Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лябедзька: “Маё сардэчнае прывітаньне ўсім прыстойным і сумленным людзям”


Жонка і сын лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў мінулыя выходныя атрымалі з-за кратаў КДБ тры лісты, напісаныя Анатолем Лябедзькам 15-17 сакавіка.

Цытаты зь лістоў падае сайт ucpb.org

“Пісьмы ад вас зараз прыходзяць рэгулярна. Гэта добры знак, – піша Анатоль Лябедзька сваім родным. – Але разам з тым прашу – будзьце ўважлівымі і пільнымі. На дарозе, у ліфце, у камунікацыях з незнаёмымі. Зараз ёсьць попыт на дзеяньні і ўчынкі, якія не нясуць пазытыў.

Як я ацэньваю пэрспэктыву? На руках у мяне пастанова аб утрыманьні пад вартай да 20 траўня. Больш ніякай інфармацыяй не валодаю. Можа быць усё што заўгодна.

Інфармацыі ў мяне мала, калі не сказаць, што яна мізэрная. Праўда, пра японскі Чарнобыль ды грамадзянскую вайну ў Лівіі я ведаю з FM радыё, якое можна паслухаць падчас шпацыру. Так што ў асноўным варуся ў сваіх роздумах і размовах з суседзямі. Калі некалі прасочваюцца нейкія чуткі. Але гэта чуткі…

Рэсурс трываласьці мой не безразьмерны, але дазваляе з усіх сытуацый, што былі і можа будуць, выходзіць годна, захоўваючы самапавагу і адданасьць сваім жыцьцёвым прынцыпам.

Вясна не сьпяшаецца, і пакуль што пераход на вясеньнюю форму адзеньня затрымліваецца. Хаджу ў цёплых шкарпэтках і не здымаю байку…

Цемень апусьцілася за вокнамі. Чацьвер дагарае, як сьвечка. Даносіцца калакольны звон з пляца Свабоды. Буду рыхтавацца да адбоя. Сон, незалежна ад таго, што адбываецца вакол мяне, добры. Сумленьне чыстае”.

У сваіх лістах з-за кратаў Анатоль Лябедзька піша пра побыт у астрозе, цікавіцца жыцьцём сына, выказвае пажаданьні, а напрыканцы перадае “найлепшае сардэчнае прывітаньне ўсім прыстойным і сумленным людзям”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG