Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Брусэлі на сустрэчы міністраў замежных справаў Эўрапейскага Зьвязу мае быць прынятае рашэньне аб пашырэньні сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забараняецца ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Чакаецца, што эўрапейскія міністры ў сьпіс уключаць яшчэ амаль два дзясяткі тых беларускіх судзьдзяў і пракурораў, якія разглядалі справы супраць прадстаўнікоў апазыцыі. Таксама маюць быць унесеныя ў чорны сьпіс і кіраўнікі ВНУ, якія адлічваюць студэнтаў за палітычную актыўнасьць.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць, што пашырэньне сьпісу неўязных беларускіх чыноўнікаў цалкам заканамернае, бо ўлады Беларусі дагэтуль ня выканалі асноўнае патрабаваньне эўрапейцаў – ня вызвалілі палітвязьняў: "Патрабаваньні Эўразьвязу і іншых міжнародных арганізацыяў, таксама генэральнага сакратара ААН беларускімі ўладамі ігнаруюцца. Працэсы над асобамі, якія затрыманыя пасьля 19 сьнежня, працягваюцца. Іх асуджаюць на вялікія тэрміны пазбаўленьня волі. Прычым, я лічу, што гэтыя рашэньні маюць незаконны характар. Ніякіх масавых беспарадкаў не было, і ніякіх доказаў гэтага ў суд не прадстаўлена. Працягваюцца затрыманьні людзей, новыя фігуранты справы зьявіліся. Працягваецца ціск на іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці – незалежных журналістаў, праваабаронцаў. Таму я падтрымліваю такія захады Эўразьвязу. Я думаю, калі мы атрымаем у краіне 50 палітвязьняў , якія будуць сядзець у турмах, то рэакцыя Эўразьвязу павінна быць іншай і абмяжоўвацца ня толькі сьпісамі неўязных, а і іншымі санкцыямі".

Віталь Рымашэўскі -- адзін з кандыдатаў на прэзыдэнта -- абвінавачаны па справе аб масавых беспарадках, знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Ён адзначыў, што пашырэньне сьпісу неўязных – гэта хутчэй мера псыхалягічнага ўзьдзеяньня, якая ня будзе мець нейкіх значных практычных наступстваў. Да таго ж, у гэтым сьпісе няма шэрагу імёнаў мясцовых чыноўнікаў, якія парушаюць закон.

Віталь Рымашэўскі кажа: "Пашырэньне сьпісу, як і сам сьпіс, я ня думаю, што істотна паўплываюць на сытуацыю ў Беларусі. Гэта хутчэй такі сыгнал беларускім уладам, магчыма, беларускаму грамадзтву, што Захад салідарны, заходнія палітыкі салідарныя, чарговы сыгнал Эўразьвязу беларускім уладам, што яны не задаволеныя тым, што адбываецца ў Беларусі".

Дар'я Корсак, жонка асуджанага на чатыры гады турмы ўзмоцненага рэжыму ўдзельніка акцыі 19 сьнежня Аляксандра Атрошчанкава не ўспрымае візавыя абмежаваньні як сапраўдныя санкцыі: "Гэта больш як сымбаль, як знак таго, што Эўразьвяз сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, для большай адказнасьці людзей, якія цяпер робяць рэпрэсіі над беларусамі. Але казаць, што гэта сапраўдная санкцыя, якая можа ўплываць на сытуацыю, я ў гэта ня веру. У мяне да прыкладу выклікала абурэньне, што ў гэтым сьпісе не было імя сьледчага, які вёў справу майго мужа. Ці людзей, якія праводзілі вобшукі ці допыты са мной. Я лічу, неабходна, каб яны таксама былі ў гэтым сьпісе. І гэта тычыцца шмат іншых людзей, якія ў гэты сьпіс не трапілі".

31 студзеня сёлета Рада міністраў замежных справаў Эўрапейскага Зьвязу забараніла ўезд на сваю тэрыторыю 158 беларускім чыноўнікам на чале з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі сталі адказам на рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG