Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускую прэмію “Дэбют” падтрымаў расейскі бізнэсовец


Увечары 21 сакавіка ў Менску ў галярэі “Ў” адбудзецца ганараваньне першых ляўрэатаў недзяржаўнай літаратурнай прэміі “Дэбют”. Яна носіць імя Максіма Багдановіча. Узнагароды атрымаюць маладыя літаратары ў веку да 35 год у трох намінацыях: “Паэзія”, “Проза” і “Пераклад”.

Прэмія запачаткаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх
пісьменьнікаў. Аднак старшыня ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч кажа, што насамрэч заснавальнікаў прэміі “Дэбют” болей.

“Нарэшце ў нас зьявіўся вялікі сябра Беларусі расейскі бізнэсовец Павал Бераговіч, які адкрыў свае беларускія карані, які зацікавіўся беларускай літаратурай, які выпісаў беларускія часопісы, вывучае мову, гісторыю і культуру і вырашыў спрычыніцца на нейкім такім участку актуальнай культуры, дзе напраўду можа быць карысны мэцэнат”.

Як вынікае з назову прэміі, яна запачаткаваная для аўтараў першых кніг ці заўважных публікацыяў у пэрыёдыцы. Да разгляду журы прымаліся дэбютныя кнігі і творы, напісаныя па-беларуску і выдадзеныя цягам 2010 году. Як выявілася, такіх кніг летась выдадзена ня так і багата, таму прэмія “Дэбют”, лічыць спадар Хадановіч, стане адмысловым стымулам для маладых літаратараў: “Не хапае моцнага стымулу з аднаго боку самім дэбютантам, а зь іншага боку выдаўцам, якія друкуюць дэбютантаў, тых, хто яшчэ ня мае імені, хто не прыносіць з сабой грант выдаўцам, якія рызыкуюць сваімі сродкамі, укладаючыся ў невядомае ім прозьвішча”.

А вось прозьвішчы першых прэтэндэнтаў на прэмію.

У намінацыі “Паэзія”: Ірына Бельская. Падборка вершаў “…Бо ранак раніць”. “Дзеяслоў”, №44. Ігар Кулікоў. Падборка вершаў “Закон узаемнае невылечнасьці”. "Дзеяслоў", №47. Віталь Рыжкоў. Зборнік паэзіі «Дзьверы, замкнёныя на ключы». Менск, “Логвінаў”, 2010.

У намінацыі «Проза»: Сяргей Егарэйчанка. «Аповесьць пра чалавека, які не хацеў быць Богам». "Літаратурная Беларусь"/"Новы час", кастрычнік 2010. Анка Упала. «Інь-Ян». Іранічныя аповеды. "Дзеяслоў", № 47. Наталка Харытанюк. «Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката». Менск: «Логвінаў», 2010.

У намінацыі «Пераклад»: Антон Францішак Брыль / Джон Рональд Толкін. «Каваль зь Вялікага Вутану». Менск, «Логвінаў», 2010. Пераклад з ангельскай. Наста Лабада / Тувэ Янсан. «Маленькія тролі і вялікая паводка». Менск: «Зьміцер Колас», 2010. Пераклад са шведскай. Вольга Цьвірка / Мікаэль Ніэмі. «Папулярная музыка зь Вітулы». Менск: «Логвінаў», 2010. Пераклад са швэдзкай.

Цырымонія ганараваньня ляўрэатаў прыпадае на Сусьветны дзень паэзіі. Яе аздобяць сваімі выступамі літаратары Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў, Уладзімер Арлоў, Барыс Пятровіч, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, а таксама маладыя аўтары, творы якіх увайшлі ў шорт-ліст прэміі. Музычная частка – гурт “Vуraj”. Пачатак у галярэі “Ў” а 19-30.
XS
SM
MD
LG