Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Актывіст АГП адмовіўся адказваць на пытаньні сьледчага


Кіраўнік бабруйскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Бузінаеў адмовіўся адказваць на пытаньні сьледчага мясцовага ўпраўленьня ўнутраных спраў Сяргея Ўласава.

Паводле Бузінаева, міліцыянт спаслаўся на загад зь Менску і спрабаваў зьняць актывіста на фота- й відэакамэру.

"Сьледчы мне прад’явіў паперчыну, у якой было напісана, што ён са мной мусіць рабіць. Пытаньні тычыліся падзеяў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Адно з асноўных было пра мой мабільны тэлефон, які быў запэленгаваны ў раёне плошчы. Камэнтаваць што-кольвек я адмовіўся. Адмовіўся і ад фота- і відэаздымкі. Пра гэта я напісаў у ягонай паперы. Міліцыянт мне сказаў, што на гэтым нічога не канчаецца і ўсё адно мяне будуць яшчэ выклікаць. Як толькі ён сышоў, праз паўгадзіны мне патэлефанавалі зь Менску й прапанавалі прыехаць туды. Я лічу, што гэта спроба запалохаць мяне перад акцыямі Дня волі й "Чарнобыльскім шляхам", — паведаміў Віктар Бузінаеў.

Бузінаеў кажа, што цягам апошніх двух тыдняў яго выклікаюць на допыт у Менск. Ён адмаўляецца туды ехаць. Патрабуе даслаць позву.

Віктара Бузінаева тры разы дапытвалі ў КДБ як сьведку ў справе аб падзеях 19 сьнежня. Ён кажа, што прадстаўнікі сілавых структураў таксама патрабавалі падпісаць дакумэнт, што ён адмаўляецца ўдзельнічаць у несанкцыянаваных акцыях апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG