Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы выступаюць супраць аднаўленьня чорных сьпісаў музыкаў


"Наяўнасьць "чорных сьпісаў", практыка забароны выступаў, радыё- і тэлетрансьляцыі музычных і іншых твораў мастацтва зьяўляецца нічым іншым, як праявай цемрашальства, якая вяртае Беларусь у часы камуністычнага мінулага", — гаворыцца ў заяве праваабарончага цэнтру "Вясна".

"Дадзеныя сьпісы яскрава сьведчаць пра наяўнасьць у краіне цэнзуры, якая наўпрост забаронена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (…) Праваабарончы цэнтар "Вясна" лічыць такую практыку недапушчальнай і заклікае ўлады Беларусі да яе неадкладнага спыненьня", — напісана ў заяве.

Юрысты "Вясны" гатовыя аказаць дапамогу музыкам у адстойваньні канстытуцыйных правоў.

2 сакавіка ў інтэрнэце зьявіўся сьпіс з 30 дзеячаў мастацтва і культуры і 15 калектываў, якія выказваліся ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і патрабавалі вызваленьня палітвязьняў.

Тыя, хто распаўсюдзіў сьпіс, цьвердзяць, што яго фігурантаў забаронена згадваць у афіцыйных беларускіх СМІ.

У прыёмнай міністра культуры заявілі, што ня ведаюць пра існаваньне падобнага сьпісу, і назвалі яго плёткай.

У Міністэрстве інфармацыі таксама заявілі, што ня маюць ніякага дачыненьня да складаньня "чорных сьпісаў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG