Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычыны дваістай рэакцыі МЗС Беларусі на рэзалюцыю ААН па Лібіі і на пачатак ваеннай апэрацыі супраць Кадафі? Якое значэньне мае тое, што ваенная апэрацыя ў Лібіі мае мандат Рады бясьпекі ААН? Як гэтая палітыка Захаду адносна Лібіі можа адбіцца на паводзінах афіцыйнага Менску? Гэтыя тэмы ў “Экспэртызе Свабоды” абмяркоўваюць дактары паліталёгіі Віталь Сіліцкі і Аляксей Пікулік.

Дракахруст: Чым можна патлумачыць дваістую рэакцыю МЗС Беларусі на рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН па Лібіі і на наступныя дзеяньні. Напачатку МЗС скрозь зубы вітаў рэзалюцыю, сказаўшы, што яна будзе спрыяць дээскаляцыі канфлікту. А калі ў разьвіцьцё гэтай рэзалюцыі пачаліся баявыя дзеяньні, беларускі бок гэта асудзіў. Чаму? Аляксей.

Write Your Quote Here ...
Пікулік:
Лукашэнка вяртаецца да свайго старога дыскурсу антыглябалізму. Таму яму патрэбныя новыя сябры ў арабскім сьвеце, яму трэба зарабляць ачкі перад імі. Ва ўмовах пагаршэньня стасункаў з Захадам адзіны лягічны пункт гледжаньня – асуджаць ваенную інтэрвэнцыю, асуджаць спробу ўсталёўваць сілай дэмакратыю і выступаць за самавызначэньне і сувэрэннае вырашэньне ўнутраных канфліктаў. Я ня думаю, што гэта вынік перасьцярогаў Лукашэнкі, што войскі НАТА будуць наносіць ўдары па ВПС Беларусі.

Сіліцкі: Ды ніякай дваістай рэакцыі тут няма. Ня менш дваістая рэакцыя ў Лігі арабскіх дзяржаваў ці Расеі, якая таксама ўвяла санкцыі супраць Лібіі, аднак пратэставала супраць ваеннага ўмяшаньня.
За коламі кааліцыі, дзе прымалася рашэньне, ніхто не чакаў, што рашэньне пра ваеннае ўмяшаньне будзе прынятае так хутка.

Дракахруст: Але гэтае рашэньне было ўгрунтаванае на рашэньні Рады бясьпекі ААН. І "зялёнае сьвятло" ёй сваім устрыманьнем далі Расея і Кітай.

Прыгадайце, як сам Кадафі палагаднеў пасьля скіданьня Садама Хусэйна
Сіліцкі:
Ну ўстрымаліся. А што было – бегчы наперадзе цягніка? Ёсьць жа піяр, ёсьць жа неабходнасьць апраўдваць свае дзеяньні перад сваімі ўласнымі элітамі. Для Расеі, Кітая, іншых краін такія дзеяньні непрымальныя – Захад ізноў увязаўся ў зьмену рэжыму. Калі зараз адступіць ад Кадафі, заўтра ізноў будуць дзе-небудзь узрывацца самалёты, так што яго трэба неяк дабіць. Зь іншага боку, паводзіны Кадафі такія, што заступацца за яго – не comme il faut. Трэба абраць нейкую сярэднюю лінію паводзінаў.

Што да нашых уладаў, то прыгадайце, як сам Кадафі палагаднеў пасьля скіданьня Садама Хусэйна. З аднаго боку трэба асудзіць, з другога – трэба не зарывацца. Бо досьвед паказвае, што калі ўчэпяцца і не адстануць, то будзе вельмі кепска.

Дракахруст: Цяперашняя сытуацыя адрозьніваецца ад войнаў у Косаве 1999 году і ў Іраку ў 2003 годзе, там былі аднабаковыя ініцыятывы альянсу НАТО ці ЗША. Зараз сытуацыя падобная на сытуацыю 1991 году, першай вайны зь Іракам, калі мелася санкцыя Рады бясьпекі ААН. І Мілошавіч, і Хусэйн таксама былі не анёламі. Але тады тая ж Расея была катэгарычна супраць ужываньня зброі і дала зразумець, што заблякуе ў Радзе бясьпекі ААН любое рашэньне, якое адкрывала магчымасьць для такога сцэнару. Чаму?

Сіліцкі: Калі б прэзыдэнтам быў Пуцін, то і зараз бы заблякавалі.

Дракахруст: Які ўплыў на адносіны Беларусі з Захадам акажа гэтая новая вайна? Вы прывялі прыклад, як Кадафі палагаднеў у 2003 годзе. Ці ёсьць шанец, што зараз Лукашэнка гэтак жа палагаднее?

Захад ёсьць. І зь ім трэба лічыцца. Ён пакуль што сіла
Сіліцкі:
Прамога ўплыву няма, нагода, паводле якой вайсковая сіла будзе ўжытая супраць Лукашэнкі, выглядае фантастычнай. Але сытуацыя паказвае, што ёсьць межы, якія ня варта пераходзіць нават дыктатарам. Другі момант – гэта тое, што быў нейкі перапынак у прамоцыі свабоды, якую адстойваў прэзыдэнт Джордж Буш малодшы. І шмат хто з аўтакратаў расслабіўся. Ну а тут новая хваля рэвалюцый і ажыўленьне забітага, няшчаснага, расьцярушанага крызісам і ўнутранымі супярэчнасьцямі Захаду. Захад ёсьць. І зь ім трэба лічыцца. Ён пакуль што сіла.

Дракахруст: Аляксей, вы сказалі, што Лукашэнка ня надта баіцца таго. што наступны – ён. Але Кадафі зрабіў літаральна тое, чым нядаўна пагражаў Лукашэнка – кінуў войскі на "бунтаўшчыкоў". Але аказалася, што войскі ня толькі ў Кадафі ёсьць. Гэта можа стаць урокам для беларускага кіраўніка?

Ніякаму дыктатару ня будзе даравацца страляніна па ўласным народзе
Пікулік:
Спадзяюся, што так. У Лібіі сьвет паказаў, што ніякаму дыктатару ня будзе даравацца страляніна па ўласным народзе. Гэта – галоўны message. Калі сусьветная супольнасьць гэтага не зрабіла, любы дыктатар заставаўся б беспакараным. Мне здаецца, што фразу Аляксандра Лукашэнкі, што ў выпадку чаго ён будзе выкарыстоўваць войска для дзяржавы, зь якой ён сам сябе асацыюе, гэта папярэджаньне, што ён будзе паводзіць сябе ня як Мубарак, а як Кадафі. З другога боку мне здаецца, што гэта вялікая памылка, што гэтай фразай ён напалохаў значную частку ўласнага істэблішмэнту, якая будзе шукаць спосабы ўвайсьці ў дыялёг з Захадам самастойна. Такімі заявамі ён набліжае ўласную палітычную сьмерць, бо эліта не зусім за гэта, яна на гэта не гатовая.

Калі страляць, то справа можа скончыцца не візавымі і не эканамічнымі санкцыямі
Сіліцкі:
Сама заява Лукашэнкі пра ўжываньне войска была абсурднай, бо ў Беларусі хапае іншых падразьдзяленьняў, каб выконваць такія абавязкі. Іх нават колькасна больш, і яны больш падрыхтаваныя для такіх мэтаў, чым армія. Гэта шлях да самагубства – выводзіць на вуліцу такія падразьдзяленьні, якія можа і ня выканаюць такі загад. Тое, што сказаў Лукашэнка, трэба проста чытаць так, што ён будзе страляць. Прэцэдэнт з Кадафі паказвае, што калі страляць, то справа можа скончыцца не візавымі і не эканамічнымі санкцыямі. Хай думае.

Дракахруст: Аляксей, Віталь вось прыгадаў, як у 2003 годзе, пасьля ўварваньня ў Ірак Кадафі пагадзіўся заплаціць кампэнсацыю ахвярам тэракту ў Локербі, адмовіўся ад распрацоўкі ядзернай зброі, хаця на яго тады ніхто не зьбіраўся нападаць. Дык можа быць і Лукашэнка зараз зробіць нешта падобнае, скажам, у пытаньні палітычных вязьняў? Калі Захад аказаўся не такім слабым, калі ён на маршы, то невядома, куды гэты марш можа завесьці. Можа, напрыклад, пытаньне ўвядзеньня эканамічных санкцый зараз вырашыцца больш лёгка, чым яно вырашалася да вайны ў Лібіі?

Самае жахлівае – Лукашэнка адчувае, што Захад яго падмануў
Пiкулік:
Я ня думаю, што гэта будзе мець сур’ёзны уплыў на Лукашэнку і ў прыватнасьці вырашыць пытаньне палітзьняволеных. Лукашэнка адчувае сябе ў адноснай бясьпецы, бо Захад мала што можа зрабіць на міжурадавым узроўні. Магчымыя кропкавыя санкцыі з боку асобных дзяржаваў ЭЗ, але Лукашэнка адчувае сябе абароненым і самае жахлівае – ён адчувае, што мае рацыю, ён адчувае, што Захад яго падмануў. Я мяркую, што цяперашняя хваля рэпрэсій пачалася пераважна з-за таго, што Лукашэнка адчуў сябе падманутым Захадам. І як помсьлівы чалавек, ён зараз будзе ўсяляк упірацца.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG