Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Вус: Размову з сынам палічылі падрыхтоўкай да беспарадкаў


Дзьмітры Вус не выключае, што пазоў «Макдональдса» ў ягонай справе падрыхтавала сьледзтва. Мікалай Статкевіч азнаёміўся ў трыма тамамі сваёй справы. Аляксандр Фядута і ягоная жонка чытаюць у адзін час вершы Марыны Цьвятаевай.

Дзьмітры Вус
21 сакавіка былы кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітры Вус пачаў знаёміцца са сваёй крымінальнай справай. Усяго ў справе, паводле спадара Вуса, 7 тамоў. Доказаў сваёй віны ў арганізацыі масавых непарадкаў Вус у справе ня ўбачыў. У прыватнасьці, ён ня лічыць доказам раздрукоўку тэлефоннай размовы з сынам, які 19 сьнежня пайшоў у прадуктовую краму і праз тэлефон расказаў бацьку пра міліцыянтаў, што сядзелі ў аўтобусах у дварах дамоў па вуліцы Карла Маркса.

«Я ж зьбіраўся на плошчу і таму стэлефанаваўся са Статкевічам ды распавёў яму пра амонаўцаў, якіх бачыў у дварах сын Іван. І вось гэтую размову сьледзтва КДБ расцаніла як плянаваньне падрыхтоўкі незаконных дзеяньняў. Тое, што падлічыў, колькі аўтамабіляў з міліцыяй. А больш па сутнасьці нічога і няма».

Дзьмітры Вус пацьведзіў, што ў матэрыялах справы таксма ідзе гаворка пра 8 мільёнаў рублёў недаатрыманага прыбытку рэстарацыі «Макдональдс» на праспэкце Незалежнасьці. Вус сказаў, што ўжо пасьля азнаямленьня са справай яму стала вядома, што сам «Макдональдс» нібыта прэтэнзіяў да яго не выстаўляў. «Гэта маглі зрабіць сьледчыя і без «Макдольдса», — мяркуе экс-кандыдат на прэзыдэнта:

«Яны ад імя «Макдональдса» падлічылі гэтыя нібыта страты. Хаця вось мне выбарцы сказалі, што ад 18:15 «Макдональдс» сам зачыніўся. Было нібыта напісана «санітарная гадзіна».


Мікалай Статкевіч
Сёньня ж з матэрыяламі справы пачаў азнаямленьне і Мікалай Статкевіч. За першы дзень ён пасьпеў вывучыць тры тамы справы. Грамадзянская жонка Статкевіча непакоілася за здароўе мужа, які пасьля арышту трымаў працяглую галадоўку. Ад адваката Марыне Адамовіч стала вядома, што пачуваецца Мікалай нібыта нядрэнна:

«Паступова аднаўляе вагу і мышачную масу. Кожную магчымасьць выкарыстоўвае для фізычных практыкаваньняў, як ён рабіў і на волі».

Саму справу Статкевіча яго адвакатка Тацяна Станкевіч не камэнтуе.


Аляксандар Фядута
Тыдзень мінуў пасьля апошняга сьледчага дзеяньня ў справе Аляксандра Фядуты, зняволеннага актывіста перадвыбарчага штабу Ўладзімера Някляева. З таго часу больш адваката да яго не выклікалі.

З гэтага жонка Фядуты Марына робіць выснову, што допытаў у Аляксандра не было. Марына і Аляксандар працягваюць узаемнае ліставаньне, як і адначасовыя чытаньні аднолькавых вершаў. Пасьля Мандэльшама дайшла чарга да Цьвятаевай і Акуджавы, апавяла Марына Фядута:

«Нічога ў яго новага. Прыйшоў вось ліст. Піша, што атрымаў кнігі вершаў Цьвятаевай і Акуджавы. Значыць, будзем зараз разам чытаць Марыну Цьвятаеву, а на наступным тыдні Булата Акуджаву».

Калі завершыцца сьледзтва па крымінальнай справе Аляксандра Фядуты, невядома.

Вольга Някляева, жонка былога кандыдтата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, кажа, што на гэтым тыдні на допыты яе мужа не выклікаюць.
XS
SM
MD
LG