Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малако, мяса, праезд у электрычках... Што яшчэ не падаражэла?


У Беларусі працягваюць даражэць тавары і паслугі. Улады абвясьцілі, што на 2—4 працэнты падвышаюцца гранічныя адпускныя цэны на прадукты харчаваньня: сьвініну, ялавічыну, малако, а таксама сьмятану, кефір ды тварог. А квіткі на праезд ў электрацягніках у бліжэйшыя дні стануць даражэйшымі на 14 працэнтаў.

У аўторак рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды" наведалі крамы, рынкі й вакзалы, дзе цікавіліся меркаваньнямі людзей наконт стаўленьня да чарговага падаражэньня.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


"Ня ведаю, як жыць далей, бо ўсё навокал даражэе і даражэе"

Найбольш хваравіта ўспрымаюць чарговую хвалю падаражэньня пэнсіянэры.

Жыхарка Маларыцкага раёну Марыя Васільеўна кажа, што пэнсіі, нягледзячы на абяцаньні ўраду, не павялічыліся, а выдаткі на жыцьцё большаюць:

"У мяне вельмі маленькая пэнсія. У месяц усяго толькі 400 тысяч. Часта прыходзіцца езьдзіць на чыгуначным транспарце ў лякарні. А цяпер, як цана на квіткі павялічваецца, то і ня ведаю, як жыць далей, бо ўсе навокал даражэе і даражэе…".

Жыхарка Жабінкаўскага раёну Зінаіда Пятроўна таксама адзначае, што цяперашнія цэны на прадукты ў крамах палохаюць:

"Зойдзеш у краму, заплаціш 50 тысяч рублёў, а набудзеш прадуктаў толькі на адзін дзень. Увогуле, сярод маіх знаёмых шмат тых, хто робіць запасы прадуктаў. Але ж на ўсё жыцьцё не назапасіш. Вялікае цяпер падаражэньне ня толькі на прадукты, але й на камунальныя паслугі, на электраэнэргію".

Каб пракарміць сям'ю з трох чалавек, у месяц трэба каля паўмільёна рублёў, кажа жыхарка Бярозаўскага раёну. Прычым ня ўсе маюць магчымасьць зарабіць такія грошы:

"Для таго каб пракарміць сям'ю, цяпер неабходна выдаткоўваць каля 500 тысяч. Цяпер менш не атрымаецца".

І ў вёсках цяжка. Нават з улікам таго, што тут практычна ўсе трымаюць гаспадарку, а некаторыя вырошчваюць гародніну ў парніках. Кажа жыхарка Столінскага раёну:

"Большая частка заробку ідзе на прадукты. Але мусім трымаць гаспадарку. Многія вырошчваюць капустку, гуркі ў парніках. Вяскоўцы намагаюцца таксама ўзяць болей сотак у калгасе".


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Беларускія харчы даражэюць два-тры разы на месяц

У Магілёве прадаўцы малочных харчоў па некалькі разоў на месяц перапісваюць цэньнікі. Людзі сталага веку занятыя пошукам таньнейшага тавару. Кажуць, што іх падманулі абяцаньнямі.

У магілёўскім мікрараёне "МІР-1" месьціцца Дубравенкаўскі рынак. Забудаваны раён пераважна старымі "хрушчоўкамі". Значная частка яго насельніцтва — людзі сталага веку. Яны найчасьцей і наведваюць рынкавыя павільёны. Па харчы людзі прыходзяць задоўга да адкрыцьця. Выбіраем таньнейшае, кажуць:

Спадарыня: "Крыўдна, канечне, што ўсё даражэе. А заробкі ж нам не падвышаюць. Дык няхай і ня робяць падаражэньня. Я хаджу й баюся нешта лішняе купіць. Усё дорага".

Спадарыня:
"Масла вось сьметанковае — дваццаць тысяч. Ну хіба можна за 500 тысяч пэнсіі купіць гэты харч? Найбольш падаражэлі мясныя прадукты. Ды цяпер і гародніна таксама дужа добра падаражэла. Бульба на рынку — чатыры тысячы за адзін кіляграм".

Найбольш актыўна старыя разьбіраюць малочныя вырабы, адзначаюць прадаўцы. Ці часта даводзіцца перапісваць цэньнікі на гэтыя харчы, пытаюся ў прадаўца малочнай крамы:

"Беларуская прадукцыя даражэе за месяц два, а то і тры разы. Нават няхай на дзесяць рублёў, на пяцьдзясят, але гэта тым ня менш падаражэньне".

Старыя ў чаканьні адкрыцьця малочнай крамы. У ёй харчы таньнейшыя

Карэспандэнт: "Калі малако 1500, то?.."

Прадавец:
"Ужо 1620 — наша, магілёўскае!"

Карэспандэнт:
"А месяц таму было колькі?"

Прадавец: "1580 літровы пакунак. На сыры дык наагул вялізныя цэны. Людзі ўжо забылі смак сыроў".

Чаму растуць цэны, ня ведаюць ні прадаўцы, ні пакупнікі. Вось характэрнае меркаваньне спадарыні сталага веку:

"Незразумела. Абяцалі адно, а выходзіць другое".

Карэспандэнт:
"Гэта вы пра выбары кажаце?"

Спадарыня:
"Так, так. Пра выбары. Квартплата якая дарагая стала. Цэны як падскочылі. І бэнзін як падаражэў рэзка. А сёньня ўжо кажуць, што крупы, пярлоўка, каштуюць ужо 5600 рублёў за кіляграм. Дык калі на гэта такія цэны, дык што будзе далей…".


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Эканоміць цяпер не атрымліваецца"

Гарадзенцы адзначаюць, што цэны на харчы падвышаюцца як у крамах, так і на рынках. Гэты працэс, на думку людзей, становіцца няспынным.

На Цэнтральным рынку ў Горадні ў будзённы дзень ня вельмі людна. Людзі абыходзяць прылаўкі, шукаючы таньнейшых харчоў.

Муж і жонка толькі што адышлі ад прылаўка, за якім прадаюць гуркі. Кажуць, што пакуль ня могуць сабе такога дазволіць, бо цана 6600 рублёў за кіляграм занадта высокая.

Спадарыня: "Эканоміць не ўдаецца, бо прыходзіш на рынак альбо ў краму, а заробак мізэрны, а цэны кожны дзень растуць".

Карэспандэнт: "Скажыце калі ласка, а на якія харчы найболей зараз цэны падвышаюцца, чаго цяпер купляеце меней?".

Спадарыня: "Ой, мяса даўно ўжо не куплялі… Праўда, гледзячы якое мяса — як, скажам, бяз косткі, дык недзе па 18 тысяч за кіляграм. На малако значна павысіліся цэны і вельмі на крупы — грэчка завоблачна дарагая…".

Бачу, старэйшы спадар ходзіць каля прылаўкаў і толькі пакручвае галавой. Пытаюся ў яго — чаму ён так дзівіцца?

Спадар: "Цэны ў два разы вырасьлі. Я, праўда ня быў тут ужо пару месяцаў, зьдзіўляюся…".

Карэспандэнт: "І на што найболей вырасьлі цэны?".

Спадар: "На харчы: мяса, малако, сьпіртовыя вырабы…".

Карэспандэнт: "І як думаеце з гэтымі цэнамі змагацца? Дасьце рады на пэнсію пражыць?"

Спадар: "Ну вось жонка ўзяла грошы і пайшла ў краму, прыходзіць і кажа — ні халеры не купіла". (Сьмяецца.)

Побач з намі яшчэ адзін сталы чалавек прыслухоўваецца да размовы і выказвае на гэты конт сваю думку.

Спадар: "Ну як жыць? Эканоміць даводзіцца, таньней купляць…".

Побач за прылаўкам дзьве маладыя дзяўчыны гутараць з прадавачкай, хочуць таньней купіць гарбату. Разгаварыліся. Высьветлілася, што яны студэнткі і цэны іх палохаюць, як нішто іншае. Дзяўчаты кажуць, каб не дапамагалі бацькі зь вёскі, то на стыпэндыю ім было б папросту ня выжыць.

Дзяўчына: "На ўсё цэны растуць, а наша стыпэндыя невялікая. Купляем пераважна макароны, малочныя прадукты, хлеб. Праўда, нават хлеб і той даражэе".

Карэспандэнт: "І як вы выжываеце ў такіх умовах?"

Дзяўчына: "Бацькі дапамагаюць, дый самі кожны дзень сабе есьці гатуем…"

У харчовай краме на рынку спадарыня ўважліва разглядае цэньнікі з крупамі. Пытаюся — ці не падаражэлі апошнім часам крупы?

Спадарыня: "Ну вось зайшла ў краму, здаецца, яшчэ ўчора купляла грэчку па адной цане, а сёньня ўжо больш за 12 тысяч — я ў шоку. А сказалі, што хутка будзе 16 тысяч каштаваць. Кожны дзень павялічваюцца кошты, ня ведаеш ужо, як разьлічваць грошы. Сёньня я патраціла 50 тысяч, а заўтра на тыя самыя закупы давядзецца аддаць 100 тысяч…".

У чаканьні росту коштаў на праезд — незадавальненьне і абурэньне

Падвышэньня коштаў на праезд у прыгарадным чыгуначным транспарце пасажыры чакалі 21 сакавіка. Бо 11 сакавіка 2011 году была апублікавана адпаведная пастанова № 28 Міністэрства эканомікі, якая праз 10 дзён павінна была ўступіць у дзеяньне. Сытуацыю 22 сакавіка ўдакладнялі нашы карэспандэнты.

Штодзённа гарадзенскі чыгуначны вакзал выпраўляе і прымае каля шасьцідзесяці прыгарадных цягнікоў. У касах, аднак, кажуць, што цэны на білеты пакуль засталіся ранейшымі. Калі падвышаюць, то прысылаюць тэлеграму — як правіла, за месяц, але здараецца, што й за дзень, паведамілі нашаму карэспандэнту. А што кажуць людзі на вакзале напярэдадні падаражэньня?

Спадарыня: "Ня ведаю, не падаражэлі. Я ехала тыдзень назад і сёньня двойчы — уначы і цяпер, цана яшчэ аднолькавая — тры пяцьсот дваццаць рублёў для мяне".

Спадарыня: "Ды нічога тут страшнага".

Спадар: "Канечне, гэта кепска. Я ежджу ў Масты, звычайна з жонкай".

Сталы спадар: "Я цягніком ня ежджу, я ежджу аўтобусам, там пакуль ня ведаю як, бо даўно ня быў на вёсцы".

Сталы спадар: "Мне езьдзіць нармальна, таму што я інвалід другой групы, мне бясплатны праезд — горад і прыгарад, так што я не пакутую".

ВІЦЕБШЧЫНА


Паводле афіцыйных папярэджаньняў, праезд падаражэе на 13,6%

Супрацоўніца даведачнай службы віцебскага чыгуначнага вакзалу параіла не зьвяртаць увагі на тое, што пішуць пра падаражэньне нават на дзяржаўных сайтах:

"Я не гляджу інтэрнэт. Таму што гэта такая рэч, ня дужа добрая… Ну хто вам сказаў, што падаражэў праезд? У мяне такой інфармацыі няма. Такой тэлеграмы нам не паступала. Таму на будучыню — лепей тэлефануйце да нас, у нас больш дакладаная інфармацыя".

Але такія спробы заспакоіць патэнцыйных пасажыраў спараджаюць яшчэ большую трывогу: людзі пэўныя, што падаражэньне ўсё адно адбудзецца. Прычым без дадатковых папярэджаньняў і ў самы нечаканы момант.

У Воршы, адным з найбуйнейшых чыгуначных вузлоў, прыгараднымі цягнікамі ды электрычкамі рэгулярна карыстаецца ад 50 да 70 адсоткаў насельніцтва. Сярод іх — студэнт-завочнік Ігар Казьмярчак:

"Калі яшчэ сёньня не падаражэў гэты праезд, то падаражэе пазьней. Бо цяпер усё дужа імкліва даражэе… І, думаю, гэта здарыцца, калі людзі масава паедуць на лецішчы бульбу садзіць. У нас тут у кожнага трэцяга, калі не ў другога, ёсьць лецішча…Ну, а яшчэ ж у Воршы няма сваіх ВНУ, таму студэнты езьдзяць вучыцца хто ў Менск, хто ў Віцебск, хто ў Магілёў, хто ў Смаленск. І на іх гэтае падаражэньне таксама адаб’ецца".

Калі падаражэньне на 13, 6%, заплянаванае пастановай № 28 Міністэрства эканомікі, адбудзецца, то праезд да Менску з Воршы будзе каштаваць ужо не 9 з паловай тысяч, а 10 тысяч 750 рублёў. І амаль на 600 рублёў падаражэе праезд зь Віцебску да Воршы.

Для таго, хто карыстаецца прыгарадным чыгуначным транспартам рэгулярна, гэта істотныя зьмены. Да прыкладу, з пасёлку Коханава, які месьціцца на чыгуначнай магістралі Ворша — Менск, шмат людзей штодня езьдзіць у бліжэйшы райцэнтар Талачын — на працу ці па іншых справах. Коханаўскага актывіста Мікалая Петрушэнку якраз давялося засьпець у электрычцы:

"Зранку езьдзяць на працу ў Талачын або ў шпіталь. Я во еду ў Талачынскі райвыканкам. Гэта тры перагоны. І я сабе думаю: у нашай дзяржаве чамусьці ўсё робіцца дзеля таго, каб паставіць нейкія перашкоды для людзей, як, да прыкладу, для той бабулькі, якая са сваёй вёскі па нешта паедзе ў райцэнтар!".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG