Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Насты Палажанкі абяцаюць завяршыць у сакавіку


Насту Палажанку папярэдзілі пра яшчэ адзін допыт на гэтым тыдні.
Мікалай Статкевіч з адвакатам пачалі знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Арцём Брэўс і Іван Гапонаў вырашылі не абскарджваць прысуд.
У "Макдональдсе" не пацьвердзілі зьвесткі пра матэрыяльныя прэтэнзіі да Дзьмітрыя Вуса.

Намесьніцы старшыні "Маладога фронту" Насьце Палажанцы ў сьледчай управе МУС паведамілі, што яе справа павінна быць завершаная ўжо ў сакавіку, а на гэтым тыдні актывістку чакае яшчэ адзін допыт. Наста Палажанка не выключае, што ёй выставяць абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня, хоць не ўяўляе, як гэта магчыма давесьці, не сфальшаваўшы доказаў:

Расейцы нібыта зьбілі 15 чалавек, магчыма, я таксама сваіх 15 зьбітых пабачу
"Расейцы нібыта зьбілі 15 чалавек, магчыма, я таксама сваіх 15 зьбітых пабачу. Альбо даведаюся, што "Макдональдсу" перашкодзіла нешта зарабіць. Гэта я нібыта жартую, але насамрэч у нашай краіне нічога нельга выключаць".

У судзе над грамадзянамі Расеі Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым у якасьці пацярпелых бралі ўдзел 15 міліцыянтаў, якія распавялі пра атрыманыя ад мітынгоўцаў траўмы. Хоць міліцыянты не паказалі, што зьбівалі іх менавіта Брэўс і Гапонаў, віну расейцаў суд палічыў даказанай.

Паводле ранейшых зьвестак, "Макдональдс" падлічыў прыбытак, недаатрыманы ўвечары 19 сьнежня, і ён склаў 8 мільёнаў рублёў. Пазоў на такую суму нібыта зьбіраюцца выставіць экс-кандыдату на прэзыдэнта Дзьмітрыю Вусу. 21 сакавіка прадстаўнік "Макдональдса" ў Беларусі Артур Юран заявіў у інтэрвію "Свабодзе", што ягоная кампанія не выстаўляла прэтэнзіяў Вусу за недаатрыманы прыбытак.

21 сакавіка ў маці экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Алы Ўладзімераўны, як і раней, прынялі ў перадачы для сына толькі дыетычныя харчы. "Такім чынам, у яго праблемы са здароўем застаюцца — у прыватнасьці, з хворымі суставамі ног", — мяркуе Ала Саньнікава. Маці палітыка зьвязвае хваробу з абставінамі затрыманьня сына і далейшым абыходжаньнем зь ім у турме КДБ:

"Зьбіты, ды валяўся на гэтай халоднай падлозе. Вось толькі зараз адвакат мне паведаміла, што ён атрымаў нарэшце асобны ложак, а так спаў на падлозе на дошках".

На мінулым тыдні былы адвакат Саньнікава Павал Сапелка выказаўся за тое, каб Андрэя Саньнікава тэрмінова вызвалілі з турмы КДБ, дзе, на думку адваката, ёсьць пагроза здароўю палітыка.

Сям'я Халіпаў атрымала ад Саньнікава ліст. Уладзімер Халіп, бацька жонкі Саньнікава — журналісткі Ірыны Халіп, якую пасьля "амэрыканкі" трымаюць пад хатнім арыштам, таксама кажа пра парушэньні правоў вязьня ў турме КДБ:

"Па асобных намёках, якія адтуль даходзілі, было зразумела, што ён знаходзіцца ў вельмі дрэнных умовах. Яны там умеюць усё зрабіць так, каб чалавеку неба падалося чорным. Яны робяць усё дзеля таго, каб прыціснуць, прынізіць. Разумею гэтак, што паколькі ён трымаецца, у дачыненьні да яго ўжываюцца проста неверагодныя захады і сродкі ціску", — сказаў Уладзімер Халіп адносна Андрэя Саньнікава.

21 сакавіка пачаў азнаямленьне з матэрыяламі справы экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч. "Ён знаёміцца са справай разам з адвакатам, але пакуль яе тэлефон маўчыць", — сказала "Свабодзе" жонка палітыка Марына Адамовіч. Напярэдадні дачка Статкевіча Кацярына, якая жыве ў Нямеччыне, паведаміла, што атрымала ад бацькі ліст — першы за 3 месяцы пасьля арышту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG