Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны банк Беларусі працягвае стрымліваць падзеньне курсу беларускага рубля адносна замежных валют. У абменных пунктах попыт на даляры і эўра па-ранейшаму падвышаны. Тым часам гандляры на 20% падвышаюць кошты на многія імпартныя тавары.

У абменных пунктах галоўнага дзяржаўнага банку краіны — "Беларусбанку" — даляр для насельніцтва сёньня прадавалі за 3080 беларускіх рублёў. У некаторых камэрцыйных банках нават на некалькі рублёў таньней. Чэргаў па валюту няма, але попыт на яе застаецца:

Карэспандэнтка: "Ці спрабавалі вы зараз набыць валюту і ці атрымалася гэта ў вас?"

Спадар: "Лёгка. Сёньня зайшоў і ўсё набыў".

Карэспандэнтка: "А як вы лічыце, чаму ўзьнік гэты ажыятаж з валютай?"

"Бо шум паднялі, што будзе дэвальвацыя беларускага рубля, вось і кінуліся ўсе купляць. А зараз у банках валюта ёсьць".

Карэспандэнтка: "Ці хвалюе вас сытуацыя з ажыятажам на валюту?"

Спадарыня:
"Вельмі было "прыемна", калі паляцелі ўсе грошы пару гадоў таму. Я думаю, што больш гэтага ніхто ня хоча".

Тым часам гандляры многімі таварамі замежнай вытворчасьці падвышаюць цэны. У інтэрнэт-крамах паведамілі, што ад дзяржаўнага іхні курс даляра адрозьніваецца неістотна: разьлік беларускімі рублямі вядзецца паводле курсу 3100 беларускіх рублёў за даляр. А вось на рынках і ў гандлёвых цэнтрах за 1 даляр просяць адлічваць 3600 беларускіх рублёў, паведамляе прадпрымальнік Зьміцер Касьпяровіч:

Зьміцер Касьпяровіч
"На рынку ў Ждановічах ужо паўсюль выстаўленыя абвесткі, што цэны падвышаюцца на 20%. Гэта зьвязана з тым, што беларускія прадпрымальнікі, якія прадаюць тэхніку за беларускія рублі, лічаць курс даляра ў памеры 3600 рублёў. І гэта тое, што рэальна ёсьць: даляр каштуе ня тры тысячы, а тры шэсьцьсот — усе гэта разумеюць, а таму і выстаўляюць новыя цэны. Так паўсюдна — у Ждановічах, на "Градзе" і іншых рынках зараз новыя цэны. І калі далей усё будзе доўжыцца так, як ёсьць, то мы можам прыйсьці да сытуацыі, якая была на пачатку 2000-х гадоў. Калі былі два курсы: быў афіцыйны курс даляра і неафіцыйны, па якім вяліся ўсе разьлікі".

Чуткі пра дэвальвацыю беларускага рубля і ажыятажны попыт на валюту справакаваныя дзеяньнямі самой улады і ў прыватнасьці — абмежаваньнем на продаж валюты юрыдычным асобам, мяркуе адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў:

Аляксандар Макаеў
"Гэта адказ на забарону для юрыдычных асобаў набываць валюту больш за вызначаныя памеры. У выніку зьявіліся чуткі, ажыятаж і нестабільнасьць на валютным рынку. У юрыдычных асобаў на рахунках зьбіраюцца беларускія рублі, а яны ня могуць набыць валюту, таму вымушаныя зьвяртацца да пасярэднікаў. Гэткім чынам зьяўляюцца чорныя курсы і чорны рынак валюты. І гэта адказ на абсалютна антырынкавыя мэтады дзяржавы. Такім чынам, гэтую сытуацыю ўтварыла сама дзяржава".

Як падкрэсьліў Аляксандар Макаеў, у выніку ўвесь цяжар становішча на валютным рынку краіны кладзецца на плечы пакупнікоў.
XS
SM
MD
LG