Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьверты дзень авіяцыя кааліцыі наносіць удары па ваеннай інфраструктуры лібійскага лідэра Муамара Кадафі.

Зэнітная стральба гучала ў Трыпалі ўсю мінулую ноч. Прэсавы сакратар лібійскага ўраду заявіў, што бомбавыя і ракетныя ўдары выклікалі шматлікія ахвяры сярод мірнага насельніцтва ў раёне партоў і аэрапорта Сірт.

Паводле Франс-прэс, удары былі нанесеныя па ваенна-марской базе паблізу Трыпалі.

Між тым, працягваюцца баі паміж войскамі, вернымі Кадафі, і паўстанцамі; паводле Аль –Джазіры, улады вярнулі кантроль над трэцім паводле велічыні горадам краіны Місрата.

Амэрыканскія вайскоўцы паведамляюць пра тое, што гэтай ноччу разьбіўся адзін баявы самалёт, але з-за аварыі, а не зэнітнага агню.

Генэрал Картэр Хэм, прадстаўнік амэрыканскіх войскаў у лібійскай апэрацыі, заявіў, што авіяўдары зараз сталі менш інтэнсіўнымі, бо за 3 дні была зьнішчаная большая частка лібійскай сыстэмы СПА.

Неназваны прадстаўнік міністэрства абароны ЗША сказаў у інтэрвію Associated Press, што бомбавыя і ракетныя атакі скарацілі магчымасьці СПА Лібіі больш чым на 50 адсоткаў.

Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі сутыкнуліся з крытыкай за інтэнсіўнасьць ваеннай апэрацыі.

Кітай, які разам з Расеяй устрымаўся ад галасаваньня на мінулым тыдні за рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН, сёньня заклікаў да неадкладнага спыненьня агню. Прадстаўнік МЗС Кітаю заявіў, што ўжываньне сілы ў Лібіі "можа прывесьці да павялічэньня ахвяраў сярод грамадзянскага насельніцтва і гуманітарнага крызысу."

Кааліцыя заяўляе, што хоча, каб Кадафі сышоў ад улады, але настойвае на тым, што цяперашняя кампанія арыентаваная на абарону цывільных асобаў, як гэта прадугледжана рэзалюцыяй Рады бясьпекі ААН.

Ваенная апэрацыя ў Лібіі выклікала публічны завочны канфлікт паміж прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам Расеі. Уладзімер Пуцін асудзіў ня толькі баявыя дзеяньні, але і саму рэзалюцыю. Дзьмітры Мядзьведзеў сказаў, што Расея ў цэлым падзяляе падыходы, выкладзеныя ў рэзалюцыі.

Цікава адзначыць, што дзяржаўнае расейскае тэлебачаньне паказала толькі ацэнку сытуацыі прэзыдэнтам, замаўчаўшы словы прэм’ера, у той час як Беларускае ТБ прывяло толькі ацэнку кіраўніка расейскага ўраду, не паведаміўшы гледачам пра меркаваньне расейскага прэзыдэнта.

Між тым застаецца не зусім зразумелым, хто ж кіруе апэрацыяй у Лібіі. У межах кааліцыі існуе каардынацыя, але няма адзінага камандаваньня. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што Злучаныя Штаты перададуць сваю вядучую ролю ў апэрацыі "на працягу некалькіх дзён", каб адказнасьць за забесьпячэньне “беспалётнай” зоны над Лібіяй не ляжала на адных ЗША.

Нарвэгія дала на апэрацыю 6 зьнішчальнікаў, але заявіла, што яны ня будуць удзельнічаць у баях, пакуль ня будзе вызначана, хто ж кіруе апэрацыяй.

Вялікабрытанія, Італія і ЗША мяркуюць, што камандаваньне павінна ажыцьцяўляцца праз НАТА. Але іншыя сябры альянсу, такія як Турцыя, выступаюць супраць гэтага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG