Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найважнейшыя ангельскамоўныя газэты адзначаюць хуткія і рашучыя паветраныя ўдары міжнароднай кааліцыі па сілах Муамара Кадафі ў Лібіі 19 і 20 сакавіка, але адначасова ставяць пытаньне пра палітычную мэту гэтага ўмяшаньня, якая пакуль застаецца няяснай.

"Мішэнь у Лібіі – ясная; мэта – не" – такі загаловак артыкулу пра амэрыканскія паветраныя ўдары ў Лібіі дае сёньняшняе выданьне The New York Times.

Газэта цытуе адмірала Майкла Малена, шэфа Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Узброеных сілаў ЗША, які сьцьвярджае, што мэта вайсковай інтэрвэнцыі не палягае ў адхіленьні Кадафі ад улады. Паводле Малена, мэта інтэрвэнцыі можа быць дасягнутая нават тады, калі Кадафі застанецца пры ўладзе.

Але іншыя афіцыйныя асобы ў ЗША прыгадваюць нядаўнія словы Барака Абамы, што "Кадафі мусіць сысьці", і хочуць яснасьці адносна дачыненьняў ЗША зь Лібіяй.

"Прэзыдэнт зьяўляецца галоўнакамандуючым, але на адміністрацыі ляжыць адказнасьць акрэсьліць для амэрыканскага народу, Кангрэсу і нашых войскаў, якая мэта гэтай місіі ў Лібіі, і лепш растлумачыць ролю Амэрыкі ў дасягненьні гэтай мэты", – цытуе The New York Times заяву сьпікера Палаты прадстаўнікоў Джона Бэйнэра.

Хто камандуе інтэрвэнцыяй міжнароднай кааліцыі ў Лібіі?

Паводле The Wall Street Journal, гэткае хуткае выкананьне вайсковага ўдару па сілах Кадафі ставіць сур’ёзныя пытаньні пра кіраваньне ўсёй апэрацыяй ды яе тактычныя і стратэгічныя мэты. Газэта піша, што насамрэч адзінага камандзіра міжнароднай інтэрвэнцыі ў Лібіі няма, а ўсёй апэрацыяй кіруе "глябальны камітэт".

"Небясьпека для рэгіёну і для інтарэсаў ЗША ўзьнікне, калі Кадафі ўдасца выкарыстаць падзелы ў глябальным ваенным камітэце і дасягнуць патавай сытуацыі ў вайне. Ён мог бы тады захоўваць кантроль над значнай часткай Лібіі і працягваць тварыць сумятню", – піша The Wall Street Journal.

Паводле The Washington Post, вайсковай інтэрвэнцыяй у Лібіі ўсё ж кіруюць Злучаныя Штаты. Але газэта цытуе міністра абароны ЗША Робэрта Гейтса, які сьцьвярджае, што ягоная краіна ня хоча несьці галоўнай адказнасьці за вайсковую апэрацыю супраць сілаў Кадафі:

"Мы спадзяемся, што на працягу бліжэйшых дзён мы перадамо галоўную адказнасьць за апэрацыю іншым. Мы будзем працягваць падтрымку кааліцыі, мы застанемся ўдзельнікам кааліцыі, але мы ня будзем адыгрываць найважнейшую ролю", – сказаў Гейтс 20 сакавіка перад сваім адлётам у Маскву.

Найбольш крытычна да апэрацыі ў Лібіі ставіцца брытанская газэта The Guardian, якая прыгадвае, што міжнародная супольнасьць якраз у тым самым месяцы сакавіку ўжо двойчы праводзіла вайсковыя інтэрвэнцыі пад кіраўніцтвам ЗША і з актыўным удзелам Вялікабрытаніі – у 1999 годзе ў Югаславіі і ў 2003 годзе ў Іраку.

"Інтэрвэнцыя ў Лібіі, безумоўна, адрозьніваецца ў адным аспэкце ад атакаў на Югаславію і Ірак – інтэрвэнцыю ўхваліла Рада бясьпекі ААН. Але падтрымка ААН не азначае, што нас не павінны абыходзіць сапраўдныя прычыны гэтай атакі", – піша The Guardian. І працягвае:

"Нягледзячы на ўсе размовы пра "вызваленьне" народаў і абарону цывільнага насельніцтва, войны супраць Югаславіі і Іраку былі клясычнымі імпэрыялістычнымі захадамі, сапраўднай мэтай якіх было пашырыць заходнюю эканамічную і вайсковую гегемонію. І наўрад ці гэтая апошняя сакавіцкая атака на незалежную, сувэрэнную дзяржаву нечым адрозьніваецца ад тых папярэдніх".

The Los Angeles Times у артыкуле пад загалоўкам "Гэта ня наша змаганьне" піша, што існуюць дзьве сур’ёзныя прычыны, дзеля якіх ЗША не павінны былі далучацца да апэрацыі супраць Лібіі.

Па-першае, Лібія мае нафту і газ, і вайсковае ўмяшаньне ЗША будзе разглядацца шмат якімі дзяржавамі ў сьвеце выключна як спробу амэрыканцаў прысабечыць энэргетычныя рэсурсы гэтай краіны.

Па-другое, лічыць газэта, як і ў выпадку Аўганістану, мусульманскім клерыкалам удасца прадставіць амэрыканскую інтэрвэнцыю ў Лібіі перш за ўсё як атаку на іслам і як спосаб пашырыць уплыў хрысьціянства ў мусульманскім сьвеце, а ня спробу абараніць лібійскі народ ад жорсткай дыктатуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG