Лінкі ўнівэрсальнага доступу






Рашэньне Нацбанку аб спыненьні продажу камэрцыйным банкам наяўнай валюты мы папрасілі пракамэнтаваць фінансавага аналітыка Сяргея Чалага
.

Чалы: Прычына відавочная – не хапіла наяўнай валюты, каб задаволіць ажыятажны попыт. Амуніцыі ў Нацбанку, каб змагацца з гэтым, хапіла толькі на месяц.


Дракахруст
: Сяргей, ёсьць прымаўка, што грошы – рэч такая, іх ці няма ці зусім няма. Я ня думаю, што ў НББ фізычна няма валюты. Гаварылася пра тое, што каля 4 мільярдаў даляраў яшчэ засталося.
Дык чаму яны спынілі іх прадаваць?

Чалы: Ну ільвіная доля гэтых рэзэрваў, якія засталіся – гэта манэтарнае золата. Там наяўнасьці добра калі траціна. Справа сапраўды ня ў тым, што яна фізычна скончылася. Быў плян у сытуацыі ажыятажнага попыту, на месяц адклаўшы попыт юрыдычных асобаў, усю валюту кінуць на задавальненьне попыту насельніцтва, якое пачало масава скупаць валюту. Была надзея, што атрымаецца пераламаць псыхалёгію, паказаць, што валюты ў краіне хапае, супакойцеся. Магчыма, разьлік быў на тое, што ў насельніцтва нарэшце рублі скончацца, яно ж іх не друкуе, каб валюту купляць.

Але відаць сытуацыя зайшла так далёка, што насельніцтва скупляе валюту ня толькі за рублі, якія былі на руках, але і пачало здымаць назапашваньні. Гэта НББ напалохала, і таму было прынятае такое рашэньне. Так што пажар так і не патушылі.

Дракахруст:
А ці не падлілі туды бэнзіну? Адна з прычын цяперашняга ажыятажу – чыста псыхалягічная. Але тое, што НББ спыняе продаж валюты камэрцыйным банкам – хіба гэта не такое пасланьне, якое яшчэ больш разагрэе гэты ажыятаж?

Чалы: Баюся, што так. І ёсьць вялікая небясьпека наагул згубіць кантроль над сытуацыяй.

Дракахруст: Чыста эканамічныя разьлікі сьведчылі пра тое, што яшчэ некалькі месяцаў Беларусь можа пратрываць без дэвальвацыі. Але гэтае рашэньне Нацбанку – ці не адчыняе яно браму дэвальвацыі?

ёсьць вялікая небясьпека наагул згубіць кантроль над сытуацыяй
Чалы:
Я думаю, што не. Стаўленьне НББ да дэвальвацыі не мяняецца, для яго гэта самае страшнае зло. Пакуль Нацбанк ідзе па шляху жорсткага адміністрацыйнага зацісканьня рынку. Курс застанецца афіцыйны, толькі па гэтым курсе нічога будзе нельга купіць.

Адміністрацыйных, неграшовых інструмэнтаў у НББ хапае: можна ўвесьці часовы мараторый на зьняцьце ўкладаў, можна ўвесьці рацыянаваньне продажу валюты – ня больш за, скажам, 200 даляраў у адны рукі.

Дракахруст:
А ваш прагноз паводзінаў на валютным рынку – "доллары, марочки, россия" адродзяцца?

Чалы: Так, я думаю што мы вяртаемся да гэтага. Баюся, што мы убачым і "доллары, марочки, россия", і сыстэму множных валютных курсаў. Ужо і зараз вяртаюцца формы неграшовых разьлікаў – некаторыя прадпрыемствы прапаноўваюць разьлічвацца за імпарт сваёй прадукцыяй. Паўтараем 90-я гады.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG