Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Сіўчык: «Што ж я яго на гэтыя пакуты нарадзіла?!»


20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме «Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці» кожны чацьвер у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Вячаслаў Сіўчык — прыклад чалавека, усё жыцьцё якога бяз рэшты аддадзенае змаганьню за палітычныя і маральныя перакананьні. Цяжар гэтага змаганьня кладзецца і на ягоную сям’ю. Вячаслаў Сіўчык, ягоная жонка Ганна, сын Вітаўт і маці Галіна — героі сёньняшняй праграмы.

Палітычны шлях Вячаслава Сіўчыка зьвязаны зь Беларускім народным фронтам. У вырашальныя для незалежнасьці краіны дні 24–25 жніўня 1991 году ён быў на Плошчы:

Публікацыя ў Народнай газэце", 27 жніўня 1991 г.
Вячаслаў Сіўчык
: Так атрымалася, што я кіраваў дружынай БНФ. На плошчы была сфармаваная нацыянальная гвардыя. Гэта было ў першы дзень сэсіі. Выйшлі дэпутаты на вуліцу, было вельмі шмат людзей на плошчы Незалежнасьці. І людзі былі вельмі незадаволеныя. Мы ўсё чулі, бо дамагліся, каб была трансьляцыя на плошчу Незалежнасьці. З будынка выйшаў адыёзны на той момант дэпутат Вярхоўнага Савету Ціхіня. І тут плошча ўзарвалася, на Ціхіню проста накінуліся. І дружыньнікі БНФ вымушаныя былі стаць у кола, яны зь цяжкасьцю выцягнулі Ціхіню да гатэля «Менск». Ціхіня быў ніякі. Ён паспрабаваў падзячыць дружыньнікам фронту, на што адзін зь іх сказаў: «Я ўратаваў цябе ня дзеля таго, каб уратаваць, а дзеля таго, каб цябе судзілі». Ціхіня на гэта адказаў зноў-такі «спасибо». Пасьля гэтага ў яго быў сардэчны прыступ«.

Некаторыя дэпутаты БНФ казалі мне, што выпадак зь Ціхінем быў прыкметным і нават у нечым сымбалічным эпізодам тых жнівеньскіх дзён — народ на плошчы выказаў сваё стаўленьне да аднаго з кіраўнікоў кампартыі, якая заяўляла пра сваю еднасьць з народам. З другога боку, актывісты Народнага Фронту паказалі, што яны прыхільнікі цывілізаваных спосабаў палітычнай барацьбы.

Ганна і Вячаслаў Сіўчыкі ажаніліся ўжо тады, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. У 1995 годзе нарадзіўся іх сын Вітаўт.

Ганна і Вячаслаў з сынам Вітаўтам. 24 верасьня 1995.

Вячаслаў Сіўчык: «Так ужо атрымалася, што Вітаўт зусім малы вымушаны быў трапіць на сустрэчы са мной у турме, што, канечне, вельмі кепска. Я не магу сказаць, што тыя палітычныя працэсы, у якіх я ўдзельнічаў, ішлі на карысьць маёй сям’і».

Вітаўт Сіўчык: Аднойчы я быў на судзе. Я яшчэ быў маленькі, мне, можа, гадоў 4–5 было. І бацьку прывезьлі ў такім уазіку міліцэйскім. Я там сядзеў зь міліцыянтамі на лаве. І вось такі выпадак адбыўся. Яны ў мяне пытаюць: а кім ты хочаш стаць? Я ім кажу: «Міліцыянтам». Яны кажуць: «О, міліцыянтам, цудоўна! Будзеш такі, як мы!» Я кажу: «Не, я ні ў якім разе ня буду такі, як вы! Калі я вырасту, я вас усіх пасаджу».

Вячаслаў Сіўчык — удзельнік галадоўкі, якая ў 1996 годзе набыла шырокі розгалас і нават была прадметам размовы расейскага прэзыдэнта Барыса Ельцына з Аляксандрам Лукашэнкам. У красавіку 1996 году пасьля Чарнобыльскага шляху яго і Юрыя Хадыку затрымалі па крымінальным абвінавачаньні. Галадоўка доўжылася 21 дзень — у Вячаслава адмовілі ныркі, ён знаходзіўся ў рэанімацыі, але перамог.

Вячаслаў Сіўчык у Рэспубліканскім шпіталі для асуджаных. Фота з нумару газэты «Народная воля» за май 1996 г.

У гэты ж час у палітычную барацьбу ўключыўся сын Вітаўт, якому тады было 7 месяцаў.

Галіна, маці Вячаслава Сіўчыка: «Першы пікет, у якім удзельнічаў Вітаўт, быў у 1996 годзе. Яму было 7 месяцаў. Тады ў нас яшчэ была жывая бабуля Вячаслава, яна пайшла ўжо 5 год таму. І ў нас быў пікет 4 пакаленьняў Сіўчыкаў — прабабуля Вітаўта, бабуля, маці і сам Вітаўт».

Ганна Сіўчык трымае на руках Вітаўта 27 ліпеня 1997 году.

Радыё Свабода: «Вітаўт, а як вы сабе ўяўляеце палітычны і грамадзкі шлях вашага бацькі? Што ён зрабіў важнага для Беларусі?»

Вітаўт: «Калі нават у „Вікіпэдыі“ набраць — вынікі выбараў 1994 году і колькі прагаласавала за Зянона Пазьняка па Менску — і глядзець, то ў Савецкім раёне ў параўнаньні зь іншымі большы адсотак. Я ведаю, што мой тата быў па Савецкім раёне старшыня, галоўны ад БНФ. І такі ёсьць гонар за татку.

Бацька шмат рабіў у галіне ліквідацыі чарнобыльскай катастрофы. Наагул бацька стаяў у асновах МФ, менавіта ён фактычна „хросны тата“ гэтай арганізацыі. Таксама ён „хросны тата“ і БПС, была такая партыя ў свой час. Мой тата зараз працуе ў Камітэце па ўшанаваньні памяці. На месцы расстрэлаў, дзе партызаны расстрэльвалі, ён ставіць крыжы. Канечне, вельмі крыўдна, што іх зносяць. Гэта таксама паказчык дзікунства нашай улады сёньняшняй».



Чарнобыльская трагедыя — як сымбаль — суправаджае гісторыю гэтай сям’і. Галіна Сіўчык у першыя гады пасьля выбуху дасьледавала, як менскія школьнікі ўспрымаюць наступствы катастрофы.

Галіна: «У мяне муж эколяг, геахімік, сусьветна вядомы геахімік (рэд.: Валянцін Лукашоў (1938–1998) — член-карэспандэнт НАН РБ). Як усе жонкі, якія падзяляюць погляды мужоў, дый увогуле, калі жывеш адным жыцьцём, то ты існуеш таксама ў гэтай працы. Тым больш што экалёгія — для кожнай маці гэта вельмі балючая праблема, асабліва пасьля Чарнобылю. Раней мы нават хацелі зрабіць экалягічную жаночую партыю.

Ведаеце, гэта быў проста крык. Расьлі дзеці, якія ўжо баяліся есьці нешта, абсалютна шчыра гаварылі, што мы не купляем пасьля Чарнобылю печань, ныркі, — гэта органы, якія канцэнтруюць усе гэтыя рэчывы. Вельмі шмат было адказаў, што яны б хацелі зьехаць зь Беларусі. А ў нас, вы ж ведаеце, страшная праблема, Бандажэўскі пра гэта гаварыў, Васіль Барысавіч Несьцярэнка, што ў нас унутранае ідзе апраменьваньне — праз харчаваньне, і гэта больш, дарэчы, небясьпечна, чым каб нейкі граніт выпраменьваў».

Вячаслаў Сіўчык, прафэсійны геоляг, таксама аддаў шмат сілаў мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай трагедыі.

Вячаслаў: «Мы займаліся маніторынгам радыенуклідаў. Мне прыйшлося ўдзельнічаць у Чарнобыльскім трыбунале як прадстаўніку беларускай геалягічнай экспэдыцыі. Практычна мы былі „манапалістамі“ па водах. У тыя гады прыйшлося кожны сельсавет Беларусі аб’ехаць. Мы адбіралі розныя пробы, каб усё ж такі мець інфармацыю па колькасьці выпаўшых радыенуклідаў. Урэшце рэшт гэтая інфармацыя стала вядомая беларускай грамадзкасьці. Узімку 89–90 году.

Тое, што ў той час зрабіў БНФ, гэта наагул вялікае дасягненьне, бо мы ў першую чаргу дзякуючы высілкам дэпутатаў ад апазыцыі БНФ прынялі вельмі патрэбны закон у гэтым кірунку і мінімізавалі наступствы чарнобыльскай катастрофы. І толькі калі прыйшоў да ўлады Аляксандар Лукашэнка, гэта ўсё было разбурана».

Радыё Свабода: «Вітаўт, а ў вас якое стаўленьне да чарнобыльскай трагедыі?»

Вітаўт: «Калі паглядзець на атляс геаграфіі Беларусі, які ў нас у школе ёсьць, то мы там убачым зону, якая забруджаная цэзіем-137 і стронцыем. І ёсьць такое пазначэньне на мапе фізычнай — зоны, якія патрабуюць ачышчэньня, недастаткова бясьпечныя для вядзеньня сельскай гаспадаркі. І тут жа стаіць значок — напрыклад, Хойнікі — месца вырошчваньня садоў. Глядзім пагалоўе сьвіней — то бачым, што на Гарадзеншчыне шмат, і ў некаторых раёнах на Гомельшчыне, І гэта вельмі абурае».

Галіна Сіўчык, нараджаючы Вячаслава, сапраўды не магла і ўявіць, які лёс яго напаткае.
Калі нараджаецца, ты думаеш, што ты яму цэлы сьвет дорыш — думаеш, што ён будзе разумны, шчасьлівы, што ўсё будзе добра. Ты ж не спадзяесься, што яго будуць нейкія нелюдзі зьбіваць.


Галіна: «Мне так шкада Вячаслава: ён калі нарадзіўся, быў такі прыгожы. Ну што ж я яго на гэтыя пакуты нарадзіла?!! Калі нараджаецца, ты думаеш, што ты яму цэлы сьвет дорыш — думаеш, што ён будзе разумны, шчасьлівы, што ўсё будзе добра. Ты ж не спадзяесься, што яго будуць нейкія нелюдзі зьбіваць. Тры толькі разы ён у больніцы з страсеньнем мозгу ляжаў, а 2006 год — гэта ўвогуле самы жахлівы год у маім жыцьці».

Вітаўт Сіўчык нарадзіўся ўжо ў іншай Беларусі.

Радыё Свабода: «Ганна, а вам ня страшна было ў „пост-чарнобыльскай“ Беларусі нараджаць дзіця?».

Ганна, жонка Вячаслава Сіўчыка: «Хваляваньне было — іншая справа, што не было выбару, мы ўсё роўна мусілі заставацца ў гэтай краіне. Нараджаць дзяцей і працягваць гэтую нацыю».

Галіна: «Па-першае, я думала і шпыняла: ня еж тое, ня еж тое. Ня ведаю, наколькі яна мяне слухалася, але я вельмі хвалявалася за тое, што можа быць. Хаця я ведаю, што па статыстыцы, калі апраменены бацька, тады дзіця можа быць хворым, а жаночы арганізм больш трывалы да радыяцыі».

Вячаслаў: «Мы ў свой час жартавалі, што палова Беларусі можа памерці ад радыяцыі, а палова — ад радыефобіі. Абсалютна нармальна можна тут жыць і не атрымліваць апраменьваньня. Усё гэта робіцца элемэнтарна, калі ёсьць адпаведныя дзяржаўныя мэханізмы. Праблема ня ў тым, што ў нас здарылася чарнобыльская катастрофа, праблема ў тым, якую ежу ўжываюць беларусы. Нам ня толькі трэба, каб людзі ўжывалі чыстыя прадукты, а неабходна, каб нацыя агулам мела лепшы рацыён».

Радыё Свабода: «Вы сочыце за тым, што адбываецца ў Японіі?».

Вячаслаў: «Так, і гэта вельмі жахліва, спачуваньні японскай нацыі. Гэта страшная катастрофа. Мяне ўразіла тое, што нават у той сытуацыі адбывалася ў Менску акцыя салідарнасьці».

Радыё Свабода: «Як вы думаеце, катастрофа ў Японіі можа паўплываць на рашэньне беларускіх уладаў пра будаўніцтва АЭС?».

Вячаслаў: «Ня думаю, каб паўплывалі на дзеячаў рэжыму любыя аргумэнты, якія заснаваныя на лёгіцы. Само рашэньне будаваць у той зоне, дзе сто гадоў таму быў землятрус, дастаткова моцны для Беларусі, атамную электрастанцыю, то ня ведаю, якім месцам трэба было думаць, каб яго прымаць. Па маіх зьвестках, нават Акадэмія навук была катэгарычна супраць, пакуль на яе не „націснулі“. Гэта абсалютна жахлівае рашэньне, і трэба толькі спадзявацца на тое, што рэжым лясьне, бо ня дай божа, калі яны ў гэтым месцы пабудуюць электрастанцыю».

Радыё Свабода: «Ганна, што палітычная актыўнасьць мужа дала вашаму сямейнаму жыцьцю, а чаго пазбавіла?»

Ганна : «Не шкадую за свой выбар, не шкадую, што стварыла сям’ю са сваім мужам. І сёньняшняе становішча, можна сказаць, дае мне душэўны супакой менавіта таму, што мой муж і яго супольнікі змагаюцца сапраўды за шчасьлівую Бацькаўшчыну»

Вячаслаў Сіўчык выходзіць з Акрэсьціна. 2000

Радыё Свабода: «Вітаўт, у вас якія жыцьцёвыя пляны?».

Вітаўт: «Я зь дзяцінства цікавіўся гісторыяй Беларусі. І адчуваю, што менавіта ў гуманітарнай сфэры я „чую сябе“. Яшчэ ў мяне ёсьць жаданьне, пакліканьне, мажліва, калі Бог дасьць, стаць сьвятаром».

Радыё Свабода: «Сп-ня Ганна, як вы ставіцеся да гэтай ідэі?».

Ганна: «Я лічу што гэта не залежыць ні ад кога зь людзей, бо калі ёсьць Божае пакліканьне, то чалавек мусіць на яго адказваць „так“».

Ганна і Вітаўт Сіўчыкі (у цэнтры) — удзельнікі штодзённых малітваў пад сьценамі касьцёла Сьвятога Юзафа. 2005.

Галіна: «Я так хачу мець праўнукаў ад Вітаўта, бо ён разумны хлопчык і хочацца мець разумных праўнукаў. Праўда, грэка-католікам дазваляецца мець сям’ю, і я спадзяюся, што ён не захоча быць біскупам».

Вячаслаў: «Адзін з самых кепскіх момантаў майго жыцьця — гэта калі Вітаўта ў 2003 годзе затрымала менская міліцыя, каб я не праводзіў акцыю па сьвяткаваньні чарговага Дня волі. Іх забралі разам з Ганнай, калі яны выйшлі з касьцёла. Ён стаў такім закладнікам. Прадстаўнікі гарадзкой менскай міліцыі да мяне наўпрост зьвярнуліся: „Твае забраныя, таму не праводзь акцыю“. А на той момант Вітаўту было ўсяго 7 гадоў».

Як затрымлівалі Вітаўта Сіўчыка
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:56 0:00
Наўпроставы лінк

Як «бралі» Вітаўта Сіўчыка. Успаміны з 2003 году.

Радыё Свабода: «Вітаўт, а калі было страшна?»

Вітаўт: «Шчыра калі прызнацца, было страшна, напэўна, тады, калі мяне забіралі каля Чырвонага касьцёла, мне было неяк... ня тое каб шакаваны, спужаны быў такі.

Вітаўт Сіўчык. 2003 г. Фота з нумару газэты „Народная воля“ ад 2 красавіка 2003 г.

25 сакавіка 2006 году я стаяў каля Макдональдса на тратуары. І каля мяне стаялі не амапаўцы, а звычайныя міліцыянты. Мне запомнілася, як людзі пачалі наракаць на іх: „Вы прадаяце свой народ!“. І адзін міліцыянт нават заплакаў. І гэта я запомніў найбольш».

Таксама яшчэ было страшна. Калі я вяртаўся зь сёлетняй Плошчы, ужо леташняй, і калі мы ішлі, бачылі, як усіх падграбалі, і было страшна, што тату забралі".

Галіна: «Я памятаю, аднойчы Вітаўт тэлефануе, ён, відаць, быў у клясе пятай, і кажа: «Бабуля, бабуля, зараз татку забяруць. Я заходзіў у пад’езд, а там двое з рацыяй перадавалі, што „аб’ект выйшаў, ён апрануты ў чорнае паліто“. Гэта татка». Я яму патэлефанаваў і сказаў: «Татка, беражыся, цябе зараз схопяць». Я яму кажу: «Не хвалюйся, усё будзе добра». А яшчэ я помню, што ён заўсёды на ўсіх маніфэстацыях сядзеў на плячах, а ўжо калі стала яму годзікі чатыры, то і мне, і Ганульцы цяжка ўжо стала яго насіць, і мы яго ўзялі за ручкі паміж сабою. І раптам ён кажа: «Я так баюся...»

Вітаўт Сіўчык з бабуляй Галінай.

Я неяк схітрыла на лецішчы, кажу: «Вітаўт, не ідзі наверх, застанься са мной, а то мне страшна». Вітаўт адказвае: «Бабуля, няўжо ты чагосьці баісься?» Я кажу: «Так, канечне». І ён кажа: «А я толькі нядаўна перастаў баяцца...».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG