Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ўвечары сталі вядомыя першыя ляўрэаты новай недзяржаўнай літаратурнай прэміі “Дэбют”. Яна заснаваная сёлета Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і носіць імя Максіма Багдановіча.

Прэмія ў намінацыях “Паэзія”, “Проза” і “Пераклад” будзе штогод уручацца за лепшую дэбютную кнігу аўтарам у веку да 35 гадоў.

Ляўрэаткамі ў намінацыі “пераклад” сталі Вольга Цьвірка і Наста Лабада. У намінацыі “проза” – Наталка Харытанюк. А Віталь Рыжкоў атрымаў прэмію ў намінацыі “паэзія”.

Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру, які спрычыніўся да заснаваньня гэтай прэміі, Андрэй Хадановіч, сказаў, што беларуская літаратура сёньня ёсьць, ёсьць і дэбютанты. А вось прэміі, якая б іх заахвочвала, да гэтага часу ў Беларусі не было. Як не было, як гэта не парадаксальна, і прэміі імя Максіма Багдановіча, клясыка нашай літаратуры. І вось яна нарэшце зьявілася, зьяднаўшы гэтыя дзьве рэчы – дэбют ды імя зоркі беларускай паэзіі.



Думку Андрэя Хадановіча працягнуў Генадзь Бураўкін, сказаўшы, што сёньняшняе ўручэньне – падзея гістарычная, бо імя Максіма Багдановіча змушае і сёньняшніх ляўрэатаў, і наступных у сваёй творчасьці арыентавацца на імя Багдановіча.

У намінацыі "Паэзія" ляўрэатам стаў Віталь Рыжкоў за зборнік паэзіі "Дзьверы, замкнёныя на ключы" (Мінск, "Логвінаў"), у намінацыі "Проза" — Наталка Харытанюк за кнігу "Трынаццаць гісторый пра мёртвага катА" (Мінск, "Логвінаў"), у намінацыі "Мастацкі пераклад" — Наста Лабада за пераклад са швэдзкай кнігі Тувэ Янсан "Маленькія тролі і вялікая паводка" (Мінск, "Зміцер Колас") і Вольга Цьвіркі за пераклад са швэдзкай кнігі Мікаэль Ніэмі "Папулярная музыка зь Вітулы" (Мінск, "Логвінаў").
XS
SM
MD
LG