Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: Палітыка санкцый даказала беспэрспэктыўнасьць

  • БелаПАН


Палітыка санкцый шматразова даказала сваю беспэрспэктыўнасьць. З такой заявай выступіў начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, камэнтуючы рашэньне Рады ЭЗ па Беларусі ад 21 сакавіка.


"Апрача таго, гэтае рашэньне зьяўляецца адкрытай спробай аказаць націск на судовую сыстэму сувэрэннай дзяржавы", — падкрэсьліў Савіных. Тым самым, паводле яго слоў, "ЭЗ дэманструе грэбаваньне нормамі і прынцыпамі міжнароднага права".

"Такія дзеяньні дыскрэдытуюць дэклярацыі ЭЗ у абарону дэмакратыі і эўрапейскіх каштоўнасьцяў", — заявіў прадстаўнік МЗС.
21 сакавіка Савет міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу падчас пасяджэньня ў Бруселі прыняў рашэньне пашырыць сьпіс ахопленых санкцыямі грамадзян Беларусі. Як гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ЭЗ, "у сувязі з пагаршэньнем у Беларусі сытуацыі з правамі чалавека" ў дакумэнт дададзеныя імёны 19 беларускіх чыноўнікаў.

"Такія дзеяньні дыскрэдытуюць дэклярацыі ЭЗ у абарону дэмакратыі і эўрапейскіх каштоўнасьцяў", — заявіў прадстаўнік МЗС
21 сакавіка ў Бруселі вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан паведаміла, што ў абноўлены сьпіс беларускіх чыноўнікаў, уезд якім на тэрыторыю Эўразьвязу забаронены, уключаны судзьдзі, пракуроры і рэктары шэрагу ВНУ. Паводле яе слоў, гэта людзі, якія "непасрэдна замешаны ў нядаўніх судовых працэсах і ўціску студэнтаў".

"Мы асуджаем затрыманьні, якія працягваюцца, суды і прысуды па палітычных матывах у дачыненьні да прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і лідэраў апазыцыі, — заявіла Эштан. — Яны павінны быць неадкладна вызваленыя".

Вярхоўны прадстаўнік нагадала, што "ў залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі ЭЗ гатовы разгледзець новыя адрасныя меры ва ўсіх сфэрах супрацоўніцтва".

Сьпіс са 156 беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі, быў зацьверджаны Радай ЭЗ 31 студзеня. Дадатковы сьпіс з 19 беларускіх чыноўнікаў апублікаваны сёньня на сайце Афіцыйнага журнала ЭЗ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG