Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Вус: "Буду разьбірацца з сфальшаванымі дакумэнтамі"


ДзьмітрыВус і Мікалай Статкевіч

ДзьмітрыВус і Мікалай Статкевіч

21 сакавіка былы кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітры Вус пачне знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, у якой ён абвінавачваецца ў арганізацыі масавых непарадкаў 19 сьнежня 2010 году.

Амаль тры месяца Дзьмітры Вус быў у статусе падазронага па крымінальнай справе аб масавых непарадках у дзень выбараў. За гэты час экс-кандыдата на прэзыдэнта каля дзесятка разоў выклікалі на допыты.
Пры канцы студзеня Дзмітры Вус паведаміў журналістам, што яго схіляюць даць паказаньні супраць іншага кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча: што нібыта той арганізоўваў масавыя беспарадкі. Тады Вус заявіў, што адмовіўся сьведчыць пра тое, чаго не было.

І вось 18 сакавіка стала вядома, што Вуса самога абвінавацілі ў арганізацыі беспарадкаў 19 сьнежня.21 сакавіка яму дадуць крымінальную справу для вывучэньня. Спадар Вус ужо назваў сфальшаванымі шэраг дакумэнтаў з гэтай справы і паабяцаў іх дасканала вывучыць ды адбергнуць у судзе: "Я ім сказаў, што ёсьць здымкі, як я прыйшоў на плошчу і што там рабіў. Што я прыйшоў як грамадзянін Беларусі, каб выказаць сваю пазыцыю адносна фальсыфікацыі выбараў. Распавёў, як гэта адбываецца, на якіх узроўнях. Як ідзе фальсыфікацыя старшынямі вучастковых камісій, як прымушаюць старшыні выканкамаў займацца фальсыфікацыямі. Паўтарыў сваю пазыцыю пра тое, што патрабуе ўдасканаленьня выбарчы закон, каб выбары былі незалежнымі, каб пратаколы падліку галасоў падпісваліся незалежнымі сябрамі камісій. Паўтарыў маю пазыцыю. І распавёў, як прайшоўся па плошчы і сышоў дамоў і што мяне ніхто не затрымліваў. А мне цяпер інкрымінуюць нібыта узброены супраціў міліцыі ды яшчэ і заклікі да масавых непарадкаў! Але ж гэтага нічога не было!"

Паводле Дзьмітрыя Вуса, яму і перад выстаўленьнем абвінавачаньня прапаноўвалі даць паказаньні супроць Мікалая Статкевіча, абяцаючы перавесьці яго у статус сьведкі. Прадпрымальнік адмовіўся: "Проста я разумею, што сьледчыя атрымалі загад, каб найхутчэй стварыць справу. Бо яны ўсе баяцца, бегаюць, "хутчэй-хутчэй, у суд", а ў фактах разьбірацца не жадаюць. У выніку ў маёй справе шмат дакумэнтаў, як я лічу, проста сфальшаваных. Будзем з адвакатам у іх разьбірацца, пісаць пратэсты. Хай у пракуратуры вывучаюць і прымаюць захады". Вус мяркуе, што праз некалькі гадоў сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі зьменіцца і "разум пераможа".

Сваякі Мікалая Статкевіча не выключаюць, што ягоная справа таксама з пачатку гэтага тыдня будзе перададзеная для азнаямленьня. Аднак невядома пазыцыя самога Мікалая Статкевіча – ці будзе ён знаёміцца з матэрыяламі справы. Зь першых дзён зьняволеньня Мікалай Статкевіч цалкам адмаўляўся ад кантактаў са сьледзтвам і цягам болей за 10 дзён трымаў галадоўку пратэсту. У любым выпадку з матэрыяламі справы будзе знаёміцца адвакат палітыка Тацяна Станкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG