецца, што задача па ўтрыманьні курсу зьяўляецца палітычнай, і Нацбанк зробіць усё, каб афіцыйна гэты курс утрымаць. Таму — так, я дапускаю, што можа ўзьнікнуць мноства курсаў, і мы фактычна ўжо маем гэтую сытуацыю. Але пытаньне ў тым, наколькі гэта працягнецца.

Мне здаецца, Нацбанк мае на ўвазе хуткае атрыманьне крэдытаў — ад Расеі і ЭўрАзЭС. Тады Нацбанк плянуе стабілізаваць сытуацыю з выкарыстаньнем гэтых крэдытаў.

Цыганкоў: Такім чынам, сёньняшні крок не наблізіў магчымую дэвальвацыю беларускага рубля? Які ваш прагноз?

Крук: Не бяруся з упэўненасьцю сьцьвярджаць, бо гэта ўжо не пытаньне эканомікі, а палітычнае рашэньне, пытаньне маральнага выбару. Так, тэндэнцыі ў эканоміцы сьведчаць, што ціск на абменны курс надта вялікі і стрымліваць яго вельмі цяжка. Але якое будзе прынята рашэньне, залежыць ня толькі ад эканамічных чыньнікаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG