Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы заклікаем дзейнічаць. А тыя, хто хоча праводзіць круглыя сталы з Макеем – хай праводзяць"


Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч

Апублікаваны Маніфэст групы палітыкаў аб негвалтоўным супраціве нелегітымнай уладзе і актыўным грамадзянскім супрацьстаяньні ўсім дзяржаўным інстытутам камэнтуе адзін зь ягоных аўтараў – палітык Віктар Івашкевіч.

Цыганкоў: Пад вашым Маніфэстам пакуль падпісалася толькі некалькі асобаў? Ці азначае гэта, што іншыя не пажадалі падпісвацца, ці дакумэнт адкрыты для падпісаньня?

Івашкевіч: У прынцыпе, гэта спроба ў фармаце дыскусіі, што цяпер вядзецца пра стратэгію дэмакратычных сілаў, сфармуляваць больш ясна сваю пазыцыю. Заўсёды, калі зьбіраецца шмат людзей, што шукаюць фармулёўкі, якія б задаволілі усіх, - вельмі цяжка нарадзіць нейкі агульны кампрамісны варыянт. Каб быў зразумелы наш падыход, мы і апублікавалі гэты артыкул.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што Маніфэст – ваш адказ на дакумэнт, які называецца "Стратэгія 2012"? Станіслаў Шушкевіч падчас онлайн-канфэрэнцыі на Радыё Свабода ўжо нэгатыўна выказваўся пра "Стратэгію 2012". Ці ёсьць ваш Маніфэст альтэрнатыўным дакумэнтам?

Івашкевіч: У "Стратэгіі 2012" зусім не растлумачваецца пазыцыя наконт сытуацыі з палітвязьнямі і ўмовамі дыялёгу, якія павінны быць, каб гэты дыялёг адбыўся. Усе разумеюць, што ўлады сядуць за стол перамоваў з апазыцыяй, толькі калі будуць змушаныя да гэтага. Мэханізм гэтага змушэньня у "Стратэгіі 2012" якраз не агучаны.

У суботу, 19 сакавіка, я браў удзел у запісе перадачы на Белсаце, і там намесьнік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч, які ёсьць прыхільнікам "Стратэгіі 2012", заявіў, што ўдзел у парлямэнцкіх выбарах і дыялёг з рэжымам ніяк не зьвязаны з наяўнасьцю палітвязьняў. І калі вядучы перапытаўся, ці азначае гэта, што вы можаце пайсьці на парлямэнцкія выбары ў той час, калі палітвязьні будуць сядзець, то Губарэвіч адказаў "Так".

Гэты момант найбольш прынцыповы. Я не ўяўляю сябе, як магчыма аб'яднаць пазыцыю "удзел у парлямэнцкіх выбарах пры наяўнасьці палітвязьняў" з пазыцыяй "удзел у выбарах магчымы толькі пасьля вызваленьня палітвязьняў". І другое пытаньне – як жа ўлады прымусіць пайсьці на дыялёг. Вось мы і прапаноўваем мэханізм прымусу, які розным людзям дазваляе абраць розныя формы – ад пасіўных (не падпісвацца на дзяржаўныя выданьні) да актыўных – выхад на несанкцыянаваныя акцыі.

Цыганкоў: Крытыкі ўжо сказалі ці яшчэ скажуць, што такое спадзяваньне на масавы чын людзей, на тое, што сотні тысячаў будуць дзейнічаць – наіўнае і рамантычнае…

Івашкевіч: Сотні тысячаў ужо дзейнічаюць у гэтым накірунку, скупляючы валюту, хаця кіраўнікі дзяржавы заклікаюць гэта не рабіць. Пачынаецца кампанія "Стоп-бэнзін", дзе людзі выступаюць супраць падаражаньня бэнзіну. У гэтым сэнсе наша прапанова не выйшла з космасу, а абапіраецца на тыя працэсы, якія ўжо ідуць у грамадзтве.

Болей фантастычнымі, я лічу, ёсьць стратэгіі, заснаваныя на тым, што рэжым пойдзе на дыялёг з апазыцыяй, працягваючы рэпрэсіі.

Цыганкоў: Ці азначае зьяўленьне вашага звароту, што апазыцыя дэ-факта дзеліцца на дзьве часткі -- больш радыкальную, бескампрамісную, і "дыялёгавую"?

Івашкевіч: Паміж намі няма такога радыкальнага ўзаемаадмаўленьня. Бо тыя, хто выступае за дыялёг, прызнаюць, што ўладу трэба да гэтага прымушаць. Хто гатовы займацца працай па прымушэньні ўлады – будзе гэтым займацца. Хто хоча ісьці дамаўляцца з рэжымам, угаворваць яго зрабіць саступкі – хай ідзе.

Размовы пра пошук адзінай стратэгіі трэба пераводзіць у актыўныя дзеяньні. Наша прапанова дае магчымасьць дзейнічаць. А тыя, хто хоча праводзіць круглыя сталы з Макеем – хай паспрабуюць правесьці і запрасіць Макея. Пакуль што ім нават памяшканьня не даюць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG