Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маніфэст: новы курс апазыцыі альбо "нерэалістычныя" летуценьні?


Група апазыцыйных палітыкаў апублікавала маніфэст аб негвалтоўным супраціве уладзе і актыўным грамадзянскім супрацьстаяньні ўсім дзяржаўным інстытутам. Ці стане гэты дакумэнт чыньнікам, які аб'яднае або, наадварот, падзеліць апазыцыю?

Аўтары маніфэсту, сярод якіх Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Казулін, Віктар Івашкевіч, Яўген Афнагель, прапаноўваюць правесьці кампанію масавага негвалтоўнага супрацьстаяньня. "Байкот дыктатуры" — кампанія, заснаваная на непрызнаньні ўлады, адмове ад супрацоўніцтва зь ёй і непадпарадкаваньні рэжыму. На фоне пагаршэньня эканамічнага становішча і росту пратэстных настрояў яна вядзе да поўнай дэлегітымізацыі ўлады ў вачах беларусаў", — лічаць аўтары маніфэсту.

Як вядома, прадстаўнікі розных апазыцыйных структураў ужо некалькі тыдняў абмяркоўваюць дакумэнт "Стратэгія 2012". Ці ёсьць Маніфэст альтэрнатыўным праектам? Вось што адказаў Віктар Івашкевіч:

Віктар Івашкевіч
У "Стратэгіі 2012" зусім не растлумачваецца пазыцыя наконт сытуацыі з палітвязьнямі і ўмовамі дыялёгу, якія павінны быць, каб гэты дыялёг адбыўся. Усе разумеюць, што ўлады сядуць за стол перамоваў з апазыцыяй, толькі калі будуць змушаныя да гэтага. Мэханізм гэтага змушэньня ў "Стратэгіі 2012" якраз не агучаны.

Як жа ўлады прымусіць пайсьці на дыялёг? Вось мы і прапаноўваем мэханізм прымусу, які розным людзям дазваляе абраць розныя формы: ад пасіўных — не падпісвацца на дзяржаўныя выданьні — да актыўных — выхад на несанкцыянаваныя акцыі".

Намесьнік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч лічыць, што апублікаваны маніфэст наўрад ці можа стаць адзінай стратэгіяй для ўсіх дэмакратычных сілаў.

Юрась Губарэвіч
"Гэты дакумэнт выглядае як дэклярацыя аб намерах. Ён ніякім чынам не зьяўляецца стратэгіяй і ня можа дапаўняць існуючыя стратэгіі. На маю думку, тое, што прапануецца рабіць у межах Маніфэсту, — гэта маларэалістычна і не адпавядае беларускім рэаліям.

Нейкія зьмены ў Беларусі могуць адбыцца толькі тады, калі апазыцыя прыйдзе да адной роўніцы, абярэ адну стратэгію і дамовіцца рабіць нешта супольна. І перш за ўсё трэба працаваць пазытыўна, стваральна, а не разбуральна".

Палітычны аглядальнік газэты "Белорусы и рынок" Паўлюк Быкоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што гісторыя Беларусі пакуль ня ведае эфэктыўных кампаніяў байкоту.

Паўлюк Быкоўскі
"Па-першае, за гэтым дакумэнтам стаяць вядомыя асобы, але няма моцных структураў, якія падтрыманыя вялікай колькасьцю людзей. Таму праўдападобна, што гэта толькі маніфэст, які, калі ня будзе падтрыманы структурамі, то і ня будзе працаваць. Па-другое, байкот можа праводзіць выключна моцная палітычная сіла, папулярная ў грамадзтве. Сёньняшняя апазыцыя такой сілай не зьяўляецца, а тым больш яе частка. Па-трэцяе, байкот папулярны ў беларускай апазыцыі вельмі даўно, але ніводная кампанія байкоту не была эфэктыўнай".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG